Прокуратура контролирует соблюдение трудовых прав граждан
Адным з накірункаў дзейнасці органаў пракуратуры з'яўляецца нагляд за выкананнем працоўных правоў грамадзян. Законнасць забяспечваецца як шляхам разгляду паступаючых зваротаў грамадзян аб парушэнні заканадаўства, так і шляхам мэтавых праверак суб'ектаў гаспадарання, правядзення праватлумачальнай работы.Апошнім часам у пракуратуру раёна сталі прыходзіць скаргі грамадзян на нявыплату або няпоўную выплату заробку. Але падчас праверкі высвятлялася, што работнік нават не падпісваў працоўны дагавор ці кантракт. Замест гэтага подпіс работніка красаваўся пад грамадзянска-прававым дагаворам.
Напрыклад, грамадзянін Г. паведаміў, што з чэрвеня гэтага года працаваў маляром у будаўнічым управленні «Гроднапрамбуд-Атам». Пасля таго як з верасня заробак пачалі плаціць нерэгулярна і ў няпоўным памеры, вырашыў звольніцца. Аднак службовыя асобы наймальніка паведамілі Г., што ён не быў прыняты на працу, пагэтаму грошай, як гэта водзіцца, не далі.
Падчас пракурорскай праверкі было ўстаноўлена, што з Г. у чэрвені наймальнікам быў заключаны дагавор падраду тэрмінам да 31.06.2015 г. Пасля гэтага работнік, не падпісваючы ніякіх дакументаў, працягваў разам з усімі работнікамі хадзіць на працу, выконваючы па загаду наймальніка тую ці іншую работу і атрымліваючы за гэта грошы.
Такім чынам, мы можам гаварыць пра фактычны допуск работніка да працы без належнага афармлення працоўных адносін, што прыраўноўваецца да працы па бестэрміноваму працоўнаму дагавору.
А паколькі Г. пасля звароту ў пракуратуру адмовіўся ад прапановы службовых асоб наймальніка «заднім чыслом» падпісаць дагаворы падраду за наступныя месяцы працы, то зараз ён мае права звярнуцца ў суд і спагнаць з наймальніка грошы не толькі за выкананую працу, але і за затрымку канчатковага разліку пры звальненні ў памеры сярэднядзённага заробку за кожны дзень такой затрымкі.
Справа ў тым, што асобныя арганізацыі замест заключэння працоўных дагавораў ці кантрактаў практыкуюць заключэнне з работнікамі грамадзянска-прававых дагавораў. Назвы такіх дагавораў на паперы ў кожным канкрэтным выпадку могуць адрознівацца: дагавор падраду, дагавор на выкананне пэўнай працы або аказанне паслуг і г.д.
Адбываецца гэта хутчэй за ўсё з-за няўмення наймальніка граматна афармляць працоўныя адносіны з выпрабавальным тэрмінам – прасцей прапанаваць работніку падпісаць грамадзянска-прававы дагавор і ў выпадку нездавальняючай працы апошняга спыніць з ім адносіны.
Часта грамадзяне падпісваюць па прапанове наймальніка грамадзянска-прававыя дагаворы, не разумеючы сутнасці і асаблівасцяў будучай працы.
Трэба ведаць, што такі работнік не ўключаецца ў штат наймальніка і не падпарадкоўваецца правілам унутранага працоўнага распарадку. Ён можа самастойна планаваць свой працоўны час, а таксама прыцягваць да выканання сваёй працы іншых асоб.
Па-другое, аплата за працу пры грамадзянска-прававой форме адносін выконваецца толькі за пэўны вынік працы: няма выніку – не будзе і аплаты.
Па-трэцяе, тэрміны выплаты грашовага ўзнагароджання вызначаюцца выключна дагаворам, але ж на практыцы большасць наймальнікаў выплачваюць яе ў дзень выплаты заробку іншым работнікам.
Па-чацвёртае, работнік, які працуе на падставе грамадзянска-прававога дагавора, менш абаронены перад наймальнікам у параўнанні з «паўнавартасным» работнікам: ён рызыкуе ў любы момант па ініцыятыве наймальніка страціць працу, а ў выпадку затрымкі выплаты грашовай узнагароды за выкананую працу – і прэтэндаваць на выплату сярэднядзённага заробка за кожны дзень затрымкі канчатковага разліку пры звальненні.
Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што нават падпісаўшы грамадзянска-прававы дагавор, можна ў судзе ўстанавіць факт працоўных адносін: доказамі будуць з'яўляцца выкананне пастаяннай работы, падначаленне правілам унутранага працоўнага распарадку, атрыманне грашовай узнагароды разам з атрыманнем заробку іншымі работнікамі і г.д.
Таксама варта памятаць, што на асоб, якія працуюць на падставе грамадзянска-прававых дагавораў, распаўсюджваюцца патрабаванні Указа Прэзідэнта №314 «Аб некаторых мерах па абароне правоў грамадзян, якія выконваюць работу па грамадзянска-прававых і працоўных дагаворах». Указам устаноўлены абавязак наймальніка не толькі забяспечваць бяспечныя ўмовы працы, але і выплачваць страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва – праца па грамадзянска-прававому дагавору такім чынам будзе залічвацца ў працоўны стаж.
--------------------------------
Дзмітрый Дамарад, намеснік пракурора раёна.
