Педагоги Островетчины подвели итоги работы и обозначили актуальные проблемы

совет образованияСавет аддзела адукацыі, спорту і турызму, удзел у якім прыняў старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, прайшоў у Астраўцы.

Да выніковых мерапрыемстваў педагогі заўсёды падыходзяць творча, і на гэты раз у фае гімназіі №1 – менавіта тут размясціліся выставы-прэзентацыі ўстаноў адукацыі па выніках мінулага года – панавалі творчасць і крэатыўнасць, а школьнікі і кіраўнікі навучальных устаноў прадстаўлялі лепшыя напрацоўкі.
Гімназія №1 і Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці прэзентавалі сябе як лепшыя ўстановы адукацыі раёна. Прадстаўнікі Гервяцкай школы расказвалі пра сістэму работы з кадрамі. Гудагайскія школьнікі прадставілі сістэму профільных класаў спартыўнага, педагагічнага, ваенна-патрыятычнага і прававога накірункаў. Альхоўская школа і Альхоўскі дзіцячы сад славяцца ў раёне выкананнем работ гаспадарчым спосабам, а Падольскі НПК – арганізацыяй здаровага харчавання школьнікаў. Забягаючы наперад скажу, што кожная з гэтых устаноў была напрыканцы пасяджэння савета ўзнагароджана адпаведным дыпломам аддзела адукацыі, спорту і турызму.
Між тым на разгляд удзельнікаў пасяджэння было вынесена некалькі пытанняў. Асноўнае з іх, якое датычылася падвядзення вынікаў работы сістэмы адукацыі нашага раёна, агучыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч, якая падрабязна спынілася на ўсіх аспектах працы педагогаў раёна, агульная колькасць якіх у бягучым годзе складае 533 чалавекі.
совет образования1– Намаганні аддзела адукацыі, спорту і турызму ў 2015 годзе былі накіраваны на павышэнне якасці адукацыі і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Сярэдні бал паспяховасці вучняў склаў 7,1. Восем выпускнікоў закончылі навучанне на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі з адзнакай і ўзнагароджаны залатым медалём, дзесяць дзевяцікласнікаў атрымалі пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання атрыманы 100-бальны сертыфікат, – расказала Наталля Іосіфаўна.
совет образования2Актуальныя праблемы па папярэджанні правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх агучыла намеснік начальніка аддзела адукацыі Алеся Казіміраўна Кашко. Нягледзячы на шэраг цікавых мерапрыемстваў, якія праходзяць ва ўстановах адукацыі раёна, колькасць школьнікаў, якія здзяйсняюць правапарушэнні і злачынствы, не змяншаецца. Так, у мінулым годзе зарэгістравана 32 правапарушэнні і 3 злачынствы.
Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Данута Іосіфаўна Петрык расказала пра абарону правоў і законных інтарэсаў дзяцей, дзе станоўчым момантам з’яўляецца павелічэнне працэнта вяртання дзяцей у біялагічныя сем’і. Атрымалася знізіць і тэмпы сацыяльнага сіротства.
совет образования3– Так, згодна са статыстыкай, у раёне пражывае 61 дзіця-сірата, 99 дзяцей з 56 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 13 дзяцей з 8 сем’яў прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. І менавіта ад дарослых людзей залежыць рост і змяншэнне сацыяльнага сіротства, а таксама тое, у якіх сем’ях будуць выхоўвацца гэтыя дзеці, – упэўнена Данута Іосіфаўна.
Вынікі работы аддзела адукацыі, спорту і турызму падвеў старшыня Астравецкага райвыканкама. Адам Дзмітрыевіч высока ацаніў працу педагогаў і пажадаў не апускаць высока паднятую планку.

----------------------------
Алена СВЕТЛАЯ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.