"Помоги нам помочь другим!"

8 гадоў назад пры падтрымцы раённай арганізацыі «Беларускае  таварыства Чырвонага Крыжа» і дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва  Віктара Ждановіча была створана валанцёрская  група «Прамень», якую ўзначаліла Ірына Стэх.

Добрыя справы валанцёраў і сёння бачны астраўчанам  і гасцям нашага горада. У любую пару года іх можна сустрэць у гарадскім скверы пры  правядзенні цікавых дабрачынных акцый. Пра тое, як узнікла гэтая група і чым займаюцца рабяты,  мы папрасілі расказаць старшыню раённай арганізацыі «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа» Вольгу Руднік, пад эгідай якой і працуе валанцёрская група «Прамень».

–   Вольга Іосіфаўна, раскажыце,   як узнік  «Прамень».

–  На той час валанцёрскія групы і атрады ўжо існавалі не толькі ў буйных гарадах, але і ў Астравецкім раёне. Аднак створаны яны былі ў  асноўным на базе школ.  У нас  узнікла задумка стварыць валанцёрскую групу з працоўнай  моладзі.  За гэта  ўзялася спецыя-ліст тэрытарыяльнага цэнтра Ірына Стэх, яе  падтрымалі дырэктар тэрытарыяльнага  цэнтра Віктар Ждановіч і я.

Дарэчы, на той час у Гродзенскай вобласці гэта быў першы валанцёрскі атрад, які складаўся з працоўнай  моладзі.

–  А чаму менавіта «Прамень»?

– Хацелася, каб назва была на беларускай мове. А слова «прамень» не толькі прыгожа гучыць –  яно сімвалізуе  праменьчык сонца, які саграе і дорыць надзею.

Сваёй дзейнасцю члены  валанцёрскай групы «Прамень»  апраўдалі сваю назву і за 8 гадоў існавання  падарылі святло і надзею многім з тых,  хто апынуўся ў цяжкай сітуацыі і мог спадзявацца толькі на цуд.

– Валанцёры працуюць абсалютна бясплатна, што ў наш час – рэдкасць. Хто ж гэтыя людзі і чым яны кіруюцца?

–  Ля вытокаў валанцёрскай групы  «Прамень» у  нашым раёне стаялі   Ірына Стэх, Вольга Клімчэня,  Наталля Скачкова і Уладзімір Свіла.   Яны распрацавалі  першыя міні-праекты валанцёрскай дзейнасці і паспяхова іх рэалізавалі – і такім чынам залажылі асновы валанцёрскага руху ў нашым раёне.

Склад валанцёрскай групы пастаянна змяняецца. Але касцяк застаецца. Сёння ў яго ўваходзяць Святлана Куцько, Вольга Клімчэня, Аксана Свірская, Рэната Янульчык, Таццяна Ваховіч –  супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра, якія штодня сутыкаюцца з рознымі праблемамі  людзей.  Амаль кожны дзень ім даводзіцца бачыць бяду – яны ўмеюць адчуваць і браць на сябе  чужы боль. Зараз да нас далучыліся супрацоўнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, яго дырэктар   Вераніка Малышка ўваходзіць у склад актыву.

Нашы валанцёры актыўна супрацоўнічаюць з Гудагайскай і  Міхалішкаўскай  школамі, СШ №1 і гімназіяй №1 г. Астраўца.

Валанцёры – гэта сэрца «Чырвонага Крыжа», а яго душа – гэта сённяшні кіраўнік  «Праменя» Святлана Куцько –  ініцыятыўны, творчы, неабыякавы  чалавек. Вялікі ўклад у развіццё валанцёрскага руху ўносіць дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Віктар Ждановіч, які падтрымлівае ўсе нашы пачынанні.

– Якія з апошніх валанцёрскіх акцый мелі найбольшы рэзананс?

– Іх было шмат,  і пра ўсе  пісала «Астравецкая праўда». Многія мерапрыемствы з падачы нашых  «прамянёўцаў»  перараслі ў абласныя акцыі – напрыклад, флэшмоб «Пераможам курэнне спортам».  А найбольш рэзанансным мерапрыемствам, актыўнымі ўдзельнікамі  якога выступілі  супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра і яны ж –  валанцёры атрада «Прамень», стаў    дабрачынны канцэрт «Выпрастай крылы».

–  Што ці хто  заахвочвае вашых валанцёраў займацца добрымі справамі?

– Мы працуем пад дэвізам «Дапамажы нам дапамагчы іншым». А гэта зусім не проста –  выйсці на вуліцы са скарбонкай, каб папрасіць у прахожых грошы на дапамогу тым, хто мае вострую патрэбу. Некаторыя напачатку гавораць: «Мне лепш даць самому, чым прасіць у некага». Ды і людзі на вуліцах таксама сустракаюцца розныя: у  кагосьці няма настрою,  штосьці здарылася, ім не хочацца размаўляць, не тое што нешта ахвяраваць. Але нашы валанцёры – аптымісты: пры любой рэакцыі  яны ўсміхаюцца і дзякуюць. І я ўдзячна нашым валанцёрам, якія,  нягледзячы на занятасць,  знаходзяць час на добрыя справы. І няважна, якую арганізацыю ты прадстаўляеш, галоўнае – што знаходзіш час і маеш жаданне дапамагчы іншым.

–  Што трэба рабіць  і куды звяртацца, калі з'явілася жаданне стаць валанцёрам?

– У першую чаргу трэба вызначыцца, каму ты хочаш дапамагчы – дзецям з інваліднасцю  ці састарэлым людзям – і чаму ты ўвогуле вырашыў гэтым заняцца? Трэба памятаць, што валанцёрства – нялёгкая справа, якая патрабуе шмат сіл і часу.

Але дапамагаць іншым – патрэба вашай душы, то  варта прыйсці ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ці ў раённую арганізацыю «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа», якая размешчана ў цэнтральнай раённай бальніцы, –  і стаць адным з нас –  тых, хто дапамагае людзям і дорыць ім прамень дабрыні і надзеі.

–  Дзякуй за гутарку, і плёну вашым валанцёрам ва ўсіх пачынаннях і справах.

----------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.