Предметную эстафету приняли на "ура"
На працягу тыдня ў сярэдняй школе №1 праходзіла эстафета вучэбных дысцыплін, у якой прынялі ўдзел самыя актыўныя, таленавітыя і ініцыятыўныя школьнікі і педагогі.– З гэтага года школа стала працаваць у першую змену. І заканамерна ўзнікла пытанне: чым заняць школьнікаў у другой палове дня? – расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Уладзіславаўна Чыжэўская. – Ідэю падказалі старшакласнікі – менавіта з іх прапановы і ўзнікла эстафета вучэбных дысцыплін. Галоўнымі памочнікамі пры яе арганізацыі сталі ўдзельнікі навуковага таварыства і прадметных алімпіяд.
Эстафета вучэбных дысцыплін па чалася з інтэліяды «Супрацьстаянне розумаў», у якой прынялі ўдзел школьнікі розных узростаў. На мерапрыемства запрасілі і бацькоў тых вучняў, якія дасягнулі пэўных поспехаў у інтэлектуальным і алімпіядным рухах, – яны атрымалі падзячныя пісьмы.
– Прадметныя тыдні арганізуюцца ў кожнай школе. Мы ж вырашылі сёлета адысці ад традыцыйных мепрапрыемстваў і кожнаму прадмету выдзеліць адзін дзень – і на працягу яго праводзіць акцыі, гульні, круглыя сталы. Усе мерапрыемствы праходзілі цікава і весела, – працягвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.
Віктарыны, інтэлектуальныя марафоны, брэйн-рынгі, шоу для разумнікаў, турніры, гульні, славесныя марафоны і лінгвістычныя кросы, тэатралізаваныя прадстаўленні і падарожжы – сумаваць не было калі.
Эстафета вучэбных дысцыплін закончылася спартыўным святам «Мы разам» – яно аб'яднала вучняў з малодшых і да выпускных класаў. Падчас яго школьнікі не толькі бегалі і скакалі – ім давялося адказваць на пытанні, вучыцца апранаць дзіця, карміць яго з лыжачкі і ўдзельнічаць у шэрагу іншых цікавых конкурсаў.
Усе мерапрыемствы тыдня заканчваліся ўзнагароджваннем – і гэта быў яшчэ адзін стымул стаць іх удзельнікамі.
– Рабяты праводзілі ў школе цэлы дзень – з раніцы да вечара, і ніхто не хацеў ісці дадому. А гэта галоўная ўзнагарода для арганізатараў. Эстафетай вучэбных дысцыплін зацікавіліся нават тыя, хто напачатку не праяўляў ініцыятывы. А старшакласнікі, якія былі не толькі ўдзельнікамі, але і самі арганізоўвалі некаторыя мерапрыемствы эстафеты, ужо сёння прыходзяць да настаўнікаў з новымі ідэямі. І я веру, што многія з іх мы разам зможам ажыццявіць, – упэўнена Таццяна Уладзіславаўна.---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
