Подарки и поздравления принимали дети
Штогод школьнікі з нашага раёна ўдзельнічаюць у рэспубліканскім навагоднім прадстаўленні з удзелам Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.
Вось і сёлета на рэспубліканскую ёлку адправіліся гімназісты Яўгеній Красоўскі і Ксенія Бараноўская, якія на працягу года станавіліся пераможцамі шматлікіх конкурсаў і спаборніцтваў рознага ўзроўню.
Два дні рабяты правялі ў Мінску, а самай запамінальнай падзеяй для іх стала навагодняе свята з удзелам Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.
Навагодняе свята ў Гродна
Дзесяць школьнікаў: выхавальнік дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Арцём Каспяровіч, гімназіст Дзмітрый Яновіч, вучні Гудагайскай школы Аляксандр Ярашэвіч і Кацярына Маргуж, Падольскага НПК Мікіта Захарэвіч, Варнянскага НПК Кацярына Сасноўская, Міхалішкаўскай школы Кацярына Бранцэвіч, а таксама Валерыя Бразевіч, Кірыл Каптыгін і Ігар Лаўрэцкі, якія сёння знаходзяцца ў дзіцячым сацыяльным прытулку, – сталі ўдзельнікамі абласнога дабрачыннага навагодняга свята, якое 29 снежня прайшло ў Гродна.
Рабят запрасілі на святочнае прадстаўленне каля навагодняй ёлкі, якое адбылося ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.
Усіх, хто сабраўся ў вялікай зале, прывітаў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. А пасля казачнага прадстаўлення ўсе ўдзельнікі губернатарскай ёлкі атрымалі салодкія падарункі.
Усе дзеці – нашы!
Акцыя “Нашы дзеці” стартавала ў краіне напярэдадні Новага года. Актыўнымі яе ўдзельнікамі ў нашым раёне сталі дэпутаты раённага Савета дэпутатаў пад кіраўніцтвам яго старшыні Ірыны Эдуардаўны Тальчук.
Напярэдадні Новага года дэпутаты наведалі дзяцей, якія выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечных сем’ях. У госці да рабят дарослыя прыйшлі з падарункамі.
Напярэдадні Новага года старшыня Астравецкай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Ірына Фёдараўна Раткевіч наведала дзетак, якія ў навагоднія святы знаходзіліся на лячэнні ў дзіцячым аддзяленні Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы.
У бальніцу Ірына Фёдараўна адправілася не адна, а з галоўнымі персанажамі ўсімі любімага навагодняга свята – Дзедам Марозам і Снягурачкай.
Каля ёлачкі, устаноўленай у аддзяленні, хлопчыкі і дзяўчынкі са сваімі мамамі вадзілі карагоды, расказвалі Дзеду Марозу вершы, спявалі песні і атрымлівалі салодкія падарункі ад старшыні раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Ірыны Фёдараўны Раткевіч.
Сюрпрызы ад спонсараў
Навагодняе прадстаўленне для выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Астравецкага раёна прайшло на базе гімназіі №1.
У гэты дзень педагогі карэкцыйнага цэнтра разам з валанцёрамі гімназіі №1 арганізавалі для рабят і іх бацькоў сапраўднае свята.
А якое ж свята без падарункаў? На навагодні ранішнік да выхаванцаў карэкцыйнага цэнтра, акрамя Дзеда Мароза, Снягурачкі і казачных персанажаў, завіталі супрацоўнікі прыватнага прадпрыемства “ДзяткоБуд” і раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях.
Дзіцячыя арэлі, развіваючыя гульні і грошы для абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы карэкцыйнага цэнтра сталі сапраўдным сюрпрызам і добрым падарункам да навагодніх свят.
------------------------------------------------------------------
Падрыхтавала Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.


