Профилактику лесных пожаров рассмотрели во время единого дня информирования на базе отдела пограничной службы "Гудогай"
Напрыканцы сакавіка на базе аддзела пагранічнай службы “Гудагай” прайшоў адзіны дзень інфармавання насельніцва, падчас якога супрацоўнікі пагранаддзела, вучні патрыятычна-прававога класа Гудагайскай СШ і прадстаўнікі працоўных калектываў змаглі бліжэй пазнаёміцца з нюансамі прыродаахоўнага, ляснога заканадаўства і атрымаць адказы на цікавячыя пытанні.Выступленне інжынера па ахове і абароне лесу Астравецкага лясгаса Андрэя Аляксандравіча Шыкаўца тычылася двух пытанняў: аховы дзяржаўнага ляснога фонду і прафілактыкі лясных пажараў.
Андрэй Аляксандравіч спачатку распавёў пра надзённыя клопаты працаўнікоў лясной аховы, новаўвядзенні ў ажыццяўленні аховы ляснога фонду, працэдуру так званага “жывёльнага перапісу”, а пасля перайшоў да злабадзённага пытання – прафілактыкі лясных пажараў.
– Мінулы год быў вельмі пажаранебяспечным. У рэспубліцы згарэла 16 тысяч гектараў лесу. Каб зразумець маштабы здарэння, уявіце, што ў радыусе 30 кіламетраў няма ніводнага дрэва. На тэрыторыі нашага раёна летась былі зафіксаваны толькі чатыры ўзгаранні. Сёлета на ўзбраенні лясной аховы з’явіўся спецыяльны ўсюдыход, – адзначыў Андрэй Аляксандравіч. – Каб сумная статыстыка не паўтарылася, памятайце, што распальваць вогнішча можна толькі ў прыстасаваных для гэтага месцах. А выпальваць сухую расліннасць катэгарычна забараняецца.
Прысутныя задалі інжынеру па ахове і абароне лесу шмат пытанняў, якія тычыліся самастойнай нарыхтоўкі бярозавага соку і драўніны на корані, засмечанасці лясоў і збору ягад “камбайнамі” .
Намеснік начальніка аддзела пагранічнай службы “Гудагай” па ідэалагічнай рабоце Сяргей Юр’евіч Філатаў нагадаў усім правілы знаходжання ў пагранічнай зоне і расказаў пра адказнасць за іх парушэнне.
Алена ЮРКОЙЦЬ.
