Продолжаем знакомиться с талантливыми школьниками Островетчины

олимпиада школьнаяСёлета на абласных прадметных алімпіядах “засвяцілася” 12 школьнікаў з гімназіі №1, СШ №1, Міхалішкаўскай сярэдняй школы і Падольскага НПК.

Пра некаторых з іх “Астравецкая праўда” ўжо расказвала. Сёння мы працягваем знаёміць нашых чытачоў з юнымі алімпіёнікамі Астравеччыны. Кожнаму з іх мы задалі пяць аднолькавых пытанняў, і вось якія пачулі адказы.

  1. Як узнікла цікавасць да алімпіяды, і з чаго вы пачынаеце падрыхтоўку да яе?

  2. Якія патрабаванні да вучня прад’яўляе настаўнік?

  3. У чым складальнікі вашага поспеху?

  4. Што вы адчувалі, калі даведаліся пра вынікі алімпіяды?

  5. Чым займаецеся пасля школы? Пра што марыце?


олимпиадники СидаровичВікторыя Сідаровіч, 11 клас гімназіі №1, уладальніца Дыпломаў І ступені на абласной і рэспубліканскай алімпіядах па грамадазнаўству

  1. У алімпіядзе па грамадазнаўству мне прапанавала паўдзельнічаць Ганна Мар’янаўна Алёхна. Да гэтага да ўсіх прадметаў я адносілася аднолькава. Хаця з пачатковай школы і з’яўляюся выдатніцай, аднак тое, што вучыцца вельмі важна, зразумела дзесьці ў 9 класе. Што датычыцца алімпіяды, то мне заўсёды падабалася чытаць, потым узнікла жаданне пісаць штосьці самой – напрыклад, эсэ на тэмы грамадскіх адносінаў, жыцця людзей – гэта вельмі дапамагае на алімпіядзе па грамадазнаўству. Мне, па праўдзе кажучы, больш падабаецца рыхтавацца самастойна, але я, безумоўна, кансультуюся са сваім педагогам, мы разам шукаем адказы на складаныя заданні. На жаль, адным з этапаў алімпіяды з’яўляецца тэсціраванне, якое я не люблю. А яшчэ, акрамя матэрыялаў з падручніка, трэба ведаць многае з эканомікі, паліталогіі і іншых дысцыплін.

  2. Усе залежыць ад узаемаадносін настаўніка і вучня. Калі вучань лянівы, настаўніку трэба падштурхоўваць яго. Да таго ж, настаўнік павінен быць дарадчыкам і памочнікам.

  3. Не люблю гаварыць пра сябе. А яшчэ не люблю, калі мяне выдзяляюць сярод іншых – у нашай гімназіі шмат таленавітых вучняў. Алімпіяда не заўсёды паказвае, наколькі ты разумны. Вельмі часта гэта нават не поспех, а шанцаванне. Напрыклад, на рэспубліканскай алімпіядзе мне трапілася заданне, якое я некалі бачыла: пашанцавала. А яшчэ на алімпіядзе трэба трымаць сябе ў руках, быць цярплівым, спакойным і настойлівым. Вось з гэтым у мяне праблемы.

  4. Па праўдзе кажучы, я была здзіўлена, бо ведала патэнцыял тых, хто ўдзельнічаў у алімпіядзе, і была ўпэўнена, што яны валодаюць большымі ведамі, чым я. Тое, што я стала першай на абласной алімпіядзе, здзівіла. А Дыплом І ступені на рэспубліканскай алімпіядзе стаў прыемным сюрпрызам. Ганна Мар’янаўна вельмі ўзрадавалася маёй перамозе. А мама, тата і сястра ганарацца мной.

  5. Пасля школы я рыхтуюся да экзаменаў і да цэнтралізаванага тэсціравання. Хоць па грамадазнаўству я ўжо маю 100 балаў, збіраюся здаваць гісторыю Беларусі, англійскую і рускую мовы. Але ў мяне хапае часу на стасункі з сябрамі, люблю праводзіць час у інтэрнэце. Мару пра стварэнне цікавага ўласнага праекта – у мяне шмат планаў. Хочацца заняцца такой дзейнасцю, якая стане любімай справай усяго жыцця. У будучым малюецца вясёлае і цікавае студэнцкае жыццё, у якім будзе час на падарожжы і навуковыя адкрыцці.


олимпиадники АнимуцкаяВераніка Анімуцкая , адзінаццацікласніца гімназіі №1, уладальніца Дыплома ІІ ступені на абласной алімпіядзе па нямецкай мове

  1. Цікавасць да нямецкай мовы ў мяне ўзнікла яшчэ ў дзяцінстве – з маленства я чула яе з матуліных вуснаў. Мама і стала першай маёй настаўніцай па гэтаму прадмету. А потым у пятым класе гімназіі яго ў нас выкладала Ала Францаўна Мацкевіч, пазней – Ніна Рыгораўна Свіла. І з пятага класа я стала ўдзельнічаць у алімпіядах – на раёне заўсёды займала прызавыя месцы. І ўжо трэці раз удзельнічала ў абласной алімпіядзе. Я вельмі ўдзячна ўсім маім педагогам, якія давалі веды і аказвалі падтрымку.


Алімпіяда па нямецкай мове – адна з найбольш складаных: трэба не толькі ведаць граматыку, але і разумець носьбітаў замежнай мовы, і ўмець выказваць свае думкі – падрыхтоўка займае шмат часу. Затое цяпер я не баюся экзамену за 11 клас і цэнтралізаванага тэсціравання па нямецкай мове. Часам здаецца, што я ўжо думаю па-нямецку.

  1. Настаўнік павінен быць строгім. Калі ён дасць паслабленне, то нічога не атрымаецца – у большасці выпадкаў. Але ў той жа час ён павінен разумець вучня – і мне ў гэтым сэнсе пашанцавала на маіх педагогаў.

  2. Я – мэтанакіраваная і таварыская. Люблю падарожнічаць, мне падабаецца сустракацца з новымі людзьмі. Пакуль што я вывучаю толькі нямецкую мову, але ў планах – авалоданне кітайскай і англійскай. Мой поспех – гэта настаўнікі, вера ў мяне маіх бацькоў, а таксама маё імкненне і вера ў сябе.

  3. Я вельмі ўзрадавалася, калі атрымала дыплом на абласной алімпіядзе. А калі даведалася, што паеду на рэспубліку, узніклі хваляванне і страх. Але з часам гэта прайшло.

  4. Вольны час стараюся прысвяціць падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, удзельнічаю ў гульні “Што? Дзе? Калі?”, сустракаюся з сябрамі, праводжу час з сям’ёй, люблю чытаць і падарожнічаць. Мару пра паступленне. Было прыемна, калі мне прыслалі персанальнае запрашэнне на паступленне ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Спадзяюся, што паступлю – і атрымаю добрую прафесію. А там, хто ведае, які падарунак паднясе лёс.


олимпиадники МельгуйАнгеліна Мельгуй, вучаніца 10 класа гімназіі №1, уладальніца Дыплома ІІІ ступені па грамадазнаўству

  1. У алімпіядзе па грамадазнаўству я ўдзельнічала другі раз – сёлета пашанцавала заняць у раёне першае месца і трапіць на вобласць, дзе мае веды таксама былі высока ацэнены. Ужо цяпер мы з Ганнай Мар’янаўнай рыхтуемся да алімпіяды, якая пройдзе ў наступным годзе. Мне дапамагло тое, што я займалася разам з Вікай Сідаровіч, якая дзялілася вопытам і ведамі.

  2. Мне здаецца, што ў нас з Ганнай Мар’янаўнай раўнапраўе і поўнае разуменне. І адносіны ў нас сяброўскія.

  3. Мае сябры і родныя лічаць, што я – мэтанакіраваная, а таксама сціплая і сарамлівая. Люблю чытаць і іграць на фартэпіяна. Мне падабаецца спяваць. А мой поспех – у падтрымцы, якую аказваюць сябры і блізкія, а таксама ў зацікаўленасці выбраным прадметам, сіле волі і веры ў сябе.

  4. Калі побач падчас алімпіядных тураў прысутнічае настаўнік, адчуваеш палёгку, і здаецца, што ўсё праходзіць больш проста і лёгка. Пасля пройдзеных выпрабаванняў кожнаму хацелася раней даведацца пра свой вынік – аднак толькі на наступны дзень вывесілі ўсе вынікі іспытаў – і я даведалася, што заваявала на абласной алімпіядзе Дыплом ІІІ ступені. Адчула радасць. Патэлефанавала маме, якая сказала, што заўсёды верыла ў мяне. Было прыемна.


А потым мяне ўключылі ў рэзерв абласной каманды – я ездзіла на зборы, пазнаёмілася там з цудоўнымі педагогамі і таленавітымі школьнікамі. Гэта быў неацэнны вопыт.

  1. Я жыву звычайным жыццём беларускіх падлеткаў: раблю ўрокі, чытаю мастацкую літаратуру і зноў жа рыхтуюся да алімпіяды. А што датычыцца мары, то хацелася б добра закончыць школу, паступіць ва ўніверсітэт і знайсці сваё месца ў жыцці.


олимпиадники КлимченяЛізавета Клімчэня , адзінаццацікласніца сярэдняй школы №1, уладальніца Дыплома ІІІ ступені на абласным этапе алімпіяды па фізіцы

  1. Упершыню на алімпіяду я трапіла выпадкова. Было гэта ў сёмым класе. Многія мае аднакласнікі ўдзельнічалі ў алімпіядах па розных прадметах. І калі ў сёмым класе Людміла Чаславаўна Корвель прапанавала паспрабаваць сябе ў фізіцы, я згадзілася. На абласную алімпіяду ўпершыню трапіла ў 9 класе – і прывезла грамату. Сёння са мной займаецца Уладзімір Іосіфавіч Барысевіч і трэнер Галіна Віктараўна Внуковіч.

  2. У першую чаргу настаўнік сам павінен быць добра падрыхтаваным, умець растлумачыць матэрыял і зацікавіць заданнямі. Ды і без патрабавальнасці нічога не атрымаецца. Зацікаўленымі ў выніку павінны быць і настаўнік, і вучань. Мае педагогі валодаюць усімі пералічанымі якасцямі – напэўна, таму я дыплом і атрымала. А яшчэ нельга здавацца і адчайвацца, калі штосьці не атрымалася. Варта памятаць, што многае ў жыцці залежыць ад шанцавання.

  3. Акрамя вывучэння прадметаў, якія спатрэбяцца пры паступленні, займаюся грамадскай дзейнасцю: з’яўляюся членам вучнёўскага самакіравання, дапамагаю педагогам у арганізацыі школьных мерапрыемстваў, удзельнічаю ў конкурсах – напрыклад, праект па экалогіі, які мы рыхтавалі з Машай Русецкай, быў адзначаны дыпломам. Каб быць паспяховай, трэба валодаць ведамі і шанцаваннем. А яшчэ не абысціся без падтрымкі сяброў, настаўнікаў і бацькоў.

  4. Алімпіяды загартоўваюць, вучаць пераадольваць цяжкасці. Ты пачынаеш разумець, што калі будзеш старацца, то і вынік будзе.


Алімпіяда доўжыцца чатыры дні, аднак ужо напрыканцы трэцяга вывешваюцца вынікі ўсіх этапаў. На гэты раз чакаць давялося да 12 гадзін ночы. Мы – я і Артур Петрулевіч, які ўдзельнічаў у алімпіядзе па  астраноміі, – вельмі ўзрадаваліся, калі ўбачылі свае вынікі. Але, напэўна, больш за нас радавалася Галіна Віктараўна Внуковіч.

  1. Пасля школы наведваю факультатывы, рыхтую ўрокі на наступны дзень, удзельнічаю ў арганізацыі пазакласных мерапрыемстваў. Калі застаецца вольны час, чытаю, гляджу фільмы і гуляю з сяброўкамі па гораду. Далёка наперад я не зазіраю – хаця хочацца, канешне, паступіць і праявіць свае здольнасці. Спадзяюся, што ў будучым стану добрым спецыялістам.


олимпиадники КравцовДзмітрый Краўцоў, 10 клас СШ №1, грамата на абласным этапе алімпіяды па англійскай мове

  1. Мне падабаюцца многія прадметы, аднак англійская мова і літаратура, а таксама гісторыя гэтай краіны – найбольш.


Англійскую мову мы вывучалі з 2 класа, а ў пятым Ларыса Іванаўна Шаўчэнка прапанавала займацца больш сур’ёзна. З таго часу на раённай алімпіядзе ў мяне пастаянна прызавыя месцы. Алімпіяднікі Ларысы Іванаўны штогод уваходзяць у тройку прызёраў на раённым этапе. Да алімпіяды мы рыхтуемся на працягу ўсяго года – на факультатыве і дадатковых занятках. Гэта цікава і захапляльна.

  1. Ларыса Іванаўна – патрабавальны настаўнік, але яна дае нам трывалыя веды. Так і павінна быць, таму што без патрабавальнасці педагога не будзе ні ведаў, ні дысцыпліны. У той жа час настаўнік павінен даваць вучню свабоду пры выбары заданняў – і важна, каб яны былі не толькі на веды, але і на развіццё кругагляду.


Ларыса Іванаўна – таленавіты педагог, і ўрокі, якія яна праводзіць, заўсёды цікавыя і непадобныя да іншых.

  1. Я не заўсёды адказна падыходжу да выканання заданняў, але стараюся выконваць усё па-максімуму. Магчыма, крыху перашкаджае лянота, але я стараюся ад яе пазбавіцца.


Акрамя англійскай мовы займаюся геаграфіяй, матэматыкай і хіміяй – мяне цікавяць не толькі гуманітарныя навукі, але і дакладныя. А яшчэ я ўпэўнены, што важную ролю адыгрывае вера ў сябе.

  1. Атмасфера на абласной алімпіядзе крыху напружаная – адчуваецца канкурэнцыя. Асноўны кантынгент удзельнікаў – ліцэісты і гімназісты. Вельмі дапамагала, што побач была Ларыса Іванаўна – яна настройвала мяне псіхалагічна.


Па традыцыі алімпіяда складаецца з некалькіх этапаў – пісьмовага, калі неабходна прадэманстраваць веды па граматыцы, аўдзіравання і вуснага выказвання. На апошнім мне трапілася тэма пра Беларусь – і я расказваў пра нашу краіну, наш прыгожы горад, яго будаўніцтва, развіццё і архітэктурную спадчыну. Вынікам свайго ўдзелу ў абласным этапе алімпіяды я задаволены. Парадавалася за мяне і Ларыса Іванаўна.

  1. Пасля школы я наведваю факультатывы, рыхтуюся да цэнтралізаванага тэсціравання па англійскай мове і матэматыцы. У вольную хвіліну люблю пачытаць, прычым не толькі праграмныя творы. Дома ў нас добрая бібліятэка – можна выбраць штосьці для душы.


Я яшчэ не вызначыўся, з якой прафесіяй звяжу сваё жыццё, аднак упэўнены, што веданне англійскай мовы не будзе лішнім.

-------------------------------


Алена Ярашэвіч.