Почему вымирает деревня?..
…Гадоў каля дзесяці таму, як толькі садзілася сонца, з розных двароў невялікай вёскі чуліся галасы падлеткаў:“Пайшлі на вёску!”. Моладзь – вясковыя юнакі, дзяўчаты, унукі, што прыехалі да бабуляў-дзядуляў ці проста “на лецішча” – збіралася ў цэнтры вёскі: размовы, жарты, смех. А як зусім сцямнее – можна і пагуляць...Зараз па-іншаму.
Вёсачка апусцела. Хвілін за пяць можна палічыць колькасць двароў ды людзей, якія ў іх жывуць. Бабулі, дзядулі памерлі, нехта з’ехаў, у некага згарэла хата… Колішнія дзяўчаты сталі жанчынамі, выйшлі замуж,
нарадзілі дзетак – і таксама з’ехалі. Школьнікі паступілі вучыцца ў вялікія гарады і толькі зрэдку наведваюць родную вёску. Юнакі пайшлі ў армію. Вёска на вачах пастарэла...
Калі выйсці ўзімку “на вёску”, то чуваць, як пад нагамі рыпіць снег, а на вуліцы настолькі ціха, што, здаецца, чуваць, як гудзе адзінокі ліхтар (іх у вёсцы штук пяць). Няма з кім загаварыць. А калі ўбачыш бабку Ядзю і павітаешся, то яна не адкажа: старэнькая бабуля не чуе – узрост. І застаецца толькі з сумам успамінаць, як шмат гадоў таму мы дзецьмі прыбягалі да яе, заўсёды ўсмешлівай і добрай, і яна частавала цукеркамі, печывам ці проста батонам са смачным чарнічным варэннем. Ідзеш па вуліцы – можаш спяваць ва ўвесь голас, крычаць, размаўляць сам з сабою – падслухаць ніхто не зможа, бо няма каму. І сама сабою ўзнікае думка: а што будзе далей? Ужо сёння вясковых школьнікаў і дзетак, якія ходзяць у садок, можна пералічыць па пальцах адной рукі.
Яшчэ адна вялізная праблема, з якой сутыкаецца вёска і праз якую вымірае, – п’янства. Сустрэць тут мужчыну, які не ўжывае алкаголь, амаль немагчыма. Ды і сярод “слабога полу” нямала сябровак “зялёнага змія”. Што можна адчуваць, гледзячы на маладога, калісьці сімпатычнага хлопца, які мог нармальна працаваць, ажаніцца з дзяўчынай, мець дзетак – але нічога гэтага няма праз алкаголь!? Ён пасінелы, амаль штовечар п’яны і выглядае значна старэйшым за свой сапраўдны ўзрост. І ён такі – не адзін. А хлопец сам па сабе вельмі добры, шчыры – ды ўжо, здаецца, беспаваротна зацягнуты на самае дно бутэлькі.
Як ратавацца? Як данесці да людзей, што мы самі сябе вынішчаем, не пакідаем выбару сваім дзецям? А мажліва, звяртацца трэба не толькі да людзей, жыхароў і працаўнікоў вёскі, але і да тых, хто гэтую працу дае?!
Ну вось, да прыкладу, я хачу жыць у вёсцы, вярнуцца сюды пасля заканчэння навучальнай установы. Стварыць сям’ю і тут, на ўлонні прыроды, у экалагічна чыстай абстаноўцы гадаваць сваіх дзетак. Але дзе мне працаваць? Самы аптымальны варыянт – ісці на ферму. У самым лепшым выпадку – на якую-небудзь (якую?) пасаду ў адзіную бібліятэку, якую наўрад ці хто наведвае. Яшчэ можна ездзіць працаваць у школу ў суседнюю вёску: калі дазваляе адукацыя – настаўнікам, калі не – гардэробшчыцай або прыбіральшчыцай. Тады паўстае пытанне: то мо ўсё ж на ферму – і зарплата большая, чым ў маладых настаўнікаў, і нерваў менш? А яшчэ ж і дзіця сваё хочацца аддаць у які мастацкі гурток ці спартыўную секцыю – а адкуль яны возьмуцца на вёсцы з колькасцю жыхароў у сто чалавек?
Вось і атрымліваецца, што маладыя едуць у горад. І нават не таму, што там забаў і народу больш, а таму, што і магчымасці для самаразвіцця і развіцця будучых дзетак у горадзе і вёсцы непараўнальныя. Толькі ў горадзе і мастацкая гімнастыка, і тайскі бокс, і плаванне, і маляванне, і музыка...
Я звярнулася да маладых людзей, каб яны выказалі сваё меркаванне наконт таго, чаму вымірае вёска і як яе ратаваць.
Алесь:
Вёска вымірае таму, што моладзь не вяртаецца і няма працы. Ратаваць вёску, мабыць, позна. Трэба захаваць тое, што ёсць, – збіраць фальклорныя набыткі.
Ганна:
Вёску неабходна развіваць каб тут было цікава для моладзі. Можна, напрыклад, турыстычныя комплексы рабіць. Гэта ж цікава – старыя бабулькі ў драўляных хатках і ўсё ў такім стылі: займальна для турыстаў, а для вёскі – прыбыткова.
Кірыл:
Вёска, якая вымірае, – гэта праблема ўсіх развітых краін. Да прыкладу, у ЗША доля насельніцтва, занятага ў сельскай гаспадарцы, усяго 3 працэнты, у краінах Заходняй Еўропы амаль такая ж сітуацыя. У Беларусі доля сельскага насельніцтва складае каля 25 працэнтаў, але гэтая лічба становіцца ўсё меншай. У вёсцы няма тых «дасягненняў цывілізацыі», што ў горадзе. Трэба шмат працаваць, а сучасная моладзь не вельмі жадае гэтага.
Выратаваць вёску, улічваючы псіхалогію людзей, можна яе папулізацыяй праз СМІ. Яшчэ было б добра ўраўняць зарплаты ў горадзе і ў вёсцы.
Будзем спадзявацца, што беларуская вёска ніколі не памрэ, бо без яе наша беларуская культура таксама доўга не пражыве.
Яўген:
Як можна выратаваць вёску? Дзяржава павінна развіваць прыватную гаспадарку і фермерства. Неабходны законы, ільготы для фермераў і маладых працаўнікоў, каб прыватнік мог працаваць у вёсцы, адкрываць крамы, нейкія ўстановы і не плаціць высокія падаткі. Будаваць школы, садкі, спортзалы, кафэ і гэтак далей, каб як мага больш утульна адчуваў сябе вясковец.
Дзяніс:
Я думаю, што найперш выміранне вёскі звязана з пераездам у гарады моладзі і працаздольных грамадзян. Вёсцы патрэбна абнаўленне. Старых замяняюць маладыя, а ў нашых вёсках бабуль і дзядуль замяняць няма каму. Калі мяне нават і «закінуць» у вёску па размеркаванні (чаго я, шчыра кажучы, баюся), то нават не ведаю, што там рабіць. Я ж распешчаны ўрбанізацыяй і прасякнуты гарадскім духам… Каб вырашыць праблему, трэба падумаць пра сацыяльна-эканамічны бок – і пры гэтым не забываць пра культурную частку, якая таксама мяняе аблічча вёскі.
Сяржук:
Сённяшнія тэхнічныя сродкі дазваляюць весці сельскую гаспадарку малой колькасцю працоўных рук, таму густанаселенай беларуская вёска ўжо ніколі не стане. У горадзе багацейшы выбар сфер дзейнасці, мацней віруе культурнае (і бескультурнае – таксама) жыццё. Па-другое, з 30-ых гадоў істотна змянілася ментальнасць сельскіх жыхароў. Сапраўдныя гаспадары сваёй зямлі, хто мог бы трымаць гаспадарку ў належным стане і падаваць прыклад іншым, падчас калектывізацыі былі вывезены ў Сібір. Ахвотнікаў мець прыватную фермерскую гаспадарку няшмат. У сялян няма нармальнай працы, і яны з’язджаюць ці проста дэградуюць. Як варыянт – самому з’ехаць жыць у вёску, гадаваць там дзетак, займець свіней, коней, качак, пчолак і г.д. Палі засеяць збожжам, агароднінай ці іншымі раслінамі, на які ёсць попыт.
Як бачна, усе ў адзін голас сцвярджаюць: няма працы, няма заробкаў, магчымасцяў. Праблемы відавочныя. Але ж ад таго, што ў вёсцы няма басейна, а летам – Лядовага палаца, вёску любіць не перастаеш! Не знікае і жаданне жыць тут і гадаваць дзяцей сярод шчырых вясковых людзей, якія ведаюць, што такое сапраўдная праца. Каб малыя ведалі, што такое хамут, што ўраджай збіраецца восенню, а садзіць цыбулю старыя людзі раяць восьмага мая… Каб, калі вырастуць, не цураліся слова “вёска”. Бо ў рэчаіснасці маладыя вясковыя людзі, становячыся гарадскімі студэнтамі, не любяць узгадваць, што прыехалі з маленькай беларускай вёсачкі. Пануюць стэрыатыпы – непрэстыжна, сорамна і г.д. Людзі забываюцца, што яшчэ да сярэдзіны 1970-ых большасць беларусаў была жыхарамі-вяскоўцамі, і толькі калі пачалася татальная ўрбанізацыя, людзі паз’язджалі з вёскі, пачалі лічыць сябе гарадскімі.
Варта сказаць і пра мову, бо менавіта вяскоўцы, нават не задумваючыся пра гэта, з’яўляюцца сапраўднымі носьбітамі беларускай, няхай і не зусім літаратурнай, але жывой мовы. Страшна ўявіць, што не будзе вёскі, бо вёска – гэта самабытнасць нашай культуры.
У любым выпадку – заўсёды застаецца надзея, што будучае пакаленне беларусаў не стане суцэльнай гарадской масай. Бо тое, што дае вёска, не можа даць ні адзін мегаполіс!
-----------------------------
Адэлька Байцэвіч.
