Причиной семейного насилия в большинстве случаев оказывается алкоголь

Знешне спакойны вечар заканчваецца грознай навальніцай са шквалам абвінавачванняў,  лямантам і ўдарамі… Не грому, а самымі сапраўднымі ўдарамі кулакоў, пад якімі сціскаецца ад болю цела.


Як правіла, у большасці выпадкаў асноўная прычына сямейнага насілля – злоўжыванне спіртнымі напоямі. Праблема барацьбы з алкагалізмам і яго вынікамі – адна з самых драматычных. Сям’я – гэта сістэма, у якой усе члены ўзаемазвязаны і ўплываюць адзін на аднаго. І праблема аднаго з іх становіцца бядой для астатніх. Алкагалізм мужчыны з’яўляецца стрэсам для яго жонкі і дзяцей, састарэлых бацькоў. Жыццё становіцца неспакойным і пастаянна мяжуе з нецвярозым выбуховым настроем аматара выпіць. Злоўжыванне алкаголем адмоўна ўплывае і на генетыку: у бацькоў, якія выпіваюць, дзеці нараджаюцца непаўнацэннымі, недаразвітымі.

На жаль, галоўнай асаблівасцю сем’яў, дзе жывуць алкаголікі, з’яўляецца насілле. Праўда, далёка не заўсёды яно праяўляецца ў адкрытай форме: знешнія ўвага і клопат на самой справе аказваюцца жорсткім кантролем і празмернай апекай. Няма шчырых размоў – а толькі правілы, якія нельга парушаць. А выпадкі не-паслухмянасці выклікаюць злосць і агрэсію – у ход ідуць здзекі, лаянкі, пабоі. Сям’я, дзе пануе алкагольная залежнасць, – гэта сям’я з кантрастнымі правіламі, занадта вольнымі ці, наадварот, строгімі – і часта родныя людзі становяцца заклятымі ворагамі.

Сумна, але часцей за ўсё члены сям’і стараюцца схаваць, у якіх умовах жывуць з алкаголікам, імкнучыся нікому не паказваць, што адбываецца на самой справе, і стварыць ілюзію нармальнай сям’і. У выніку іх жыццё пабудавана на выдумцы, і яны з часам самі не могуць разабрацца, дзе праўда, а дзе падман. Толькі гэта не выратоўвае сям’ю, не вылечвае ад алкагалізму, не змяншае агульных пакут. І штодзённыя боязь і страх паўтараюцца зноў і зноў – з дня ў дзень, з года ў год… Пакуль адзін з іх не знойдзе сілы сказаць сабе “Хопіць!” Альбо пакуль усё не закончыцца трагедыяй…


----------------------------

А. Врублеўская, урач-нарколаг.