Повышение пенсионного возраста и 30-летие со дня аварии на Чернобыльской АЭС - этим темам посвятили день информирования населения в Островецком районе
“Дзяржаўная палітыка занятасці ў Рэспубліцы Беларусь. Удасканальванне пенсійнага забеспячэння грамадзян”, “Чарнобыль 30 гадоў пасля. Ад пераадолення вынікаў аварыі да дынамічнага развіцця пацярпеўшых раёнаў” – гэтым тэмам быў прысвечаны чарговы дзень інфармавання, які прайшоў у Астравецкім раёне на мінулым тыдні.Інфармацыйная група пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Эдуардаўны Тальчук наведалася ў Гервяты. У актавай зале адміністрацыйнага будынка сельгаскааператыва сабраліся не толькі супрацоўнікі СВК “Гервяты” і Гервяцкага сельвыканкама, але і прадстаўнікі лясніцтва, амбулаторыі, Рымдзюнскай і Гервяцкай сярэдніх школ, аддзелаў культуры і народнай творчасці, жыхары навакольных вёсак.
Аб павелічэнні пенсійнага ўзросту і занятасці грамадзян у Астравецкім раёне прысутным расказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вольга Станіславаўна Свіла.
– Рашэнне аб павелічэнні пенсійнага ўзросту прынята зусім нядаўна, але мы ўжо падрыхтавалі падрабязную табліцу, хто і калі пойдзе на пенсію ў бліжэйшыя гады – усе жадаючыя могуць з ёй азнаёміцца, – адзначыла Вольга Станіславаўна. – Што тычыцца занятасці, то зараз у нас на 43 зарэгістраваных беспрацоўных існуе 483 вакансіі. Канешне, большую частку з іх прадстаўляюць арганізацыі, задзейнічаныя на будаўніцтве Беларускай АЭС. Мы ж, у сваю чаргу, адпраўляем на вучобу па тых спецыяльнасцях, якія найбольш запатрабаваныя на рынку працы – арматуршчыкі, муляры, зваршчыкі.
Аб трагедыі 30-гадовай даўнасці – аварыі на Чарнобыльскай АЭС – і жыцці перасяленцаў расказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук:
– Беларусь моцна пацярпела ад Чарнобыльскай аварыі, аднак дзяржаўныя ўлады шмат зрабілі і зараз робяць для аздараўлення людзей і ачышчэння забруджанай тэрыторыі. Робіцца ўсё магчымае, каб рэаніміраваць пацярпеўшыя землі: праводзяцца пастаянныя даследаванні глебы, а вырашчаныя культуры праходзяць шматразовую экспертызу.
– Я сама адношуся да так званых “чарнобыльцаў” і добра памятаю той дзень: было цёпла і сонечна, людзі садзілі агароды, у тым ліку і мае родныя, я якраз знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку, – успамінае Ірына Эдуардаўна Тальчук. – Канешне, спачатку нам нічога не сказалі, толькі праз некаторы час людзі даведаліся праўду. Сталі вывозіць жывёлу, у людзей штодзень бралі на даследаванне кроў, нам выдавалі дазіметры для вымярэння радыяцыі. Рашэнне аб пераездзе было вельмі цяжкім, але неабходным. Разам з іншымі перасяленцамі я трапіла ў Астравец, які за столькі гадоў стаў другой радзімай. Жыццё працягваецца.
Перад прысутнымі выступілі і іншыя члены інфармацыйнай групы. Начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Тамара Аляксандраўна Кацяк расказала, якія аб’екты будуць узведзены ў Астраўцы ў бліжэйшы час. Намеснік галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы па лячэбнай рабоце Уладзімір Часлававіч Мажэйка падзяліўся інфармацыяй аб тым, што будзе ўяўляць сабой новая бальніца і заклікаў клапаціцца і берагчы сваё здароўе. А начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вадзім Іванавіч Салавей пазнаёміў з пажарнай сітуацыяй у раёне і засяродзіў увагу грамадзян на небяспецы палаў сухой травы і спальвання смецця каля сваіх хат – адзін няправільны крок можа каштаваць жылля ці нават чалавечага жыцця.
У Астравецкім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства падчас дня інфармавання выступіў намеснік старшыні праўлення Гродзенскага аблспажыўтаварыства Андрэй Анатольевіч Гаук.У працоўных калектывах арганізацый і прадпрыемстваў раёна дзень інфармавання правялі намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце.
Марына МАЦКЕВІЧ.
