Победы островецких школьников на областной олимпиаде

На працягу двух тыдняў бягучага года 10 юных алімпіёнікаў з нашага раёна прымалі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, хіміі, рускай і беларускай мовах, геаграфіі і гісторыі.


Сёлета абараняць гонар сваіх школ і раёна ў цэлым у Гродна адправіліся: дзесяцікласніца Рымдзюнскай школы з беларускай мовай навучання Карына Кармаза, гімназісты Ілья Карповіч, Ангеліна Пятровіч, Уладзіслаў Міхно і Аляксей Пагада, дзевяцікласніца СШ №1 Маргарыта Шаўчэнка, вучань 10 класа Падольскага НПК Іван Капуста, дзевяцікласніца з Варнян Дар’я Лукша, вучаніцы Міхалішкаўскай школы Насця Стэх і Гервяцкай школы Юля Сцефановіч.
– Сёлета рабяты вельмі добра справіліся з алімпіяднымі заданнямі і прывезлі з вобласці 6 дыпломаў і адну грамату, – расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Н.В. Баніцэвіч. – Гэта на адну грамату менш у параўнанні з мінулым годам, але колькасць удзельнікаў сёлетняй алімпіяды была значна меншай. Да таго ж вырасла якасць дыпломаў. Па выніках абласной алімпіяды мы можам пахваліцца трыма дыпломамі І ступені – і гэта радуе.
Як і штогод, найбольшая колькасць удзельнікаў з нашага раёна выступала на алімпіядзе па хіміі. Тры гімназісты, якія працуюць пад кіраўніцтвам настаўніка В.Т. Стаціны, вярнуліся з Гродна з узнагародамі. Так, Уладзіслаў Міхно, які ўжо даўно з’яўляецца адным з самых выніковых “алімпійцаў”, сёлета прывёз з абласнога этапу Дыплом І ступені. Васьмікласнікі Ілья Карповіч і Ангеліна Пятровіч выступалі на алімпіядзе па хіміі за 9 клас. Але нягледзячы на гэта, Ангеліна атрымала Дыплом ІІ ступені, а Ілья быў узнагароджаны граматай.
Цудоўных вынікаў дасягнула на абласной алімпіядзе вучаніца СШ №1 Маргарыта Шаўчэнка. Маргарыта, з якой працуе настаўніца В.Ч. Хацяновіч, выступала на алімпіядзе па рускай мове – і атрымала Дыплом І ступені.
Дыплом І ступені прывезла з абласной алімпіяды па гісторыі вучаніца Гервяцкай СШ Юля Сцефановіч (настаўнік-трэнер Н.Т. Мажэйка).
Добрых вынікаў дасягнулі і дзяўчаты, якія выступалі на алімпіядзе па беларускай мове. Дар’я Лукша з Варнянскага НПК заваявала Дыплом ІІІ ступені (настаўніца – Д.А. Адула). З узнагародай вярнулася з алімпіяды і вучаніца Міхалішкаўскай школы Настасся Стэх. Дзяўчына была залічана ў рэзерв, і толькі напярэдадні абласной алімпіяды ёй прапанавалі паўдзельнічаць у алімпіядных спаборніцтвах. Насця згадзілася – і як бачым, недарэмна: яна прывезла з Гродна Дыплом ІІІ ступені (настаўніца – Н.В. Ярмак).
Дарэчы, ужо вядома, што гонар нашага раёна і вобласці на апошнім, заключным, этапе рэспубліканскай алімпіяды будуць абараняць Уладзіслаў Міхно, Маргарыта Шаўчэнка, Юля Сцефановіч і Ангеліна Пятровіч.
Віншуем пераможцаў і прызёраў абласной алімпіяды і іх настаўнікаў і жадаем поспехаў на заключным этапе!


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.


Фота з сайта mk.ru.