Поколение, которое не смогло остановиться...

Кожнаму з нас – а падлеткам асабліва – хочацца мець шмат сяброў, з якімі было б цікава. Кожны хацеў бы быць цікавым для іншых. Мы імкнемся выглядаць “сваімі” і больш дарослымі. Для гэтага хлопцы і дзяўчаты стараюцца “ўпісвацца” ў кампаніі і адпавядаць іх патрабаванням. І тады высвятляецца: тыя, з кім цікава, кураць. А калі ты не курыш, дык адно з двух: альбо ты “не дарос” да сапраўднай кампаніі, альбо табе патрэбны іншыя сябры. Калі такіх няма, дык міжволі задумаешся: мо, і сапраўды ўзяць цыгарэтку, каб мець падставу выйсці з усімі “на перакур”?

Мой аднакласнік менавіта так і пачаў курыць. Яму было адзінока, і ён звязаўся з хлопцам, які курыў з малодшых класаў. Нарэшце і аднакласнік вырашыў паспрабаваць. Цыгарэтай яго пачаставаў новы прыяцель. Напачатку аднакласнік  закашляўся. Але прыяцель прапанаваў зрабіць яшчэ адну зацяжку, запэўніваючы, што болей кашлю не будзе. І праўда – не было. Аднакласніку спадабалася, так ён і пачаў курыць.
Спачатку хлопец прасіў цыгарэты ў іншых школьнікаў. Пасля пачаў купляць сам і курыць, схаваўшыся ад бацькоў. Бацькі ўсё ж даведаліся і пакаралі яго. Але пакаранне мінула, а хлопец усё роўна не адмовіўся ад цыгарэты. І з кожным годам ён курыць усё больш. Бацькі ўжо змірыліся, а вось сам ён нарэшце зразумеў, што добра б было кінуць гэтую звычку: ён кашляе, горш бегае і адчувае сябе не так лёгка, як раней.
Некалькі разоў хлопец спрабаваў спыніцца, але не вытрымліваў, бо курыць яму хацелася гэтак жа, як есці, асабліва калі нерваваўся. І гэта бяда не толькі яго. Даследчыкі сцвярждаюць, што ў нервах ствараюцца жыццёвыя сілы. Калі людзі не маюць нервовай моцы, яны спачатку прымяняюць больш слабыя стымулятары, каб тыя дапамаглі супрацьстаяць жыццю, – тытунь, гарбату, каву. Настае больш глыбокі нервовы ўпадак – ужываюцца больш моцныя стымулятары: алкаголь, наркотыкі. І чалавек паступова каціцца ўніз.
Але спачатку ён гэтага не разумее і думае, што лёгка зможа кінуць шкодную звычку. Гэта – адна з самых распаўсюджаных памылак.
Прывыканне да тытуню праходзіць некалькі стадый. На першай арганізм адчайна супраціўляецца. Ён нібы гаворыць: зараз жа перастань труціць мяне і сябе! Каб спыніць свайго легкадумнага гаспадара, арганізм уключае механізм абароны і выклікае пачуццё агіды да тытуню. Тут бы варта было і сапраўды спыніцца, але ж побач стаіць пры яцель і з усмешкай назірае за тваёй рэакцыяй…
Калі чалавек гэтага не зрабіў, то арганізм перастае супраціўляцца. Пачынаецца другая стадыя – прывыканне. Чалавек курыць і нічога не адчувае. Яму не робіцца кепска. Знешне ўсё нармальна. Аднак ужо пачаўся незаўважны пакуль працэс разбурэння арганізма. Усе сістэмы жыццезабеспячэння прыстасоўваюцца да пастаяннага ўдыхання атрутных рэчываў. Чалавек набліжаецца да пачатку захворванняў. На гэтай стадыі яшчэ можна стрымаць сябе.
Інакш надыходзіць трэцяя стадыя, самая небяспечная. Настае залежнасць арганізма ад тытуню. Не падыхаў тытунёвым дымам – з’яўляюцца непрыемныя адчуванні.
Атрымліваецца дзіўны вынік: чалавек сам прывучыў сябе да таго, што непрыемна яму і навакольным. Ён свядома псуе сваё здароўе ды яшчэ і залежыць ад уласнай звычкі. Фактычна атрымліваецца, што ён стаў рабом цыгарэты.
Спецыялісты ААН падлічылі, што ў свеце ад курення кожныя 13 секунд памірае адзін чалавек. А штогод ад прыхільнасці да тытуню гіне каля 3 мільёнаў чалавек. Гэта намнога больш, чым ад СНІДу, землятрусу, навадненняў, дарожна-транспартных здарэнняў і войнаў. Можа, на нейкі час курыльшчыкі і супакоілі сабе нервы – але ж у выніку скарацілі жыццё. Мала таго: набылі кучу ўсялякіх хвароб, якія прыкра нават пералічваць. На гэтую тэму знакаміты вучоны-фізіёлаг І. Паўлаў сказаў так: “Чалавек можа пражыць больш за сто гадоў. Мы самі сваёй нястрыманасцю, нягодным абыходжаннем з уласным арганізмам зводзім гэты тэрмін да намнога меншай лічбы”.
Сёння ва ўсім свеце курэнне выходзіць з моды. Усё больш маладых людзей пачынаюць разумець, што гэтая звычка можа сур'ёзна нашкодзіць іх будучаму шчасліваму жыццю. Модным стаў здаровы лад жыцця: наведванне фітнес-клубаў, заняткі ёгай, правільнае харчаванне, выкананне звычайнай гімнастыкі, заняткі рознымі відамі спорту.
Нашы замежныя равеснікі шукаюць цікавых людзей не для таго, каб у кампаніі з імі разбураць сваё здароўе, а каб яго палепшыць, стаць больш моцнымі і прыгожымі. Такім быць прэстыжна: такіх людзей хваляць, паказваюць па тэлебачанню, фатаграфуюць на вокладкі часопісаў. Такім хочацца быць і кожнаму з нас.
Аднак курыльшчыкі ёсць ва ўсіх школах. Кожнаму з іх непрыемна сустракаць асуджальныя позіркі людзей, якія не кураць. Непрыемна хавацца з цыгарэтай, як злачынцу. Непрыемна ведаць, што курэнне бэсцяць па ўсім свеце. Прасцей было б “завязаць”…
Калі наша пакаленне праявіць бязволле, то потым можа застацца без будучыні. І, магчыма, праз некалькі дзесяцігоддзяў пра нас будуць гаварыць: “Яны не змаглі своечасова спыніцца”.
-------------------------------------------
Павел АНІМУЦКІ, вучань 9 “В” класа СШ №1 г. Астраўца.