Подведены итоги районного конкурса экскурсоводов школьных музеев
Калі па запрашэнні спецыялістаў аддзела адукацыі ішла на раённы конкурс экскурсаводаў школьных музеяў і музейных пакояў, які праходзіў у рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, нават не здагадвалася, што атрымаю столькі пазітыўных эмоцый.
Сёння музеі, музейныя пакоі, невялікія экспазіцыі з гісторыі школы ці населеннага пункта адкрыты і дзейнічаюць ва ўсіх школах раёна. У кожнай з іх распрацаваны планы работы, ёсць кіраўнікі і экскурсаводы. І вельмі пашанцавала тым установам, у якіх гэтай вельмі патрэбнай справай – захаваннем гісторыі – займаюцца сапраўдныя прафесіяналы, апантаныя сваёй справай.
Забягаючы наперад, скажу, што ўсе, хто прыняў удзел у гэтым своеасаблівым конкурсе, які ну ніяк не хочацца называць спаборніцтвам, аб прынятым рашэнні не пашкадавалі.
Прадставіць на суд журы і гледачоў, якія на канікулах сабраліся ў гімназіі №1, свае экскурсійныя праграмы вырашылі 12 экскурсаводаў з 11 школ. У кожнага была свая тэма выступлення, але аб’ядноўвала ўсіх неабыякавасць і зацікаўленасць справай. А яшчэ – беларуская мова. Варта было чуць з якім замілаваннем і непадробным інтарэсам яны распавядалі членам журы і ўдзельнікам мерапрыемства розныя гісторыі, прысвечаныя знакамітым людзям і мясцінам, расказвалі пра сваю родную вёсачку і школу!
Марта Блашкевіч, экскурсавод Варнянскага гісторыка-краязнаўчага школьнага музея, прадставіла віртуальнае падарожжа па вёсцы Варняны. Акрамя таго, што расповед дзяўчыны суправаджаўся відэазапісам, Марта эмацыянальна і зацікаўлена расказала пра сваю родную вёсачку і яе славутыя мясціны, разбавіўшы аповед цікавымі паданнямі і легендамі.
Кацярына Ждановіч, вучаніца Мальскага НПК, абрала тэмай выступлення “Паштоўкі”. І прадставіла на суд журы велізарную калекцыю паштовак – розных гадоў, вытворцаў і на розныя тэмы. Сваё выступленне Кацярына не толькі суправаджала мультымедыйнай прэзентацыяй, але і наглядна пацвярджала сабранымі паштоўкамі.
Дарэчы, дзяўчына таксама прапанавала выканаць прыгожую пасхальную скрыначку з паштовак – і зрабіць падарунак родным і сябрам. На жаль, сёння віншавальныя паштоўкі – не самы папулярны занятак, большасць карыстаецца электроннымі пісьмамі і рассылкай СМС. Таму Кацярына расказала пра новы рух – посткросінг, які з кожным годам набывае ўсё большую папулярнасць, у тым ліку і ў нашай краіне.
Кацярына Пляўга вучыцца ў Кямелішкаўскім НПК. На конкурс дзяўчынка прыехала з экскурсіяй пра гісторыю школы ў вёсцы Кямелішкі і пра настаўнікаў, якія прысвяцілі сваё жыццё адукацыі.
Віка Карвэцкая, экскурсавод школьнага музея “Зямля Гудагайская” прадставіла новую форму работы, якая паспяхова прыжылася ў гудагайскім школьным музеі, – “Музей у чамадане”. Дзяўчына выйшла на сцэну з вялікім чорным чамаданам, у якім захоўваліся звесткі пра героя яе выступлення. Яго дзяўчынка прысвяціла мясцоваму краязнаўцу Івану Сяркову, якога ўжо няма ў жывых, але які пасля сябе пакінуў добрую славу і шэраг каштоўных дакументаў, якія сёння захоўваюцца ў школьным музеі.
У Падольскай школе ўжо шмат гадоў існуе музей “Дарога лёну”, адзін з раздзелаў якога прысвечаны ткацтву. Менавіта пра ткацтва і расказвала ў сваім выступленні Юля Лукша. У яе сям’і ткалі ўсе: і бабуля, і маці, і дзяўчынка цяпер пераймае гэтае майстэрства. І пра ўсё гэта Юля расказвала настолькі эмацыянальна, што любоўю да гэтага віда мастацтва “заразіліся”, напэўна, усе, хто знаходзіўся на мерапрыемстве. Дарэчы, дзяўчынка ўсё сваё выступленне падмацоўвала дэманстрацыяй тканых вырабаў, якія прывезла са школьнай экспазіцыі.
Ксенія Марцінчык з СШ №1 – экскурсавод школьнага музейнага пакоя, над уваходам у які размешчаны словы: “Народ, які не ведае мінулага, не мае будучыні”. Ксенія пра свой музейны пакой ведае ўсё. І гэтымі ведамі яны падзялілася з удзельнікамі мерапрыемства. Свой аповед дзяўчынка таксама суправаджала мультымедыйнай прэзентацыяй, і ўсе змаглі ў віртуальным рэжыме здзейсніць падарожжа ў старажытнасць.
Ганна Дзерван з Гервяцкай школы, прадстаўніца музейнага пакоя “Вытокі”, расказвала пра адметнасці гервяцкага краю, яго прыгожыя і выдатныя мясціны, і людзей, якія жылі тут стагоддзямі.
Пра гісторыю касцёла святога Міхаіла Архангела, якому сёлета спаўняецца 360 гадоў, распавяла экскурсавод Міхалішкаўскай школы Насця Ляховіч. Дыкцыі і прыгожай беларускай мове, якая нязмушана лілася з вуснаў гэтай дзяўчынкі, можна было толькі пазайздросціць. Юрый Жыгамонт з “Падарожжаў дылетанта” на беларускім канале, як сказала б моладзь, адпачывае.
Алена Раўда з Рытанскага НПК расказвала пра скарбы даўніны, якія захоўваюцца ў этнаграфічным-краязнаўчым музейным пакоі іх школы. Завітаўшы ў музейны пакой, можна не толькі ўявіць быт продкаў, але і даведацца пра гісторыю школы, землякоў-ветэранаў, ажыццявіць падарожжа ў старыя часы.
Алена Вакулік і Віка Пятроўская з Дайлідскай школы расказалі пра сваіх таленавітых землякоў – слынных мастачак Тэрэсу Варановіч і Ірэну Герасім і вядома беларускага паэта Станіслава Валодзьку.
Музей баявой славы імя Фёдара Маркава створаны ў Спондаўскай сярэдняй школе. У ім таксама некалькі экспазіцый, адна з іх прысвечана жанчыне – вязню “фабрыкі смерці” Аляксандры Максімаўне Юзэфовіч. Менавіта пра яе і расказала ў сваім выступленні Марыя Назарава.
Акрамя выступленняў, дзяўчаты прадстаўлялі на конкурс свае партфоліо – і так атрымалася, што менавіта яны і адыгралі важную ролю пры вызначэнні пераможцаў конкурсу.
Першае месца журы прысудзіла Юлі Лукша з Падольскага НПК, другое месца заняла Марта Блашкевіч з Варнян, трэцяе – Віка Карвэцкая з Гудагайскай школы. Каця Ждановіч з Мальскага НПК, Насця Ляховіч з Міхалішкаўскай школы і Марыя Назарава са Спондаў былі ўзнагароджаны Падзячнымі пісьмамі. Акрамя гэтага, усе ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты экскурсаводаў.
Але не граматы і не перамогі ў гэтым выпадку – самае важнае. І настаўнікі, і дзеці падчас мерапрыемства не толькі ўзбагаціліся новымі ведамі, але і атрымалі вялікі вопыт. Радасна яшчэ і ад таго, што школьныя музеі жывуць і адыгрываюць велізарную ролю ў выхаваннні нашых дзяцей! І, пакуль у раёне няма краязнаўчага музея, у пэўным сэнсе бяруць на сябе яго функцыю па захаванні багатай гістарычнай спадчыны.


