Погода не стала препятствием для проведения турслёта среди людей с ограниченными возможностями

Надвор'е не заладзілася з раніцы – неба зацягнула хмарамі... але дождж не пайшоў.
Менавіта на гэты дзень каманды з Астравецкага, Ашмянскага і Навагрудскага раёнаў павінны былі прыехаць у Задворнікі, каб пазмагацца за права стаць самай спартыўнай камандай – на Астравеччыне праходзіў турыстычны злёт сярод выхаванцаў аддзяленняў дзённых знаходжанняў для інвалідаў і членаў раённых арганізацый «Беларускага таварыства інвалідаў». Дарэчы, правядзенне турыстычнага злёту стала магчымым дзякуючы таму, што тэрытарыяльны цэнтр стаў пераможцам конкурсу дабрачынных праектаў ААТ «НІАЭП».

Турыстычныя спаборніцтвы, нягледзячы на непастаяннае надвор'е, не адмянілі: рабяты ўжо сабраліся, і таму арганізатары вырашылі праводзіць злёт пры любым надвор'і.
«Пры любым, дык пры любым», – мусіць вырашыў дождж, – і паліў, бы з вядра. Толькі гэта не напалохала чатыры каманды турыстаў, якія сабраліся ў Задворніках на турзлёт.
Астравецкі раён прадстаўлялі дзве каманды – «Востраў шанцавання» з аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, што працуе пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і «Усмешка», якую склалі самыя актыўныя члены раённай арганізацыі «Беларускага таварыства інвалідаў». З Ашмян прыехалі «Адуванчыкі», а з Навагрудка – каманда «Ад вінта». Абедзьве прадстаўлялі дзённыя аддзяленні для інвалідаў сваіх раёнаў.
Словам, старажытная сядзіба ў Задворніках на два дні напоўнілася гасцямі. Маладыя людзі прыехалі сюды не столькі па адпачынак, колькі для таго, каб прадэманстраваць спартыўныя здольнасці і даказаць перш за ўсё сабе, што яны – самыя лепшыя.
Падчас адкрыцця турзлёту неба злітасцівілася – і выпусціла з палону хмар сонейка, якое сваімі шчырымі промнямі абагрэла ўсіх, хто сабраўся ў Задворніках. Потым на працягу двух дзён дожджык час ад часу ўсё ж палохаў турыстаў, толькі яны не здаваліся.
Перш, чым прыступіць да спаборніцтваў, рабяты далі ўрачыстую клятву турыста – і на працягу ўсяго турыстычнага злёту не адступалі ад яе ні на крок.
Выпрабаванні пачаліся з прадстаўлення каманд. Навагрудчане аб'явілі, што яны – самая «ўлётная» каманда – адсюль і назва «Ад вінта». Астравецкае аддзяленне ўзяло сабе назву «Востраў шанцавання» – на гэтым былі «завязаны» і эмблема, і дэвіз, і песня. Астравецкая раённая арганізацыя «Беларускага таварыства інвалідаў» называлася «Усмешка», таму іх дэвізам сталі словы: «Усміхацца – гэта клёва!» І яны сапраўды на працягу ўсяго мерапрыемства прытрымліваліся гэтых слоў. Ашмянскія «Адуванчыкі» з самага пачатку аб'явілі, што прыехалі на Астравеччыну за перамогай, і на справе змагаліся за яе на ўсіх этапах турыстычнага злёту.
Кожнаму віду спаборніцтваў папярэднічала жараб'ёўка. Дартс, «паскакушкі», або спаборніцтвы на скакалцы, стральба з пнеўматычнай зброі, эстафета, перацягванне каната, паласа перашкод, фотаконкурс у некалькіх намінацыях, хатняе заданне з інсцэніроўкай песні – у кожным конкурсе былі свае пераможцы і свае прайграўшыя. Але гэта не псавала настрой, і азарт трымаўся на працягу ўсіх спаборнітваў.
Акрамя гэтага, для рабят было падрыхтавана шмат сюрпрызаў. Вечарам яны гулялі ў «кракадзіла», удзельнічалі ў канцэрце, які паступова перарос у дыскатэку, і запускалі ў неба вогненныя ліхтарыкі. Яшчэ адным сюрпрызам стаў розыгрыш мабільных тэлефонаў, арганізатарам якога стаў намеснік дырэктара Астравецкага ФСК Вадзім Анатольевіч Лебядзевіч. Усё гэта, трэба думаць, запомніцца рабятам надоўга.
І вось настаў самы ўрачысты момант. Вынікі турыстычнага злёту падведзены – засталося толькі ўручыць узнагароды лепшым з лепшых. Такое права было прадстаўлена намесніку старшыні Астравецкага райвыканкама Віктару Збігневічу Свілу, начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Валерыю Вацлававічу Барташэвічу, дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктару Іосіфавічу Ждановічу і намесніку дырэктара Астравецкага ФСК Вадзіму Анатольевічу Лебядзевічу.
Так, у дартсе перамогу святкавала каманда «Усмешка», лепшымі ў «паскакушках» сталі ашмянцы, у стральбе з пнеўматычнай зброі поспех зноў аказаўся на баку астравецкай «Усмешкі», у эстафеце перамогу святкаваў астравецкі «Востраў шанцавання», яны аказаліся лепшымі і ў перацягванні каната, і ў самым складаным конкурсе – «Паласа перашкод». Дамашняе заданне лепш за ўсё падрыхтавалі турысты з каманды «Ад вінта», у іх атрымаліся і лепшыя фотаздымкі: у гэтых конкурсах яны – першыя.
Пасля падліку ўсіх балаў атрымалася, што чацвёртае месца заняла каманда з Навагрудка «Ад вінта», трэцяе месца ў ашмянскіх «Адуванчыкаў», другое месца занялі выхаванцы Астравецкага аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў «Востраў шанцавання» і першае месца, а таксама пераможны кубак заваявала каманда Астравецкай раённай арганізацыі «Беларускага таварыства інвалідаў» «Усмешка».
Усе каманды-пераможцы ў шматлікіх намінацыях спартыўнага мерапрыемства атрымалі падарункі ад Астравецкага раённага выканаўчага камітэта і аддзела адукацыі, спорту і турызму. Але на гэтым сюрпрызы не скончыліся: кожны ўдзельнік турыстычнага злету на памяць аб двух днях, праведзеных у прыгожым гістарычным месце Астравеччыны, атрымаў агульны фотаздымак ад Юрыя Горыда і падарункі ад фізкультурна-спартыўнага клуба, якія спартсменам уручыў намеснік дырэктара гэтай установы Вадзім Анатольевіч Лебядзевіч.
Два дні праляцелі хутка, таму што ўсім было ўтульна, весела і цікава. А атрымалася ўсё толькі дзякуючы падтрымцы многіх людзей, якім арганізатары і ўдзельнікі турыстычнага злёту шчыра ўдзячны.
Р.S.: Каманды і арганізатары турыстычнага злёту выказваюць падзяку Астравецкаму раённаму выканаўчаму камітэту, Беларускаму Прадстаўніцтву ААТ “НІАЭП”, Астравецкаму лясгасу, Астравецкаму філіялу Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства, хлебазаводу, аддзелу адукацыі, спорту і турызму, фізкультурна-спартыўнаму клубу, аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, медыцынскім работнікам, індывідуальным прадпрымальнікам, гаспадарам магазінаў “Лапушка” і “Планета Тэхна”, спецыялістам аддзялення рэабілітацыі і адаптацыі і аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва за дапамогу ў падрыхтоўцы да турыстычнага злёту і ўвогуле – усім людзям, дзякуючы якім турыстычны злёт стаў адным з запамінальных і яскравых падзей у не вельмі шчодрых на святы буднях яго ўдзельнікаў.


--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ
.