Проект "Окно в мир" Островецкого территориального центра социального обслуживания населения получил поддержку Министерства иностранных дел Республики Польша
Грант больш чым на 19 тысяч еўра выйграў праект Астравецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва «Акно ў свет».2012 год стаў адпраўным пунктам супрацоўніцтва Астравецкага тэрытарыяльнага цэнтра з грамадскімі арганізацыямі, якія займаюцца дабрачыннасцю. Менавіта тады дырэктар цэнтра Віктар Іосіфавіч Ждановіч сумесна з тагачасным начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Святланай Мікалаеўнай Івановай наладзілі сувязі з таварыствам «Памяць». Дзякуючы гэтаму ў раён былі прывезены вельмі неабходныя для асобных жыхароў раёна сродкі рэабілітацыі. Супрацоўніцтва працягвалася і пазней.
А нядаўна Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча праводзіла конкурс дабрачынных праектаў, паўдзельнічаць у якім вырашыў і Астравецкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, хоць на яго падрыхтоўку ў супрацоўнікаў цэнтра заставалася літаральна пару дзён.
– Распрацоўкай праекта заняліся загадчыцы аддзяленняў дзённага знаходжання маладых інвалідаў Святлана Казіміраўна Куцько і тэрміновых сацыяльных паслуг Ірына Станіславаўна Пашкевіч. Сёння на тэрыторыі раёна пражывае 60 маладых інвалідаў. Для вырашэння іх надзённых праблем пры тэрытарыяльным цэнтры было адкрыта аддзяленне, асноўная задача якога – садзейнічанне ў сацыяльна-бытавой, працоўнай і псіхалагічнай рэабілітацыі, – расказвае дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Віктар Іосіфавіч Ждановіч. – На жаль, сярод маладых інвалідаў 12 чалавек могуць перамяшчацца толькі на калясцы, прычым 4 з іх пражываюць у вёсках раёна. І з-за недахопу сродкаў рэабілітацыі гэтыя людзі не могуць весці актыўнае жыццё, наведваць наша аддзяленне і рэалізоўваць свае планы.
Менавіта вырашэнне гэтых праблем і было пакладзена ў аснову праекта тэрытарыяльнага цэнтра.
І, да радасці супрацоўнікаў тэрытарыяльнага цэнтра і наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, праект прайшоў экспертызу і быў падтрыманы Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча.
– Гэты праект дазволіць нам не толькі набыць неабходныя сродкі рэабілітацыі: шматфункцыянальныя медыцынскія ложкі, крэслы-каляскі, хадункі, матрацы – для людзей, якія маюць у іх патрэбу, але і міні-ўстаноўку для вырабу свечак, – расказвае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Святлана Казіміраўна Куцько. – Гэта забяспечыць нашых выхаванцаў пэўнай работай і як вынік – дадатковым заробкам.
Рэалізацыю праекта «Акно ў свет» плануецца ажыццявіць за паўгода. Аднак супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра спадзяюцца, што двухбаковыя сувязі будуць прадоўжаны.
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
