После проверки Комитетом госконтроля пищеблока островецкой СШ №1 виновные понесли наказание
Пасля публікацыі артыкула Камітэта дзяржкантролю “Что в тарелке у школьника и что в подсобке у повара?» (“АП”, 24 кастрычніка 2012 года №83), гэты ж матэрыял пад загалоўкам «Чем питаются островецкие школьники?» з’явіўся на сайце газеты ostrovets.by. У матэрыяле расказвалася аб выніках праверкі Камітэтам Дзяржкантролю харчблока СШ №1, падчас якога былі выяўлены парушэнні санітарных норм і правіл. І літаральна на наступны дзень на сайт газеты паступіў каментарый “Прахожага”, які пісаў: “Хацелася б ведаць, якое пакаранне панеслі вінаватыя ў гэтых парушэннях? Ці як звычайна, вымова і пазбаўленне прэміі на 5 працэнтаў?”
Звычайна такія крытычныя заўвагі мы накіроўваем у арганізацыі, якія адказваюць за ўзнікшыя праблемы. Пытанне “Прахожага” рэдакцыя таксама адаслала ў аддзел адукацыі Астравецкага райвыканкама. І вось які адказ на яго атрымалі:
“13-14 верасня 2012 года Камітэтам Дзяржкантролю Гродзенскай вобласці ў рамках кантролю за станам арганізацыі харчавання была праведзена няпланавая тэматычная праверка харчблока сярэдняй школы №1.
У выніку праверкі выяўлена неадпаведнасць санітарных норм і правіл (у частцы захоўвання прадуктаў харчавання), тэхналогіі прыгатавання страў (макаронныя вырабы адвараныя, шніцаль ялавічны), якія выкарыстоўваліся для харчавання дзяцей. Не забяспечаны на неабходным узроўні ўлік прадуктаў харчавання, своечасовае складанне меню, устаноўлены факты недаўкладання і нявыдачы дзецям прадуктаў.
За выяўленыя парушэнні санітарных норм і правіл, недахопы ў вядзенні дакументацыі пры функцыянаванні харчблока сярэдняй школы №1 да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 14 службовых асоб.
Так, начальніку аддзела адукацыі аб’яўлена вымова, ён пазбаўлены прэміі па выніках квартала. Да супрацоўнікаў аддзела адукацыі таксама прыняты меры дысцыплінарнага ўздзеяння. Галоўнаму спецыялісту, які курыруе пытанні арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі, указана на недастатковы кантроль за дзейнасцю дырэктара школы па забеспячэнні правільнага функцыянавання харчблока, тэхнолаг пазбаўлена прэміі на 30% за кастрычнік бягучага года.
За недахопы ў рабоце харчблока дырэктару СШ №1 аб’яўлена заўвага, яна пазбаўлена прэміі на 50 працэнтаў. Намесніку дырэктара, які курыруе пытанні харчавання, таксама аб’яўлена заўвага. Загадчыцы сталовай аб’яўлена вымова, і ўсе работнікі харчблока за верасень 2012 года пазбаўлены прэміі на 100 працэнтаў”.