Подарки дошли до адресатов
У тым, што добрых людзей больш, чым абыякавых, усе мы яшчэ раз упэўніліся падчас дабрачыннага канцэрта, які ў пачатку снежня прайшоў у кінаканцэртнай зале “Астравец”.Сёлета было вырашана прысвяціць дабрачыннае мерапрыемства анкалагічна хворым дзецям і дзеткам з дзіцячым цэрэбральным паралічом – такіх у нашым раёне 14.
І людзі не засталіся абыякавымі: ад продажу білетаў і купонаў, а таксама дзякуючы дабрачынным ахвяраванням было сабрана больш за 50 мільёнаў рублёў.
Напрыканцы мінулага тыдня спецыяліст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аксана Свірская, дырэктар цэнтра рамёстваў Тамара Гаваноўская, дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Вераніка Малышка і журналіст раённай газеты “Астравецкая праўда” адправіліся ў сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеткі з цяжкімі дыягназамі.
У многіх гэтых сем’ях нам ужо даводзілася бываць – і заўсёды нас сустракалі з усмешкай. Нягледзячы на тое што боль за сваё дзіцятка невыносны і вельмі цяжка перажыць тое, што яно не такое, як усе, гэтыя людзі ўмеюць цаніць кожны пражыты дзень і заўсёды рады гасцям.
А госці прыйшлі ў кожны з 14 дамоў з падарункамі і матэрыяльнай дапамогай. Падчас дабрачыннага канцэрта Леакадзія Кіткоўская перадала хворым дзеткам маленькіх анёлкаў – тых самых, якіх збіралі дзеці Анжэла і Данік, калі даведаліся, што мама цяжка захварэла. Яны былі ўпэўнены, што анёлкі дапамогуць маме. А Леакадзія Вацлаваўна пераканана, што гэтыя анёлкі дапамогуць хворым дзеткам. У сваім звароце яна прасіла іх не здавацца і верыць у сваё выздараўленне.Сёння на палічках у дамах і кватэрах хворых дзетак стаіць і яшчэ адзін анёлак – сімвалічны абаронца з пульсуючым сэрцайкам і лёгкімі крылцамі – той, які «прымаў удзел» у канцэрце і які зараз нясе цеплыню атмасферы, якая ў той вечар панавала ў кінаканцэртнай зале.
– Мы былі на дабрачынным канцэрце – і засталіся пад вялікім уражаннем, – дзеліцца маці хворага дзіцяці Алена Шулюк. – Вельмі ўдзячны за падтрымку і дапамогу, якую астраўчане аказалі хворым дзецям.
Кожная з 14 сем’яў атрымала салодкія падарункі ад жыхароў горада і раёна, якія прынялі ўдзел у акцыі валанцёраў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, і грашовую дапамогу, якую астраўчане сабралі агульнымі намаганнямі.
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
