Почему в нашей жизни есть такое зло, как алкоголь?
Людзі, растлумачце мне, чаму ў нашым жыцці ёсць такое зло, як алкаголь? Чаму на яго не ўвядуць забарону па ўсім свеце? Я ўпэўнена, што шчаслівых сямей і дзяцей стала б больш…Вельмі часта я ўспамінаю дні, калі жыла ў сваім доме разам з мамай, татам, бабуляй і меншым брацікам. Разам з ім мы дапамагалі маме па гаспадарцы, а вечарам, калі ўрокі былі зроблены, я магла пагуляць са сваімі сяброўкамі… Яшчэ мы кожнае лета ўсёй сям’ёй хадзілі на рэчку вудзіць рыбу – але гэта было так даўно! Часам здаецца, што ў іншым жыцці. Тое шчасце было вельмі кароткім.
Тата пачаў выпіваць і біць маму за тое, што яна не давала яму бутэльку гарэлкі ці віна. Праз некаторы час стала піць і мама – напэўна, з гора. У доме, дзе раней панавала любоў і ўзаемаразуменне, пачаўся хаос. Так мы з братам трапілі ў дзіцячы прытулак.
Спачатку нам было вельмі складана – быць, жыць, прывыкаць. Пасля стала лягчэй. Выхавальнікі пастаянна з намі праводзяць вясёлыя і цікавыя мерапрыемствы.
Адно з іх – “Алкаголь – гэта не для мяне!” – стала для мяне адкрыццём. Аказваецца, гісторыя вытворчасці спіртных напояў вельмі старажытная. Арабы пачалі атрымліваць чысты спірт яшчэ ў VI-VII стагоддзях і назвалі яго “алкаголь” (“адурманьваючы”, “выкрадальнік розуму”). Гэта стала прычынай забароны ўжывання спіртных напояў у мусульманскіх краінах на працягу 13 стагоддзяў, а адступнікі жорстка караліся. На Русі звычайным людзям дазвалялася варыць піва і мёд толькі па вялікіх святах – на вяселле або хрэсьбіны. П’янства ў будні лічылася грахом і ганьбай!
Час змяніўся. Зараз мае равеснікі спрабуюць не толькі цыгарэты, але і алкагольныя напоі. Што іх да гэтага штурхае? Напэўна, на гэта яны знаходзяць розныя прычыны: цікаўнасць, жаданне здавацца дарослымі, няўменне адмовіць сябрам. Вядома, што многія з іх чулі, што алкаголь пагаршае зрок і памяць, парушае работу сэрца, разбурае печань, пачынае “тупець” мозг і ўзнікае алкагольная залежнасць, калі чалавек ужо не можа без яго абыходзіцца. Не многія задумваюцца аб сваёй “далёкай” будучыні, аб шчасці сваіх будучых дзяцей – яны жывуць адным днём. Пагэтаму мне хочацца звярнуцца да равеснікаў: “Цаніце сваё здароўе і не паддавайцеся на ўгаворы “сяброў”. Ад звычайнай цікаўнасці да алкагалізму – усяго адзін крок”.
…Ужо на працягу пяці месяцаў дзіцячы сацыяльны прытулак для мяне і майго брата стаў другім домам. Калі б нашы бацькі не ставілі на першае месца алкаголь, мы жылі б у сям’і і па-ранейшаму дапамагалі б ім па гаспадарцы, разам смяяліся, плакалі – жылі...
Мама і бабуля прыязджаюць да нас нячаста, таму што наша вёсачка знаходзіцца далёка ад Варнян. А наймаць пастаянна машыну дорага. Я ведаю, што бацькі зрабілі дома рамонт, і мы з брацікам хутка туды вернемся… Я веру, што і ў нашай сям’і зноў будуць сонечныя і светлыя дні – веру і спадзяюся на гэта ўсім сэрцам.
Выхаванка дзіцячага сацыяльнага прытулку, 13 гадоў.
