Подарите одиноким старикам несколько минут разговора, улыбку и простое человеческое отношение

6
Кажуць, адзінота бывае двух відаў, якія адрозніваюцца кардынальна. Адзінота, калі табе ніхто не патрэбен, мае цёплы бэжавы колер спакою і ўнутранай гармоніі. Калі яна надараецца, ты успрымаеш гэтую ўзнікшую раптам пасля шумных, тлумных дзён і спраў адзіноту, як падарунак лёсу, як магчымасць адпачыць, прывесці ў парадак думкі і пачуцці.

Але бывае іншая адзінота: свінцова-шэрая, да чарнаты, якая цісне, горбіць, прыгінае да зямлі – гэта калі ты нікому не патрэбен… Не ў літаральным сэнсе: недзе ж жывуць дзеці і ўнукі, пляменнікі, іншыя родзічы, колішнія сябры, калегі. І час ад часу яркімі плямкамі пяшчотна-цёплага бабінага лета надараюцца сустрэчы з імі, якія затым згадваюцца доўгімі, як жыццё, асеннімі вечарамі, калі перабіраецца ў памяці кожнае слоўца, а ў руках – паштоўкі ці фотаздымкі.


Але ўсе яны, родныя, блізкія і дарагія людзі, занятыя сваімі справамі і клопатамі, пакуль мараць пра тую, першую адзіноту, нават не здагадваючыся, што яна бывае і іншай…
І калі ўвесь свет, некалі такі вялікі, разнастайны, рознакаляровы, шматаблічны, сціскаецца да чатырох сцен, на якіх ужо вывучаны кожны завіток на шпалерах і кожная трэшчынка на столі, ці нават яшчэ горш – да бальнічнага ложка і казённай тумбачкі, а з асабістых рэчаў застаецца толькі старэнькі радыёпрыёмнік, па якім у святую нядзельку можна паслухаць імшу, ды вышываная некалі, у мінулым шчаслівым жыцці, сурвэтка, ды папяровы абразік і пацёрты ружанчык – вось тады і прыходзіць разуменне ўсёй жахлівасці гэтага звычайнага і нават жаданага некалі слова – “адзінота”. І прынесены санітаркай абед ці сняданак становіцца падзеяй, завітаўшыя з нейкай дабрачыннай місіяй чужыя людзі – сапраўдным святам, а прывезены імі ў якасці гасцінца банан ці булачка – найсмачнейшым пачастункам.








Няхай абміне вас гэтая беспрасветная, беспрабудная, безвыходная да адчаю адзінота пакінутай, бездапаможнай старасці…
А калі недзе побач глядзяць з акна на вуліцу выцвілыя ад слёз і суму вочы гэткай адзіноты – падарыце ім такую дробязь для вас і такі неацэнны скарб для іх: некалькі хвілін размовы, усмешку, неацэнную радасць чалавечых стасункаў.


----------------
Ніна РЫБІК.
Фота Эдуарда Свірыда.