Педагоги-инноваторы Гудогайской школы продемонстрировали, что желание - это множество возможностей
Трэці год педагогі і вучні Гудагайскай школы працуюць па інавацыйнай тэме «Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна адказных паводзін папярэджання сацыяльнай рызыкі і дэструктыўнай дзейнасці» і, каб пазнаёміць намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце ўсіх школ раёна з тым, што хаваецца пад такой складанай тэмай, запрасілі іх да сябе ў госці.У школе прайшло пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання, куратарам якога з’яўляецца галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту и турызму Людміла Міхайлаўна Апановіч.
Падобныя семінары заўсёды праходзяць у творчай форме. А гудагайскім настаўнікам творчасці не займаць. Таму педагогаў з усяго раёна тут сустракалі ў імправізаванай “Зале чакання” – нездарма ж школа знаходзіцца побач з чыгуначнай станцыяй. І тут было ўсё: буфет, прагляд сацыяльных ролікаў школьнага прэс-цэнтра, які працуе пад кіраўніцтвам Святланы Станіславаўны Пілецкай, набыццё білетаў на поезд і адпраўленне цягніка з некалькімі вагончыкамі. Словам, настаўнікі і вучні пастараліся. Але да справы.
Інавацыйную дзейнасць у школе курыруе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Мікалаеўна Жалток, якая змагла зацікавіць многіх калег-педагогаў інавацыяй, што і прадэманстраваў творчы калектыў педагогаў-інаватараў падчас семінара.
– Дзякуючы гэтай інавацыі мы сапраўды змаглі зрабіць многае, – расказвае Ірына Мікалаеўна. – Так, сёння ў школе працуе некалькі новых тыпаў класаў: ваенна-патрыятычныя, прававы і педагагічны, павысілася якасць праводзімых выхаваўчых мерапрыемстваў, і галоўнае – мы змаглі знізіць узровень злачыннасці сярод непаўналетніх нашай школы.
У адпаведнасці з набытымі білетамі настаўнікі размеркаваліся па вагонах. Адны трапілі ў творчую гасціную клуба “Вера. Надзея. Любоў”, які вядзе Таццяна Уладзіміраўна Грыва, другія – на інтэрактыўны занятак “Пяць ступеняў да ўсвядомленага выбару. Практыка адмовы”, які правялі валанцёры-інструктары роўнага навучання пад кіраўніцтвам Ірыны Мікалаеўны Жалток. А падчас занятку Марыі Алегаўны Мальдзіс педагогі з дапамогай форума-тэатра “ігралі жыццё” і спрабавалі яго змяніць да лепшага.Быў час і на адпачынак. У творчай майстэрні, якую ўзначаліла настаўніца пачатковых класаў Марына Эдвардаўна Барысевіч, настаўнікі стваралі паштоўкі ў тэхніцы аб’ёмнай аплікацыі і кляксаграфіі і выраблялі “фенечкі”.
А потым пачаўся метадычны палілог: педагогі школы Наталля Аляксандраўна Хадоркіна і Ірына Станіславаўна Шукель падзяліліся інавацыйнымі формамі арганізацыі выхаваўчай работы. А ўдзельнікі семінара змаглі выказацца па ўсім, што ўбачылі і пачулі ў Гудагаі.
Час прабег хутка. І правялі яго настаўнікі з карысцю. І, што галоўнае, яны яшчэ раз упэўніліся ў тым, што жаданне – гэта мноства магчымасцей, якія ім і прадэманстравалі педагогі-інаватары Гудагайскай СШ.
