Педагоги из Дятловского района посетили учреждения образования Островетчины
На мінулым тыдні педагогі з Дзятлаўскага раёна наведалі ўстановы адукацыі Астравеччыны.Ідэя наведаць Астравеччыну з’явілася ў дзятлаўчан пасля леташняга абласнога семінара “Беларускага саюза жанчын”: старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі жанчын Алена Іванаўна Жадзейка працуе намеснікам начальніка аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, і тое, што яна ўбачыла, вырашыла паказаць і сваім калегам – кіраўнікам устаноў адукацыі Дзятлава і раёна.
Знаёмства з сістэмай адукацыі Астравецкага раёна пачалося з наведвання Гудагайскай школы, якая славіцца кадэтамі: сёлета тут, акрамя ваенна-патрыятычнага, быў адкрыты і прававы клас. Менавіта выхаваўчыя заняткі ў прававым класе і прадэманстравалі педагогі. А затым госці з Дзятлава накіраваліся ў аддзел пагранічнай службы “Гудагай”, на базе якога прайшлі заняткі ў ваенна-патрыятычным класе.
Шмат пазітыўных эмоцый атрымалі педагогі ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, які быў прызнаны “Брэндам года Гродзенскай вобласці”. Вока радавала ўсё: і добраўпарадкаванне, і эстэтычнае афармленне кабінетаў, і заняткі ў гуртках. А колькі захаплення ў гасцей выклікалі самаробныя вырабы з саломкі!
Знаёмства з сістэмай адукацыі прадоўжылася ў гімназіі №1 – пра адзіную ў раёне ўстанову падобнага тыпу расказала яе дырэктар Ірына Антонаўна Лях.
Затым гасцей з Дзятлава чакала экскурсія па раёне: Мальскі дзіцячы сад-пачатковая школа, які летась дапамог часткова вырашыць вострую праблему з месцамі ў дашкольных установах адукацыі, Варнянскі НПК з арыгінальным добраўпарадкаваннем тэрыторыі і эколага-біялагічным накірункам, Міхалішкаўская школа, якая славіцца ўзорнай вакальнай групай “Міхалінка” і інфармацыйнымі тэхналогіямі – усе педагогі гэтай школы маюць сертыфікат карыстальнікаў, Рымдзюнскі цэнтр адукацыі, культуры і інфармацыі, у якім пад адным дахам працуюць дзве школы – з беларускай і літоўскай мовамі навучання, Гервяцкая школа, якая вядома ў раёне і за яго межамі сваёй чысцінёй, утульнасцю і добраўпарадкаванасцю – дзятлаўскім педагогам спадабалася ўсё.
Наведалі госці і Міхалішкаўскі касцёл з яго багатай гісторыяй і ўнутраным убранствам, і Гервяцкі храм, які нікога не можа пакінуць раўнадушным.
А самай эмацыянальнай і запамінальнай кропкай падарожжа дзятлаўскіх педагогаў па Астравеччыне стаў канцэрт арганнай музыкі, які прагучаў у Гервяцкім касцёле.
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
