Педагогический совет прошёл в новом формате
Раённая нарада работнікаў і спецыялістаў сістэмы адукацыі па тэме “Адукацыйная стратэгія раёна: інтэлект, творчасць, патрыятызм” прайшла напярэдадні новага навучальнага года. Сёлета педагагічная нарада праходзіла ў новым фармаце: не гучалі даклады аб выніках года, а мерапрыемства было арганізавана ў выглядзе падарожжа на караблі пад назвай «2014-2015 навучальны год», падчас якога дэманстраваліся відэаролікі па розных накірунках дзейнасці сістэмы адукацыі. А яшчэ канферэнцыя вялася на дзвюх мовах – рускай і беларускай. Да таго ж вялі яе настаўніцы Алена Чаславаўна Севасцьян і Тамара Іосіфаўна Качкан – пераможцы абласнога конкурсу «Настаўнік года».
Пачалося пасяджэнне з прывітання – з пачаткам новага навучальнага года ўсіх педагогаў павіншавалі вучні Альхоўскай школы. Яны ж падзяліліся з удзельнікамі свята рэцэптам здаровага настаўніка.
Былі на свяце педагогаў і запрошаныя госці: галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аліна Баляславаўна Грэцкая, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эду-ардаўна Тальчук, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, пракурор Астравецкага раёна Аляксандр Іосіфавіч Марцінчык. А большасць залы склалі, канешне ж, педагогі – настаўнікі, прадстаўнікі адміністрацыі, спецыялісты аддзела адукацыі, ветэраны педагагічнай працы, а таксама школьнікі і іх бацькі.
Новаўвядзеннем стала і тое, што маладых педагогаў – а сёлета іх было ажно 39 – віталі дырэктары школ.
– Настаўніцкі хлеб ніколі не быў лёгкім, але будзьце аптымістамі, – сказала ў прывітальным слове дырэктар СШ №1 Марына Мар’янаўна Кутовіч. – Калі Бог адчыніў перад вамі дзверы, значыць тут павінны быць менавіта вы!
А дырэктар Рымдзюнскай школы з беларускай мовай навучання Віктар Віктаравіч Спірыдон падзяліўся з маладымі педагогамі важнейшымі правіламі настаўніка, галоўнае з якіх – не нашкодзь. Хочацца верыць, што гэтыя маладыя, прыгожыя людзі будуць не толькі часткай педагагічнай грамадскасці нашага раёна, дзе яны атрымалі сваё першае рабочае месца, але і стануць сапраўднымі настаўнікамі з вялікай літары, якімі будуць ганарыцца іх калегі, паважаць бацькі і дзеці.
Падчас пасяджэння прайшло шэраг цікавых выступленняў. Так, выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 Астраўца віталі ўдзельнікаў мерапрыемства на пяці мовах: беларускай, рускай, польскай, літоўскай і ўкраінскай – менавіта на базе гэтага садка працуе рэспубліканская інавацыйная пляцоў-ка па палікультурным выхаванні.
А колькі радасці і незабыўных эмоцый падарылі дашкольніцы Ксенія Кусойць, Вікторыя Дэнюш і Анастасія Лаўрэцкая, якія прэзентавалі перад педагогамі з усяго раёна свае першыя навуковыя даследванні!
Не адвесці вачэй было ад кадэтаў Гудагайскай школы. Ужо некалькі гадоў на базе гэтай установы адкрываюцца ваенна-патрыятычныя класы. І ўпэўнена, што тыя, хто прайшоў кадэцкую школу, стануць сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі нашай краіны!
Сваю школу, а разам з гэтым і рэарганізацыю сістэмы адукацыі прадэманстравалі ў сваім выступленні педагогі і вучні Варнянскага НПК.
Пра вопыт захавання сямейных традыцый расказала сям’я Аляксеявец з Гервяцкай школы.
Вопытам работы падзяліліся педагогі Алена Чаславаўна Севасцьян (гімназія №1) і Наталля Мар’янаўна Дземяшкевіч (СШ №1). А пераможца рэс-публіканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры Маргарыта Шаўчэнка расказала пра сваю формулу поспеху і шчыра павіншавала ўсіх педагогаў з пачаткам новага навучальнага года.
І, канешне ж, гучалі словы віншаванняў ад галоўнага спецыяліста ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аліны Баляславаўны Грэцкай, старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Эдуардаўны Тальчук, намесніка старшыні райвыканкама Віктара Збігневіча Свілы, пракурора Астравецкага раёна Аляксандра Іосіфавіча Марцінчыка, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталлі Іосіфаўны Станкевіч.
Падчас канферэнцыі былі падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы ўстаноў адукацыі. Так, лепшымі сярод лепшых сталі Альхоўскі дзіцячы сад, Падольскі НПК і Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Названыя ўстановы адукацыі атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі.
У гэты дзень і шэраг педагогаў Астравеччыны былі ўзнагароджаны граматамі і па-дзячнымі пісьмамі рознага ўзроўню.
А закончылася нарада педагагічных работнікаў на яшчэ адной пазітыўнай ноце – музычна-забаўляльную праграму педагогам падарылі супрацоўнікі і выхаванцы цэнтра творчасці, дзяцей і моладзі.
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.



