Прошел слет пионерских дружин

Беларусь засталася адзінай краінай на ўсёй постсавецкай прасторы, дзе і сёння школьнікаў прымаюць у піянеры.
Напярэдадні дня піянерскага сяброўства, які ў нашай краіне адзначаецца 19 мая, у Астраўцы прайшоў раённы піянерскі злёт, удзельнікамі якога сталі піянерскія дружыны з усіх школ раёна.

Збор  піянераў  быў аб’яўлены  ля  помніка Леніну.  Затым  калона  дзяцей  і  педагогаў  у суправаджэнні аўтамабіляў дзяржаўтаінспекцыі  і  духавога  аркестра  школы мастацтваў    накіравалася да помніка савецкім воінам і партызанам. Менавіта тут прайшоў урачысты мітынг, на якім слова для выступлення і віншавання з піянерскім  святам  было прадастаўлена старшыні  раённай арганізацыі  Беларускага грамадскага  аб’яднання ветэранаў Расціславу Арсенцьевічу  Герту, старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталлі Уладзіміраўне  Сянюць і галоўнаму спецыялісту аддзела адукацыі Наталлі Іосіфаўне  Станкевіч.
Тут жа 169 школьнікаў былі прыняты ў рады беларускай  рэспубліканскай  піянерскай арганізацыі – ім павязалі піянерскія гальштукі, а яны пакляліся на вернасць радзіме.
Свята піянерыі прадоўжылася раённым конкурсам  прафесійнага  майстэрства  педагогаў-арганізатараў  “Майстэрства  і творчасць”, арганізатарам якога выступілі аддзел  адукацыі,  раённы  савет  БРПА  і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Папярэдне педагогам неабходна было прайсці завочны,  адборачны  этап.  У  выніку  ў фінал    трапілі  толькі  чатыры  педагогі-арганізатары.
Раённы конкурс складаўся з некалькіх этапаў.  Да  пачатку  мерапрыемства педагогі  прадастаўлялі  партфоліо піянерскай дружыны, якое ўключала не толькі звесткі пра педагога і інфармацыю пра дружыну, але і шмат цікавых распрацовак і  фотаздымкаў.
Завочным быў і конкурс фотакалажоў –  іх  удзельнікі  мерапрыемства  таксама прадастаўлялі да пачатку мерапрыемства.
Яшчэ  адным  этапам  раённага  конкурсу стала  афармленне  старонкі БРПА  на  сайтах    устаноў адукацыі.
І  вось  прэтэндэнты  на  перамогу – педагогі-арганізатары гімназіі  №1 Святлана Аляксандраўна Баўтрэль,  Гудагайскай СШ  Марына Генрыхаўна Шаблоўская,  Альхоўскай  СШ    Рэната Францаўна  Салавей  і  Гервяцкай  школы  Вольга Станіславаўна Чубрык – падымаюцца на святочна ўпрыгожаную сцэну. Перш,  чым атрымаць запаветную перамогу і стаць лепшым педагогам-арганізатарам,  неабходна пераадолець некалькі выпрабаванняў. Першае з іх – візітная картка. Кожны расказваў пра сябе і сваю дзейнасць – і ў кожнага гэта было па-свойму, але ва ўсіх – захапляюча, цікава і непаўторна.
У  наступным  конкурсе  –  творчай  прэзентацыі  –  педагогам  дапамагалі  іх малодшыя сябры – піянеры. Атрымалася весела і патрыятычна.
Самым цікавым падаўся конкурс-экспромт “Заўсёды  гатовы!”.  Кожнаму  ўдзельніку прапанавалі заданне, якое неабходна было выканаць на сцэне. Хтосьці праводзіў гульню, нехта арганізоўваў  флэшмоб і рэкламу піянерскай дыскатэкі,  камусьці трэба было прыдумаць,  чым заняць дзяцей у паўзе, якая з’явілася падчас правядзення мерапрыемства. Настаўнікі сапраўды аказаліся гатовымі да такіх нечаканасцей – і цудоўна справіліся са сваімі задачамі, за што і атрымалі найвышэйшыя балы.
Апошнім этапам творчага конкурсу стала абарона праекта піянерскай дружыны.
Зрабіць гэта трэба было цікава і творча, каб удзельнічаць у ім захацелі не толькі дзеці, але  і дарослыя.
І вось усе конкурсы пройдзены – засталося толькі падлічыць балы і выбраць лепшага педагога. У выніку першае месца было прысуджана педагогу-арганізатару Гервяцкай школы Вользе Станіславаўне Чубрык, другое месца заняла малады спецыяліст Альхоўскай школы Рэната Францаўна Салавей, трэцяе журы прысудзіла педагогу-арганізатару  Гудагайскай  школы  Марыне Генрыхаўне Шаблоўскай. А Святлана Аляксандраўна Баўтрэль атрымала дыплом за лепшае афармленне старонкі БРПА на сайце гімнгазіі №1.
Усе  педагогі-арганізатары  былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі ад  раённай  арганізацыі  Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.


_____________________


Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Івана ПЕТРЫКА.