Пра школы, садкі, адпачынак і цэнтралізаванае тэсціраванне

пыталіся бацькі ў начальніка аддзела адукацыі падчас “Прамой лініі”.


На “Прамую лінію” з начальнікам аддзела адукацыі Віктарам Віктаравічам Млечка, якая прайшла 13 ліпеня, званкоў паступіла не шмат. Яно і зразумела: сярэдзіна лета, усе адпачываюць і ў школу пакуль што не збіраюцца. Тэлефанавалі самыя адказныя і зацікаўленыя бацькі.


Званок ад жыхаркі вёскі Міхалішкі Наталлі Ярмак паступіў напярэдадні “Прамой лініі”. Яна расказала, што некалькі гадоў назад дзіцячы садок у вёсцы Міхалішкі закрылі, дзяцей пачалі падвозіць у Альхоўку, абгрунтоўваючы гэта тым, што тут  пабудаваны тыпавы будынак. Наталля цікавілася, ці будзе сёлета праведзены ў Альхоўскім дзіцячым садку рамонт ацяпляльнай сістэмы – зімой там  пастаянныя праблемы з тэмпературным рэжымам. А таксама жанчыну цікавіла, ці плануецца замяніць у садку вокны і адрамантаваць дах, бо з-за таго, што ён цячэ, на сценах з’явілася плесня.


–          Праблему даху і тэмпературнага рэжыму ў Альхоўскім садку мы  ведаем. Сёлета наконт Альхоўкі ў аддзела адукацыі былі амбіцыёзныя планы – увага была б удзелена і школе, і дзіцячаму цэнтру развіцця дзіцяці – менавіта так называецца гэтая дзіцячая ўстанова. Але… З-за збегу абставін сёлета вырашыць гэтую праблему хутчэй за ўсё не атрымаецца. Адзінае, што там удасца зрабіць – правесці касметычны рамонт памяшканняў. Але ад праблем, якія існуюць у Альхоўцы,  мы не адмахваемся і пры наяўнасці грашовых сродкаў у наступным годзе правядзём там рамонт.


Бацькі вучняў Спондаўскай школы гаварылі пра тое, што па іх вёсцы “паплылі” чуткі, нібыта школу сёлета закрыюць, а дзяцей будуць падвозіць у Падольцы. Таму і пыталіся, верыць такой інфармацыі ці можна не непакоіцца?


–          Гэта ўсяго толькі чуткі. Які сэнс закрываць Спондаўскую школу? У мінулым годзе там быў праведзены частковы рамонт даху, колькасць дзяцей не скарацілася і ў бліжэйшыя гады, згодна са спісамі ўліку дзяцей, скарачацца не будзе. Таму хвалявацца бацькам  не трэба. Ні сёлета, ні наступныя пяць гадоў школу ніхто закрываць не збіраецца.


Іншая справа, што будынак школы ў Спондах таксама патрабуе рамонту – добра было б прывесці ў парадак санвузлы, харчблок, спартыўную залу. Але гэта ў планах на наступныя гады.


Бацькоў вучняў пачатковых класаў, якія вучацца ў гімназіі №1 г.п. Астравец, турбавала пытанне  зменнага абутку. Каб дзецям пераабуцца, у чаргу ў гардэроб трэба станавіцца два разы: спачатку забраць пакет са зменным абуткам, пераабуцца, а потым яго здаць. Абутак захоўваецца ў пакетах, а зімой і восенню, як правіла, дзіцячыя боцікі брудныя і могуць запэцкаць верхняе адзенне, якое вешаюць на пакет з абуткам. Да таго ж  абслугоўвае дзяцей толькі адна гардэробшчыца і чэргі ўзнікаюць немалыя.


–          Праблема такая сапраўды існуе. І пра яе я таксама ведаю. Да гэтага абутак дзяцей захоўваўся ў класах, дзе яны вучыліся. Уявіце, якія пахі там стаялі?! Я здзіўляюся, чаму тады ніхто не ўздымаў гэтую праблему? Канешне, ідэальны варыянт – набыццё шафаў для захоўвання абутку, але гэта зноў грошы, якіх пакуль што няма. Яшчэ лепшы варыянт – асобны гардэроб для вучняў пачатковай школы. Але пакуль што ва ўсіх школах праблема зменнага абутку вырашаецца толькі так, з дапамогай  пакетаў. Адзінае, што можна зрабіць у гімназіі №1 – гэта дабавіць яшчэ адну гардэробшчыцу. У любым выпадку гэтае пытанне я вазьму на кантроль –  што-небудзь пастараемся прыдумаць.


– Хацелася б даведацца, ці можна яшчэ набыць пуцёўкі ў летнік “Ластаўка”?


–          27 ліпеня ў “Ластаўцы” пачнецца чацвёртая змена – апошняя ў сёлетнім сезоне. Але яшчэ ёсць магчымасць набыць пуцёўкі ў гэты летнік. Цэны на іх засталіся на тым жа ўзроўні, што і на папярэднія,  і вагаюцца ў залежнасці ад узросту ад 158700 да 186060 на васямнаццаць дзён. Дарэчы, кошт пуцёвак у нас, у  параўнанні з суседнімі раёнамі, значна ніжэйшы. Каб набыць пуцёўкі, неабходна звярнуцца ў аддзел адукацыі або патэлефанаваць па нумары 20-7-10 і атрымаць поўную інфармацыю. А потым ехаць у летнік і адпачываць.


–          Звяртаюся да вас ад імя бацькоў выпускнікоў Варнянскай школы. Нашы дзеці, ды, зрэшты, і не толькі нашыя, а ўсе выпускнікі –  здавалі цэнтралізаванае тэсціраванне па трох прадметах.  Разумеем, што гэта ад вас не залежыць, але хацелася б, каб у выпускнікоў была магчымасць выбіраць больш прадметаў, каб падстрахавацца ў выпадку  непаспяховай здачы якога-небудзь прадмета. Ці не маглі б вы звярнуцца ў вышэйшыя інстанцыі з нашай прапановай?


–          Вельмі добра, што вы разумееце, што колькасць прадметаў, якія выпускнікі здаюць на цэнтралізаваным тэсціраванні, ад начальніка аддзела адукацыі не залежыць. Дзякуй вам за ўзнятае пытанне. Мы можам  накіраваць вашу прапанову ў Міністэрства адукацыі і праінфарміруем вас аб выніках.


На “Прамой лініі” дзяжурыла Алена ЯРАШЭВІЧ.