Первая школа города Островца предстанет в обновлённом виде
Сярэдняя школа №1 г. Астраўца – старэйшая ўстанова горада. Функцыянавала яна яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны, а пасляваеннае жыццё школы пачалося ў 1944 годзе. Праўда, тады гэта была школа-сямігодка. У новы сучасны будынак вучні і настаўнікі перасяліліся ў далёкім 1971 годзе.З таго часу прайшло больш за сорак гадоў. Школа жыве звычайным жыццём: тут праходзяць заняткі і выхаваўчыя мерапрыемствы, дзеці спасцігаюць навукі, а педагогі прывіваюць сваім вучням лепшыя маральныя якасці. Але неабходнасць рамонту тут з кожным годам адчувалася ўсё больш яскрава.
У маі бягучага года ў сярэдняй школе №1 г. Астраўца пачаліся рамонтныя работы, якія школа выконвала гаспадарчым спосабам. Першапачаткова на гэта было выдзелена 200 мільёнаў беларускіх рублёў. Тады адміністрацыя школы вырашыла заняцца рамонтам будынка, у якім знаходзяцца працоўныя майстэрні, бо асноўны будынак школы чакаў капітальны рамонт.
Першая справа, за якую ўзяліся ў школе, – капітальна адрамантавалі дах дадатковага будынку – на гэта зрасходавалі 91 мільён беларускіх рублёў. І адразу ж заняліся вокнамі – сёння іх замянілі ва ўсім будынку.
Змянілася і прызначэнне некаторых памяшканняў, якія тут знаходзіліся. Так, было вырашана ў адрамантаваны будынак перамясціць школьную бібліятэку. А напярэдадні новага навучальнага года пасля правядзення рамонтных работ у прыстасаваным будынку адкрыўся інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр. Цяпер тут можна не толькі ўзяць кнігу дамоў, але і пачытаць літаратуру ў чытальнай зале, знайсці неабходную інфармацыю з дапамогай сеткі інтэрнэт.
Яшчэ адно прыстасаванае памяшканне было вырашана пераабсталяваць у канферэнц-залу. Вольнага памяшкання, у якім можна было б праводзіць педагагічныя саветы ці нарады, у школе няма, і заўсёды даводзілася шукаць выйсце – праводзіць іх у сталовай, якая сумяшчаецца з актавай залай, ці займаць адзін з класных пакояў.
Сёння ў новенькай канферэнц-зале ўжо праходзяць школьныя мерапрыемствы. А новая мэбля, тэлевізар і інтэрактыўная дошка – усё спрыяе павышэнню кваліфікацыі настаўнікаў і якасці выкладання прадметаў.
Унутраную аддзелку ў гэтых памяшканнях дапамаглі зрабіць работнікі фірмы “Дзяткобуд”. І трэба адзначыць, што зрабілі яны ўсё прыгожа і акуратна.
Наступным этапам стаў рамонт у той частцы будынка, дзе знаходзяцца кабінеты працы для хлопчыкаў і дзяўчынак. Перш за ўсё тут узяліся за добраўпарадкаванне санвузлоў. Па праекту месца пад іх было выдзелена, але на самой справе яны ніколі не функцыянавалі. І пасля таго, як памяшканні, у якіх яны павінны былі размяшчацца, былі адкрыты і вызвалены ад смецця пачалася работа па пракладцы водаправоднай і каналізацыйнай сетак.
На дапамогу зноў прыйшлі прадпрымальнікі – Аляксандр Генрыхавіч Захарэвіч з “Віслабуд” і індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Антонавіч Скарульскі. Сёння санвузвы ўжо зіхацяць новенькай пліткай – засталося толькі ўстанавіць унітазы і ўмывальнікі.
Неўзабаве плануецца пачаць добраўпарадкаванне школьных кабінетаў працы, якія размяшчаюцца тут жа.
– Хацелася б да канца наступнага года давесці ўвесь гэты будынак да ладу, – дзеліцца марамі дырэктар школы Марына Мар’янаўна Кутовіч. – У планах – пры наяўнасці фінансавання, вядома, – зрабіць рамонт у кабінетах працы і пераабсталяваць памяшканні, у якіх сёння размешчаны склады аддзела адукацыі, у школьны музей. Сёння ён месціцца ў цеснаватым памяшканні, і мы не можам паказаць усё тое, што ў нас сабрана. Увогуле ў нас разам з новым кіраўніком школьнага музея Вольгай Рамуальдаўнай Нікалайкавай шмат планаў.
– Што датычыцца рамонту, – працягвае Марына Мар’янаўна, – то ў планах таксама давядзенне да ладу фасаду будынка – хацелася б яго патынкаваць і пафарбаваць. Мы вельмі ўдзячны ўсім, хто дапамог і дапамагае нам у правядзенні рамонтных работ. У першую чаргу, гэта кіраўніцтва райвыканкама і асабіста сам старшыня Адам Дзмітрыевіч Кавалька, які прымае ў абнаўленні нашай школы самы непасрэдны ўдзел – добрай парадай і падтрымкай; а таксама кіраўніцтва аддзела адукацыі, нашы настаўнікі, вучні і іх бацькі. Толькі дзякуючы сумесным намаганням мы можам зрабіць добрую справу – добраўпарадкаваць школьны дом, у якім дзеці і настаўнікі праводзяць значную частку дня.
Але не толькі гаспадарчым спосабам праводзіцца рамонт у школьных памяшканнях. Сёлета пачатак новага навучальнага года супаў з пачаткам у школе капітальнага рамонту. Пачаўся ён з даху, які не раз выпрабоўваў настаўнікаў і вучняў на трываласць. Калі пачыналіся зацяжныя дажджы, трэці паверх школы паціху ператвараўся ў невялікі басейн – без вёдраў і тазікаў не абыходзілася.
Рамонт даху, які выконваюць рабочыя будаўнічага ўпраўлення №95 г. Смаргонь, пачаўся першага верасня і, згодна з праектнай дакументацыяй, павінен закончыцца ў сярэдзіне лістапада. Новы дах, хоць яшчэ і не закончаны, ужо прайшоў выпрабаванне на трываласць. Восеньскі дождж не прынёс непрыемных сюрпрызаў для СШ №1. І ў будучым праблем, як абяцаюць спецыялісты, не ўзнікне. Усяго ж на рамонт даху будзе зрасходавана больш за 956 мільёнаў беларускіх рублёў.
У цэлым прадугледжаны чатыры этапы рамонту школьнага будынка. Першы з іх – рамонт даху. Другі прадугледжвае ўстаноўку новых вокнаў на трэцім паверсе і рамонт усіх памяшканняў, якія тут размешчаны, а таксама добраўпарадкаванне харчблока і спартыўнай залы, замена сістэмы ацяплення ва ўсім будынку і электраправодкі трэцяга паверху.
Тэндар на выкананне будаўнічых работ другога этапу, заказчыкам якіх з’яўляецца раённае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, выйграла адкрытае акцыянернае таварыства “Будаўнік” горада Ашмяны.
Рамонтныя работы другога этапу ў школе пачаліся 16 верасня з устаноўкі шклопакетаў – яны з’явіліся на трэцім паверсе і ў спартыўнай зале. І адразу ж рабочыя пачалі рабіць адкосы і выраўніваць сцены. Улічваючы той факт, што школа будавалася ў сямідзясятыя гады, – работы шмат.
Падчас штаба, удзел у якім прынялі спецыялісты раённага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва, аддзела адукацыі і ААТ “Будаўнік” і работу якога ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Мікалаевіч Аксютчык, разглядалася магчымасць прадаўжэння рамонтных работ на трэцім паверсе.
Справа ў тым, што рамонт школы і вучэбны працэс тут праходзяць паралельна. Менавіта гэта выклікае цяжкасці. Сёння ў сярэдняй школе №1 вучыцца 614 школьнікаў, якія займаюцца ў дзве змены. 209 з іх прыходзяць на заняткі ў другой палове дня. І тым не менш, з-за недахопу класных кабінетаў праводзіць заняткі даводзіцца і на трэцім паверсе, дзе ідзе рамонт.
Каб пазбегнуць надзвычайных сітуацый, было прапанавана рамонт у класных памяшканнях праводзіць паэтапна, задзейнічаўшы пры гэтым па тры-чатыры кабінеты і перакрыўшы частку калідора.
Здаецца, што такое рашэнне павінна задаволіць усіх. Пры гэтым спецыялісты ААТ “Будаўнік” паабяцалі здаваць клас у амаль поўнай гатоўнасці – з замененай электраправодкай, выраўненымі столяй і сценамі.
А вось перарабіць сістэму ацяплення і пакласці новую падлогу цяпер не атрымаецца – гэтыя работы будуць праводзіцца пасля заканчэння ацяпляльнага сезона.
Сёння ўжо можна гаварыць і пра змены, якія закранулі спартыўную залу. Пакуль што тут устанавілі новыя вокны – рамонт рабіць няма магчымасці, каб не парушаць адукацыйны працэс. Але зала ўжо пасвятлела і змянілася.
Толькі за верасень і кастрычнік будаўнікі асвоілі амаль 600 мільёнаў рублёў. Яшчэ 400 мільёнаў будуць затрачаны да канца бягучага года. У цэлым жа на рамонтныя работы другога этапу згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй плануецца зрасходаваць 8 мільярдаў 200 мільёнаў рублёў.
Аднак у бліжэйшыя гады школу чакаюць яшчэ трэці і чацвёрты этапы работ. Праект трэцяга этапу, падчас якога будуць даведзены да ладу першы і другі паверхі, сёння знаходзіцца на стадыі распрацоўкі.
А вось падчас чацвёртага этапу капітальнага рамонту сярэдняй школы №1 прадугледжаны аддзелка фасаду будынка і добраўпарадкаванне яе тэрыторыі.
Нязручнасці ў сувязі з рамонтам адчуваюцца ўсюды, яны бачны няўзброеным вокам, але ўжо тое, што на праблемы СШ №1 звярнулі ўвагу і яны пачалі вырашацца, – вельмі добра. Варта крыху пацярпець – і неўзабаве школа сустрэне настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў у абноўленым, прыгожым выглядзе.
------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
