Победители олимпиад продолжают раскрывать свою формулу успеха

олимпиада школьнаяСёлета на абласных прадметных алімпіядах “засвяцілася” 12 школьнікаў з гімназіі №1, СШ №1, Міхалішкаўскай школы і Падольскага НПК.

Пра большасць з іх “Астравецкая праўда” ўжо расказвала. Сёння мы папрасілі адказаць на нашыя пытанні яшчэ двух юных алімпіёнікаў Астравеччыны.

1. Як узнікла цікавасць да алімпіяды, і з чаго вы пачынаеце падрыхтоўку да яе?

2. Якія патрабаванні да вучня прад’яўляе настаўнік?

3. У чым складальнікі вашага поспеху?

4. Што вы адчувалі, калі даведаліся пра вынікі алімпіяды?

5. Чым займаецеся пасля школы? Пра што марыце?

формула успеха СергейВасіліса Сяргей, закончыла 9 клас Міхалішкаўскай школы, узнагароджана  граматай на абласной алімпіядзе па беларускай мове:

1. У алімпіядах я ўдзельнічаю з трэцяга класа. Спачатку захаплялася матэматыкай, з чацвёртага класа стала займацца беларускай мовай. З таго часу на раённым этапе ў мяне заўсёды былі Дыпломы І альбо ІІ ступені. Сёлета мне пашчасціла трапіць на вобласць – і гэтая алімпіяда стала для мяне добрым урокам. Цяпер я ведаю, што гэта такое і як трэба займацца, каб чагосьці дасягнуць у будучым.

2. Зразумела, што ўсё гэта адбылося дзякуючы маёй настаўніцы Наталлі Валянцінаўне Ярмак, якая займаецца са мной з 6 класа. Мы сустракаемся штодзень – яна дае заданні, а потым мы разбіраем тыя тэмы, якія падаліся мне складанымі. Наталля Валянцінаўна – добрая і справядлівая, яна заўсёды разу-мее вучняў і дапамагае парадай.  На маю думку, настаўнік не павінен прымушаць вучыць той ці іншы прадмет. Калі да яго ляжыць душа –  тады будзеш займацца сам. А роля настаўніка ў такім выпадку – дапамагаць і накіроўваць.

3. Я – выдатніца, але не скажу, што мне лёгка даюцца ўсе прадметы. Да вывучэння некаторых, каб атрымаць высокі бал, даводзіцца прыкладаць намаганні. Люблю беларускую і рускую мовы, а таксама хімію. Што тычыцца беларускай мовы, то я стараюся карыстацца ёй  і ў паўсядзённым жыцці. Думаю, што яе веданне не зашкодзіць мне ў будучым.

Я  таварыская дзяўчына,  і ў мяне ёсць сапраўдныя сябры – тыя, з кім люблю праводзіць вольны час, з кім магу паглядзець цікавы фільм, паспяваць,  прагуляцца па вёсцы.

4.  Падчас алімпіяды кожнага з нас чакалі тры этапы: водгук, лінгвістычны конкурс і вуснае выказванне. Усе яны на самой справе вельмі складаныя. Больш за ўсё мне спадабалася выконваць заданні лінгвістычнага конкурсу, на якім трэба паказаць веданне мовы. Гэта вельмі  цікава! А вось з водгукам было складана – давялося прыкласці намаганні, каб яго напісаць. У цэлым я задаволена сваім выступленнем. Буду працаваць больш, рыхтавацца да наступнай алімпіяды – і,  спадзяюся, змагу паказаць лепшы вынік, чым у гэтым годзе.

5. Я люблю слухаць музыку і спяваць народныя песні. Займаюся ў “Міхалінцы” – спяваю з 6 класа. У будучым хачу стаць урачом. І хоць  многія лічаць, што ў такім выпадку беларуская мова мне не спатрэбіцца, я ўсё роўна буду яе вывучаць – для сябе, для душы, для ўсведамлення таго, што я – беларуска.

формула успеха ШилькоКацярына Шылько, выпускніца Падольскага НПК, атрымала грамату на абласной алімпіядзе  па нямецкай мове:

1. Цікавасць да нямецкай мовы ў мяне ўзнікла яшчэ ў дзяцінстве. Першым у школу пайшоў мой брат – менавіта ад яго я пачула першыя нямецкія словы. А потым яе вывучэннем мяне зацікавіла Людміла Фабіянаўна Валадзько.  На той час у нашай школе можна было выбіраць англійскую ці нямецкую мовы. Было вельмі прыемна чуць разважанні Людмілы Фабіянаўны пра значэнне нямецкай мовы ў жыцці чалавека – тады  я дакладна вызначылася, што буду вывучаць менавіта  нямецкую.

Спачатку я проста  запамінала нямецкія словы, потым пайшло вывучэнне граматыкі, стала ўдзель-нічаць у раённых алімпіядах. Займала другія-трэція месцы, а сёлета па рэйтынгу прайшла на абласную  алімпіяду.

2. Людміла Фабіянаўна Валадзько – клапатлівая, чулая, ветлівая жанчына, настаўнік-прафесіянал, кампетэнтны  ва ўсіх пытаннях. Для мяне яна –  другая мама, якая заўсёды падтрымае і дапаможа. Мы займаліся практычна кожны дзень:  выконвалі тэсты, паўтаралі граматыку, размаўлялі на вольныя тэмы – нам было лёгка працаваць. А што тычыцца патрабавальнасці настаўніка, то яна ў першую чаргу павінна залежаць ад характару вучня. Я вывучала нямецкую мову таму, што мне было цікава.

3. Я – вясёлая, пазітыўная, жыццярадасная. А Людміла Фабіянаўна навучыла мяне быць чулай у адносінах да іншых людзей.  Мне лёгка даваліся  мовы, а вось з дакладнымі навукамі было  крыху складаней, таму даводзілася  быць стараннай.

4. Я вельмі хвалявалася. Па праўдзе кажучы, атрымаць прызавое месца на абласной алімпіядзе я не разлічвала. А вуснага выказвання баялася больш за іншыя этапы алімпіяды. І вельмі ўзрадавалася, калі ўбачыла, што менавіта за вуснае выказванне мяне ўзнагародзілі граматай. Першай, каму я сказала пра ўзнагароду, была Людміла Фабіянаўна. Потым патэлефанавала бацькам.

5. Увесь вольны час  я прысвячала вучобе – падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай і нямецкай мовах і гісторыі Беларусі.

Паступаць планую  ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт –  хачу стаць лінгвістам і ў будучым зарэкамендаваць сябе, як  высокакваліфікаваны знаўца  замежных моў.

Няхай у гэтых таленавітых і жыццярадасных дзяўчат усё атрымаецца! Поспеху вам і новых перамог!