Продолжаем знакомиться с победителями и призёрами областного этапа республиканской олимпиады
Працягваем знаёміць нашых чытачоў з пераможцамі і прызёрамі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды. Сёння ў гасцёўню “Астравецкай праўды” мы запрасілі гімназістаў Ангеліну Пятровіч, Вераніку Анімуцкую, Аляксея Казлоўскага і школьніцу з Падольцаў Аляксандру Папкову.
Ангеліна Пятровіч – пераможца абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі
Вучыцца Ангеліне падабалася заўсёды. Праўда, спачатку ўсе яе інтарэсы былі скіраваны на гісторыю і геаграфію.
А потым у сёмым класе пачаўся новы прадмет – хімія. І да вучняў прыйшоў новы настаўнік – Віталій Тадэвушавіч Стаціна. Менавіта ён і зацікавіў дзяўчыну хіміяй. Ужо ў восьмым класе яна паспрабавала свае сілы на раённай алімпіядзе – і вынік атрымаўся даволі добры. Потым была абласная алімпіяда, падчас якой Ангеліна стала другой, зборы – і проба сіл на рэспубліканскай алімпіядзе. Але тады, нягледзячы на стараннасць і падрыхтоўку, пакарыць рэспубліканскі Алімп у дзяўчыны не атрымалася.
– На алімпіядзе я была самай малодшай. І трапіць у лік фіналістаў у мяне не атрымалася. Але я аб тым не шкадую – я набыла вопыт, які сёлета мне вельмі спатрэбіцца.
У гэтым годзе да алімпіяды Ангеліну рыхтаваў другі настаўнік – Таццяна Анатольеўна Круглікава. Але і Віталій Тадэвушавіч не забываў пра сваю выхаванку. У кожную вольную хвіліну ён прыязджаў у Астравец і разбіраў з Ангелінай практычныя заданні, звязваўся з ёй па скайпу і тлумачыў незразумелыя заданні.
– І я вельмі ўдзячна і Віталію Тадэвушавічу, і Таццяне Анатольеўне за дапамогу і падтрымку падчас падрыхтоўкі да алімпіяды і ў час яе правядзення.
Алімпіяду ў раёне Ангеліна выйграла з лёгкасцю, а ў вобласць ехала з хваляваннем.
– Адказнасць была вельмі вялікая. Паколькі я выступала другі раз, то ўсе: і бацькі, і настаўнікі, і аднакласнікі – спадзяваліся на маю перамогу. Ды я і сама разумела, што на гэты раз проста абавязана трапіць у лік пераможцаў. Як потым аказалася, у гэта верылі ўсе, праўда, мне пра гэта не гаварылі. Напэўна, падсвядома верыла ў гэта і я.
Заданні на абласной алімпіядзе, канешне, былі больш складаныя, чым у раёне. Але да іх дзяўчына была гатова. Тым больш што на гэты раз яна была адной з тых, хто пра алімпіяду ведаў не толькі па чутках. І ў выніку дзевяцікласніца гімназіі №1 Ангеліна Пятровіч стала лепшай у вобласці на прадметнай алімпіядзе па хіміі. Па рэйтынгу яна была другой, але атрымала Дыплом І ступені.
– Што адчувала? Ужо да ўзнагароджвання мы пралічылі, што я выходжу на Дыплом І ступені. Таму ніякіх сюрпрызаў не было. Была толькі радасць і жаданне на гэты раз даказаць усім, што я чагосьці вартая.
Ангеліна прымала ўдзел у алімпіядных зборах, якія праходзілі ў Гродна. Тут з фіналістамі – а іх аказалася 16 – на працягу двух тыдняў займаліся педагогі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дапамагаў рыхтаваць удзельнікаў алімпіяды і педагог-трэнер, выхадзец з Астравеччыны, які цяпер працуе ў Гродна, Віталій Тадэвушавіч Стаціна.
– Працаваць даводзілася шмат. Кожны дзень па чатыры пары, працягласць якіх складала паўтары гадзіны, і абавязковыя дамашнія заданні, якія трэба было выконваць, – расказвае Ангеліна. – Але на зборах сабраліся тыя вучні, якім было цікава вучыцца і адкрываць для сябе нешта новае і невядомае.
На працягу гэтага тыдня Ангеліна ўдзельнічала ў рэспубліканскай алімпіядзе. І магчыма, у гэтую хвіліну яна змагаецца за сваю чарговую ўзнагароду. А далейшае жыццё дзяўчына думае звязаць з хіміяй – пасля 9 класа плануе паступаць у ліцэй БДУ.
Ангеліна ўпэўнена, што дасягнуць поспеху можна толькі тады, калі будзе сумесная праца настаўніка і школьніка. Пры гэтым жаданне вучня вучыцца павінна стаяць на першым месцы.
Вераніка Анімуцкая – уладальніца Дыплома ІІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове
Сціплая, але працавітая і мэтанакіраваная, гімназістка Вераніка Анімуцкая сёлета абараняла гонар раёна на абласной алімпіядзе па нямецкай мове. Дзяўчына, якая вучыцца ў 9 класе, выступала за 10 клас, паказала годныя веды і атрымала за сваю працавітасць і стараннасць Дыплом ІІІ ступені.
Многія астраўчане ведаюць Вераніку як адну з удзельніц вакальнага калектыву “Эдэльвейс”. Музыка для дзяўчынкі – адно з хобі, якім яна займаецца з пяці гадоў. Тады яна яшчэ не хадзіла ў школу, але ўжо стаяла на вялікай сцэне і вітала ўдзельнікаў педагагічнай канферэнцыі. Потым былі заняткі ў музычнай школе па класу фартэпіяна, выступленні з “Эдэльвейсам”, шматлікія музычныя конкурсы і перамогі розных узроўняў.
У алімпіядах дзяўчына ўдзельнічала з 6 класа і штогод займала на іх першыя месцы. Але на абласны этап трапіла ўпершыню – рэспубліканская алімпіяда па нямецкай мове пачынаецца з 10 класа.
Восенню мінулага года адміністрацыя гімназіі №1 Астраўца прапанавала Вераніцы і яе настаўніцы Ніне Рыгораўне Свіла паспрабаваць свае сілы ў раённай алімпіядзе – менавіта тады і было прынята рашэнне выставіць кандыдатуру дзевяцікласніцы на алімпіяду па нямецкай мове за 10 клас.
– Мы займаліся кожны дзень пасля ўрокаў, а затым яшчэ і дома. У школе дапамагала настаўніца, а дома, калі была такая неабходнасць, мама – яна выкладае нямецкую мову ў Альхоўскай школе, – расказвае Вераніка.
Нямецкую мову Вераніка таксама пачынала вывучаць у Альхоўскай школе. З пятага класа яна вучыцца ў гімназіі №1. Клас, у які прыйшла дзяўчынка, вывучаў англійскую мову. Больш таго: уся паралель пятых класаў на той час таксама вучыла англійскую. А Вераніка вырашыла працягваць удасканальваць нямецкую мову, якая прыйшлася ёй вельмі даспадобы. І займалася з настаўнікам, можна сказаць, індывідуальна. Спачатку гэта была Ніна Рыгораўна Свіла, потым – Ала Францаўна Мацкевіч, а потым зноў Ніна Рыгораўна, якая і рыхтавала сёлета дзяўчыну да алімпіяды.
– Алімпіяда праходзіла ў тры туры. Спачатку пісьмовая работа або лексіка-граматычны тэст, затым – вуснае выказванне і аўдзіраванне, – расказвае Вераніка. – Было вельмі страшна. Па-першае, на абласную алімпіяду я трапіла ўпершыню і не ўяўляла, як і што праходзіць. А па-другое, сабраліся вучні-дзесяцікласнікі, і сярод іх адна я – дзевяцікласніца. Розніца – год, але для ведаў па прадмеце гэта вельмі шмат. І таму сваім вынікам я задаволена.
Дарэчы, нямецкую мову дзяўчына вывучае не толькі дома і ў школе. Два гады запар яна наведвае летнік “Мост нямецкай мовы і культуры”, удзельнікамі якога з’яўляюцца студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і вядучых універсітэтаў Швейцарыі, Германіі і Аўстрыі.
А напярэдадні Новага года дзяўчына атрымала шыкоўны падарунак ад сваіх бацькоў – падарожжа ў Германію: Дрэздэн, Берлін і Патсдам, наведванне іх знакамітых галерэй і замкаў, а яшчэ – экскурсіі на сапраўднай нямецкай мове.
Вераніка і пасля ўдзелу ў алімпіядзе не адпачывае, а гэтак жа старанна працягвае засвойваць лексіку і граматыку нямецкай мовы. І планаў у дзяўчыны шмат: у гэтым годзе яе чакае яшчэ адно выступленне на раённай алімпіядзе, магчыма, наведванне летніка нямецкай мовы. А ў бліжэйшай будучыні яна плануе вывучыць яшчэ якую-небудзь замежную мову і паступіць на перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. І верыцца, што мары Веранікі абавязкова збудуцца!
Аляксей Казлоўскі – дыпламант ІІІ ступені абласной алімпіяды па тэхнічнай працы
З узнагародай вярнуўся з алімпіяды па тэхнічнай працы гімназіст-дзевяцікласнік Аляксей Казлоўскі.
Вясёлы і жыццярадасны, адказны і старанны, Аляксей вучыцца ў дзявятым класе. За школьныя гады ён некалькі разоў удзельнічаў у алімпіядзе па фізіцы. Праўда, на вобласць не праходзіў. Калі ж у мінулым годзе настаўнік тэхнічнай працы Леанід Віктаравіч Казак прапанаваў Аляксею паспрабаваць свае сілы ў тэхнічнай працы, хлопец не адмовіўся. Праўда, тады ён не заняў прызавога месца на раёне і на вобласць не прайшоў.
Сёлета Леанід Віктаравіч зноў прапанаваў Аляксею паўдзельнічаць спачатку ў школьным этапе алімпіяды, затым у раённым, дзе Аляксей стаў лепшым. Як вынік – на зімовых канікулах юнак і яго педагог адправіліся пакараць абласны Алімп.
Алімпіяда па тэхнічнай працы складалася з трох тураў. Першым было практычнае заданне. Здаецца, нічога складанага – тым не менш непадрыхтаванаму справіцца з задачай было б нялёгка. За тры гадзіны Аляксею і іншым канкурсанатам неабходна было зрабіць каня з металу на драўлянай падстаўцы.
– Табе даюць памеры, неабходныя інструменты і матэрыял. І ты працуеш. Ніякіх складанасцей няма, калі ўсё гэта ведаеш і гэтым займаўся, – расказвае Аляксей.
Наступным этапам ішла абарона праекта. Аляксей прадаставіў на суд журы журнальны столік і падрабязна расказаў як, з якіх матэрыялаў і з дапамогай якіх інструментаў ён яго рабіў.
Трэці этап – тэарэтычны. Падчас яго неабходна было прадэманстраваць веды па прадмеце. А ўлічваючы, што тэхнічная праца ў гімназіі заканчваецца ў восьмым класе, працаваць над тэорыяй хлопцу давялося шмат.
У выніку Аляксей прынёс нашаму раёну і гімназіі №1 Астраўца Дыплом ІІІ ступені.
– Многія адносяцца да тэхнічнай працы не зусім сур’ёзна. Але я ўпэўнены, што амаль усім юнакам і мужчынам веды і навыкі, атрыманыя на ўроках працы, вельмі дапамогуць у жыццці.
Наконт удзелу ў алімпіядзе па працы ў наступным годзе Аляксей пакуль што не задумваецца і сціпла адказвае: “Прапануюць – паеду!” А сваё жыццё юнак збіраецца ўсё ж звязаць з фізікай.
Кім ён стане, пакуль што невядома. А тое, што спецыяліст з яго атрымаецца добры, меркаваць можна ўжо сёння.
Аляксандра Папкова, дзесяцікласніца Падольскага НПК на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове атрымала Дыплом ІІІ ступені
Аляксандра Папкова – незвычайная дзяўчына. Яна робіць толькі тое, што ёй падабаецца. А падабаецца ёй многае. Напрыклад, яна робіць цудоўныя фотаздымкі.
– Тэлефон заўсёды са мной – і камера ў 8 мегапікселей дапамагае рабіць якасныя фота, – расказвае Саша.
З дзяцінства Аляксандра захапляецца чытаннем – дарэчы, чытаць яна пачала ў тры гады!
– Я цудоўна помню такі момант з дзяцінста: сяджу ў мамы на каленях і паказваю на малюнкі, якія мама мне называе. А цяпер увогуле: я і кніга – неразлучныя сябры.
А потым Аляксандра пайшла ў школу і, можна сказаць, упершыню пачула беларускую мову – дома ўсе размаўлялі па-руску. І палюбіла яе. А калі ў пятым класе беларускую мову стала выкладаць Тамара Іосіфаўна Качкан, дзяўчынка проста закахалася – і ў прадмет, і ў настаўніцу.
З таго часу яна штогод удзельнічала ў раённых алімпіядах па беларускай мове. І штогод займала прызавыя месцы.
Калі ж сёлета ёй пашанцавала стаць лепшай у раёне і з’явілася перспектыва трапіць на абласную алімпіяду, радасці Аляксандры не было канца.
– Я дачакацца не магла, калі стануць вядомы дадзеныя рэйтынгавага адбору, і вельмі ўзрадавалася, што прайшла “на вобласць”, – расказвае Саша. – Дарэчы, на мой погляд, заданні абласной алімпіяды былі нават лягчэйшыя, чым у раёне. А можа, мне проста пашанцавала?
Алімпіяда па беларускай мове складалася з трох этапаў. І на кожным з іх канкурсантаў падсцерагалі складанасці і цяжкасці.
– Першы этап – вуснае выказванне. Мне вельмі хацелася выступаць першай – і ўжо тады, калі я выцягнула першы нумарок, адчула сябе больш упэўнена. А калі затым выцягнула тэму, то аказалася, што расказваць давядзецца пра маці, – я ўвогуле ўзрадавалася. Не выклікаў цяжкасцей і водгук на верш Юрася Свіркі, у якім падымалася чарнобыльская тэма.
Сваё выказванне Аляксандра пабудавала ў выглядзе дыялогу з галоўным рэдактарам раённай газеты Нінай Рыбік, якая пра чарнобыльскія праблемы ведае не па чутках. І за свой водгук атрымала 26 балаў з 30 магчымых.
Больш складаным аказаўся лінгвістычны конкурс – але і з ім Аляксандра справілася. І ў выніку атрымала Дыплом ІІІ ступені.
Пра будучае дзяўчына не загадвае, але і ў наступным годзе таксама збіраецца ўдзельнічаць у алімпіядзе.
Увогуле Саша – рознабаковы чалавек. Аказалася, што яна не “чысты гуманітарый”, нягледзячы на тое, што піша вершы. Ёй гэтак жа падабаюцца і дакладныя дысцыпліны – інфарматыка, матэматыка, фізіка. Ды і паступаць дзяўчына плануе ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, хоча стаць праграмістам мабільных сістэм.
А на маё ўдакладненне, што спецыяльнасць гэтая больш мужчынская, чым жаночая, Саша зазначае: “Дык завуць жа мяне Саша, і тата больш марыў пра сына, чым пра дачку!”
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
