Поэзия и романтика осени собрали участников клуба "Активное долголетие"
Игорь ТУРШЕВКакие наши годы!
Если не живет в душе усталость,
Значит, не пришла с годами старость.
Шестьдесят – еще такая малость,
Целых сорок лет до ста осталось.
А за сорок лет такого наворотим!..
Посмотри на женщину напротив
И не бойся ты себе признаться,
Что готов, как в юности, влюбляться.
Что весной поярче солнце светит,
Что смеются веселее дети…
Когда кровь, бурля, бежит по жилам,
Жизнь не кажется ущербной и унылой!
Так вперед, к забытым увлеченьям,
Комплиментам, флирту, восхищенью.
Если в путь романтика поманит –
Старость тебя дома не застанет.
Паэзія і рамантыка восені - менавіта яны і сабралі заўсёднікаў клуба “Актыўнае даўгалецце” ў гасцёўні чытальнай зале раённай бібліятэкі. І адразу закружыў у паветры водар яблыкаў ды кветак – шчодрых дарункаў восені – і духмянай гарбаты. А затым загучалі вершы: на двары ж – самая паэтычная пара года. Людміла Іванаўна Кухарэвіч у якасці эпіграфа прывяла словы: “Старасць, падобна салаўю, правінна мець свае вечаровыя песні” – і заспявала многім ужо знаёмую “Бацькоўскую хату”, а крыху пазней, пасля непрацяглай гукарэжысёрскай падрыхтоўкі, парадавала прэм’ерай – “Я нарадзілася жанчынай”. І словы, і музыка – аўтарскія.
А яшчэ Людміла Іванаўна любіць маляваць каляровымі алоўкамі – у яе атрымліваюцца цудоўныя фантастычныя карціны, якія сталі мастацкім адлюстраваннем асенняй тэмы. На музычную хвалю настроілася і яе сястра – Святлана Іванаўна Мешкіс. Песеннае папуры са старых пласцінак, вялікія стосы якіх некалі меліся амаль у кожным доме, нагадала прысутным цудоўную пару маладосці. Канешне, песні адразу дружна падхапілі ўсе прысутныя.
Сваю яркую кветку далучыла да песеннага букета і Капіталіна Цімафееўна Пятроўская.
А потым настаў час асабістых вершаў створаных любімымі паэтамі. Так, Алена Аляксандраўна Качан з маладых гадоў занатоўвае ў запаветны сшытак паэтычныя творы, якія прыйшліся да душы. Звычайна гэта вершы з філасофскім зместам або лірычныя, напоўненыя пачуццём любові. Яны прымушаюць задумацца, глыбей зазірнуць ва ўласную душу…
Людміла Антонаўна Адынец і Тамара Сцяпанаўна Петрусевіч з пачуццём прачыталі вершы, што помняцца са школьных часоў… Аказваецца, з вершаў, якія ведаюць і любяць нашы ветераны, можна сабраць цэлую бібліятэку!
Сустрэчы ў клубе заўсёды праходзяць у надзвычай цёплай, зацікаўленай і добразычлівай атмасферы. Часта, абмеркаваўшы адну агульную тэму, ветэраны выбіраюць іншую – і ручаёк размовы зноў весела бруіць. Пастаянная вядучая імпрэз Данута Францаўна Чарнушэвіч умела скіроўвае яго бег у патрэбнае рэчышча. Так было і на гэты раз: тэма восені спакваля перацякла ў размову аб захапленнях увогуле, уменні ствараць хараство ўласнымі рукамі.
Узоры асенніх кампазіцый з кветак, лістоў і пладоў упрыгожвалі стол, за якім прысутныя пілі гарбату, і стэлаж з невялікай кніжнай выставай. Цяперашняе пасяджэнне клуба праходзіла напярэдадні Дня пажылых людзей, таму да заўсёднікаў далучыліся госці – псіхолаг Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Клімчэня і спецыяліст па сацыяльнай рабоце Аксана Шлыковіч, якія спрабуюць згуртаваць вакол цэнтра творчых людзей сталага ўзросту, выцягнуць іх з чатырох сцен адзіноты, далучыць да актыўнага жыцця. І гэта супрацоўнікам цэнтра ўдаецца. Так што, трэба думаць, кола сяброў клуба актыўнага даўгалецця неўзабаве пашырыцца.
-------------------------
Таіса СЯМЁНАВА.
