Праздничные линейки с поздравлениями и подарками завершили учебный год в школах Островецкого района

Апошнія лінейкі прайшлі ва ўсіх школах раёна – на лета рабяты развіталіся з настаўнікамі. Цёплыя словы віншаванняў у адрас школьнікаў і настаўнікаў, кветкі, музы¬ка, развітальны званок… І, канешне, падарункі.

Сёлета, зрэшты, як і ў мінулым годзе, у рамках рэспубліканскай акцыі “Падары дзіцяці футбольны мяч” прадстаўнікі Белаграпрамбанка сумесна з Беларускай федэрацыяй футбола парадавалі першакласнікаў спартыўнымі падарункамі – мячамі. Іх атрымалі 126 рабят з усіх сельскіх школ Астравеччыны.
Але і гарадскія школьнікі не засталіся без спартыўных падарункаў. У СШ №1 і гімназіі №1 камплекты мячоў уручыў школам аддзел фізкультуры, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама. Такія ж мячы цяпер ёсць і ў Спондаўскай сярэдняй школе – юныя спартсмены гэтай установы атрымалі іх ад раённага аддзела за актыўнае развіццё спорту і фізічнай культуры.
Раённы камітэт грамадскага аб’яднання БРСМ не пакінуў без увагі гімназістаў – пераможцы гімназічных конкурсаў “Лепшы вучань года” і “Лепшы клас года” былі ўзнагароджаны памятнымі падарункамі ад гэтай грамадскай арганізацыі.
З цёплымі словамі віншавання і падарункамі завіталі ў Спондаўскую і Альхоўскую школы прадстаўнікі Астравецкага лясгаса.
Выдатнікі атрымалі грашовыя прэміі ад сваіх шэфаў – сельгаспрадпрыемстваў. Так, праўленне РУП “Саўгас Падольскі” ўзнагародзіла выдатнікаў Рытанскага і Падольскага НПК – яны атрымалі прэміі ў памеры 5 базавых велічынь.
СВК “Міхалішкі” ўручыў грашовую ўзнагароду выдатніцы Міхалішкаўскай школы Ганне Валадзько. Не з пустымі рукамі прыехалі яго прадстаўнікі ў Спондаўскую школу – тут былі ўручаны прэміі вучням, якія ў летні перыяд працавалі ў сельгаскааператыве.
СВК “Гудагай” не пакінуў без увагі выдатнікаў Мальскага НПК – тут чатыры школьнікі атрымалі да канца навучальнага года матэрыяльную дапамогу. Грашовыя прэміі выдатнікам вучобы ад сельгаскааператыва былі ўручаны і ў Гудагайскай школе. Больш таго: матэрыяльную дапамогу тут атрымалі і юныя спартсмены – Алег Золатаў і Алеся Сцефановіч, а таксама дзеці, якія вучэбны год закончылі на 8-10 і бацькі якіх працуюць у сельгаскааператыве.
Грашовую прэмію праўленне сельгаскааператыва “Гудагай” уручыла таксама настаўніцы працоўнага навучання гэтай школы Таццяне Уладзіміраўне Грыва, чые вучні неаднаразова з’яўляліся
пераможцамі шматлікіх конкурсаў, а яна сама па выніках работы стала “Настаўнікам года” Гудагайскай школы.
СВК “Варняны” – спонсар ажно трох школ. І ў кожную з іх наведаліся яго прадстаўнікі. 36 школьнікаў Варнянскага НПК, выдатнікі і пераможцы алімпіяд, атрымалі прэміі ад праўлення сельгаскааператыва. Іх узнагароды атрымалі таксама выдатнікі і пераможцы алімпіяд Варонскай і Трокеніцкай школ. Акрамя таго, сёлета СВК “Варняны” арганізаваў конкурс малюнкаў, прысвечаны працы ў калгасе, – дзеці малявалі жыццё вёскі і сваіх бацькоў, за што былі аддзячаны падарункамі.
СВК “Варняны” ўстанавіў таксама грашовыя прэміі педагогам, якія праявілі сябе на працягу вучэбнага года – у Варнянскай школе такія падарункі атрымалі Наталля Генрыхаўна Адула, Валянціна Андрэеўна Боўша, Людміла Аляксандраўна Гродзь і Вольга Анатольеўна Хвесечка. Грашовую прэмію ад СВК “Варняны” атрымалі таксама настаўніцы Трокеніцкай базавай школы Яўгенія Тадэвушаўна Таргонская і Варонскай школы Тамара Паўлаўна Філіповіч.
СВК “Гервяты” таксама штогод віншуе выдатнікаў вучобы. У Гервяцкай школе такіх сёлета было ажно 18 – і ўсе яны атрымалі прэміі па 5 базавых велічынь. Такія ж грашовыя прэміі ад гэтага сельгаскааператыва атрымалі вучні Дайлідскай школы і Рымдзюнскіх школ з беларускай і літоўскай мовамі навучання.
Ды і адміністрацыя не пакінула без увагі сваіх вучняў. Так, у Міхалішкаўскай СШ з фонду школы прэмію ў памеры 2 базавыя велічыні атрымала прызёр абласной алімпіяды Настасся Стэх. Падарункі ад адміністрацыі Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай на¬вучання атрымалі ўдзельнікі прадметных алімпіяд.
На святочную лінейку ў Рымдзюнскую школу з літоўскай мовай навучання прыехаў пасол Літоўскай Рэспублікі ў нашай краіне Эвалдас Ігнатавічус – у падарунак школьнікам і педагогам ён прывёз вялікі торт з літоўскай сімволікай і наборы цукерак.
Але самы вялікі “ўраджай” падарункаў на апошняй лінейцы сабралі вучні і настаўнікі Гудагайскай СШ. Добры сябар школы, кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Світанак-Л” Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі падарыў школе ламінатар. А заснавальнік ААТ “ТэхнаПласт” Ян Піткун у падарунак вучням і настаўнікам прывёз некалькі спартыўных трэнажораў на 10 мільёнаў рублёў. Па добрай традыцыі з віншавальным канцэртам у школу завітаў аркестр Смаргонскай пагранічнай групы.


--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.


Фота з сайта fdino.vlsu.ru.