Получены ответы по проблемам воспитания и обучения

1
Праблемы дзіцячых садкоў, школ і паступлення былі ўзняты падчас “Прамой лініі” з начальнікам аддзела адукацыі Віктарам Віктаравічам Млечка.

На “Прамую лінію” з начальнікам аддзела адукацыі Віктарам Віктаравічам Млечка паступіла шэсць тэлефонных званкоў.

На ўсе былі дадзены адказы.

–  Маёй дачцэ ў маі спаўняецца 3 гады. Хацелася б даведацца, ці зможа яна з чэрвеня пайсці ў адзін з гарадскіх садкоў?


–  У Астраўцы праблема з афармленнем дзіцяці ў садок стаіць вельмі востра. Сёння гарадскія ўстановы адукацыі наведваюць 484 дзіцяці пры іх праектнай магутнасці ў 405 месцаў. На 1 мая бягучага года чарга складала 346 дзяцей, з іх 79 – дзеткі трохгадовага ўзросту. Каб вырашыць гэтую праблему, аддзелам адукацыі пачата рэарганізацыя Мальскага дзіцячага сада-базавай школы ў дзіцячы сад-пачатковую школу. Гэта дазволіць адкрыць 5 дадатковых груп – 100 дзетак змогуць пайсці ў садок. З верасня бягучага года будзе арганізаваны падвоз астравецкіх дзяцей у гэтую ўстанову.


Прыём дзяцей у садок ажыццяўляецца і на працягу каляндарнага года. Праўда, толькі пры наяўнасці свабодных месцаў. Паўтаруся яшчэ раз – сёння ўсе дашкольныя ўстановы Астраўца перагружаны, і магчымасці ўладкаваць дзіця ў садок няма. Тым больш, што дзеці могуць наведваць дашкольную ўстанову да таго моманту, пакуль не пойдуць у школу. Гэта значыць, бацькі маюць права забраць дакументы з садка 31 жніўня, а 1 верасня адправіць дзіця ў школу. Таму бацькам, якія жадаюць аддаць дзіця ў садок, давядзецца чакаць да пачатку навучальнага года, калі ў дашкольных установах будзе ажыццяўляцца камплектацыя груп.


–  Які лёс чакае Трокеніцкую базавую школу?


–  На жаль, у Трокеніцкай базавай школе няма належных умоў для арганізацыі навучання і выхавання вучняў. Тут трэба рабіць капітальны рамонт – а несці такія затраты эканамічна немэтазгодна, і таму Астравецкі раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб ліквідацыі гэтай навучальнай установы з 2 верасня бягучага года. Вучні, якія займаліся ў Трокеніцкай школе, змогуць прадоўжыць навучанне ў Варнянскім НПК і Варонскім дзіцячым садзе-пачатковай школе. Для іх будзе арганізаваны падвоз у гэтыя школы.


–  Я працую настаўнікам у сельскай школе і выкладаю не адзін, а некалькі прадметаў. Як часта я павінна павышаць свой прафесійны ўзровень на курсах павышэння кваліфікацыі?


–  Згодна з Палажэннем аб павышэнні кваліфікацыі, стажыроўкі і перападрыхтоўкі работнікаў, павышэнне кваліфікацыі ажыццяўляецца па меры неабходнасці, але не радзей аднаго разу ў 5 гадоў. У той жа час павышэнне кваліфікацыі педагог павінен праходзіць па ўсіх прадметах, якія выкладае ў школе, ці накірунках дзейнасці, па якіх працуе ва ўстанове адукацыі. Таму, калі вы выкладаеце матэматыку, фізіку і інфарматыку, то па кожным з гэтых прадметаў раз у пяць гадоў павінны прайсці курсы павышэння кваліфікацыі.


–  Педагогі нашай школы настойліва праводзяць прафарыентацыйную работу з вучнямі 9 класа і рэкамендуюць дзецям паступаць ва ўстановы прафтэхадукацыі. Ці зможа мой сын прадоўжыць навучанне ў сярэдняй школе, калі яго сярэдні бал – 5,3? (Маці вучня Міхалішкаўскай школы)


–  Пытанне прафарыентацыі – адно з важнейшых накірункаў работы ў школе. У апошнія гады школы арыентавалі сваіх выпускнікоў на паступленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Гэта супадала і з жаданнем большасці бацькоў, і з імкненнямі саміх вучняў. І як вынік, гэта прывяло да дэфіцыту многіх рабочых спецыяльнасцей. Менавіта таму аддзелам адукацыі і педагогамі школ раёна праводзіцца мэтанакіраваная работа сярод школьнікаў і іх бацькоў па павышэнні папулярнасці рабочых прафесій.


Што датычыцца прыёму ў 10 клас, то пакуль на дзяржаўным узроўні не прынята адназначнага рашэння аб тым, што вучні, якія займаюцца на нізкім ці сярэднім узроўні, не змогуць прадоўжыць навучанне ў старэйшых класах. Але на педагагічным савеце, на якім абмяркоўваюцца пытанні завяршэння навучання і выхавання на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі, у абавязковым парадку неабходна абмеркаваць далейшае размеркаванне выпускнікоў 9 класаў для прадаўжэння адукацыі ці працаўладкавання з улікам вынікаў вучэбнай дзейнасці за 9 клас. Таму што праграмы па вучэбных прадметаху 10-11 класах накіраваны на падрыхтоўку выпускніка да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы – адстаючым і нават «сераднячкам» цяжка іх засваіць.


–  Хачу стаць прыёмнай маці. Якія працэдуры для гэтага трэба прайсці?


–  Вельмі ўдзячны вам за такое рашэнне. У нас ёсць банк прыёмных бацькоў, але ён не такі вялікі, як нам хацелася б. Калі вы вырашылі стаць прыёмнай маці, вам неабходна прайсці ў сацыяльна-педагагічным цэнтры курс падрыхтоўкі прыёмных бацькоў, а затым у аддзеле адукацыі напісаць заяву з просьбай утварыць прыёмную сям’ю. Да заявы неабходна дадаць копію пашпарта, даведку аб займаемым жылым памяшканні і складзе сям’і, медыцынскія даведкі аб стане здароўя ўсіх членаў сям’і па форме І здр/у-10, копію пасведчання аб заключэнні шлюбу, згоду мужа на стварэнне прыёмнай сям’і, засведчанную натарыусам, даведку з месца працы аб пасадзе і заработнай плаце.


Хачу нагадаць, што прыёмнымі бацькамі не могуць быць асобы, прызнаныя судом недзеяздольнымі, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў ці абмежаваныя ў бацькоўскіх правах, якія маюць незнятую судзімасць, а таксама бацькі, дзеці якіх мелі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і тыя, якія па стане здароўя не могуць выконваць бацькоўскія абавязкі.


–  У сувязі з тым, што Мальская школа рэарганізуецца ў дзіцячы сад-пачатковую школу, ці зможам мы выбіраць навучальную ўстанову, у якой змогуць прадоўжыць навучанне нашы дзеці? Ці змогуць яны вучыцца ў гімназіі №1? (бацькі вучняў Мальскай школы)


Безумоўна, бацькі маюць поўнае права выбару школы. Школьнікі, якія сёння вучацца ў Мальскім НПК, змогуць прадоўжыць навучанне ў бліжэйшых школах – Варнянскай, СШ №1 і гімназіі №1 Астраўца. Аднак, каб стаць гімназістам, неабходна будзе здаць іспыты. Дакументы для паступлення ў пятыя класы гімназіі падаюцца з 25 мая па 1 чэрвеня. Міністэрствам адукацыі зацверджаны даты здачы экзаменаў. Так, экзамен па рускай мове пяцікласнікі будуць пісаць 3 чэрвеня, па матэматыцы – 5 чэрвеня, па беларускай мове – 7 чэрвеня. Усе экзамены пачнуцца ў 11 гадзін.


Залічэнне ў пятыя класы гімназіі праводзіцца да 12 чэрвеня. У гэтым годзе толькі сорак восем школьнікаў змогуць стаць гімназістамі. Пры залічэнні ў пятыя класы ўлічваюцца і вынікі ўступных іспытаў па трох прадметах, і гадавыя адзнакі па гэтых прадметах, атрыманыя на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Калі сярэдні бал у некалькіх вучняў супадае, то пераважнае права пры залічэнні маюць вучні з больш высокім сярэднім балам гадавых адзнак за чацвёрты клас.


Звяртаюся да бацькоў: не трэба спяшацца забіраць дакументы пасля першага іспыту, калі не атрымалі дастаткова высокую адзнаку. Трэба абавязкова паспрабаваць свае сілы ва ўсіх трох іспытах. Для тых, хто не з’явіўся на ўступны іспыт па адным з вучэбных прадметаў па ўважлівай прычыне, якая падцверджана дакументальна, дазваляецца здаць экзамен у рэзервовы дзень – 10 чэрвеня.


Для паступлення ў 6-11 класы гімназіі пры наяўнасці свабодных месцаў – а сёлета яны будуць, таму што напаўняльнасць у гімназічных класах павялічылася да 24 дзяцей – дакументы можна падаць з 2 чэрвеня па 10 жніўня. Даты для здачы экзаменаў таксама зацверджаны Міністэрствам адукацыі: экзамен па беларускай мове школьнікі змогуць здаць 12 жніўня, па матэматыцы – 14 жніўня, па рускай мове – 16 жніўня – іспыты пачнуцца ў 9 гадзін.


Замежныя грамадзяне, якія пражывалі ў Рэспубліцы Беларусь у год правядзення іспытаў, таксама маюць права ўдзельнічаць у конкурсе – такія школьнікі вызваляюцца ад здачы экзамена па беларускай мове і сярэдні бал вылічваецца без уліку гэтага прадмета.


____________________


На "Прамой лініі" дзяжурыла


Алена ЯРАШЭВІЧ