Подарки дошли до адресатов

после благотворительного концертаШтогод у пачатку снежня ў Астраўцы праходзіць дабрачынны канцэрт, а выручаныя за яго грошы размяркоўваюцца паміж тымі, каму і прысвячаецца мерапрыемства. Сёлета яно праходзіла ў падтрымку дзяцей і маладых людзей з дыягназамі аутызм і сіндром Дауна – такіх у нашым раёне 10 чалавек.

Падобныя мерапрыемствы выклікаюць цікавасць у жыхароў нашага горада і раёна. Гэта яшчэ раз падкрэслівае тое, што сярод нас шмат людзей, неабыякавых да чужой бяды.
Сёлета падчас дабрачыннага мерапрыемства было сабрана 40 мільёнаў 40 тысяч рублёў, а гэта значыць, што кожная сям'я, у якой выхоўваюцца дзеці і маладыя людзі з сіндромам Дауна і аутызмам, атрымала па чатыры мільёны чатыры тысячы рублёў.
Да дабрачыннай акцыі далучыліся і валанцёры Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія арганізавалі збор салодкіх прысмакаў, – дзякуючы астраўчанам і жыхарам раёна кожны з дзесяці дзяцей і маладых людзей атрымаў да навагодніх святаў салодкія падарункі.
А на мінулым тыдні ў госці да «віноўнікаў» канцэрта адправіліся загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Святлана Куцько, прадстаўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Маргуж, сацыяльны педагог Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дзіяна Кісель і карэспандэнт раённай газеты.
10 дамоў і 10 розных лёсаў… Хлопчыкаў, дзяўчынак і ўжо дарослых маладых людзей, якіх аб'яднала хвароба, і якія нягледзячы ні на што жывуць і дораць сваю ўсмешку людзям.
Адна з іх – Алеся Іванцэвіч з Міхалішак. Алеся, убачыўшы гасцей, сарамліва ўсміхаецца і пачынае разглядваць свае падарункі.
– Да Алесі прыходзіць настаўніца, – расказвае мама Юлія Іосіфаўна. – І мы ўжо навучыліся трымаць ручку. Праўда, не заўсёды нам хапае ўважлівасці, каб займацца цэлы ўрок.
У Трокеніках сонечнай усмешкай нас сустракаў Павел Кажанеўскі. Радаваліся падарункам і Павел Ляховіч з Варнян, Караліна Матулявічуце з Тракель, Уладзімір Равойць з Кавалёў, Мікалай Сак з Маляў, Матвей Мілэйша, Аня Галяк, Кірыл Юркойць і Аляксандр Кабарда з Астраўца.
У кожным доме нас сустракалі з радасцю і дзякавалі за дапамогу і падтрымку ўсім астраўчанам, якія не засталіся абыякавымі да чужой бяды.

---------------------------
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.