Пагаворым па-беларуску?

пісьменства1Заўтра адзначаецца Дзень беларускага пісьменства і друку. І мы віншуем з  гэтым святам усіх, для каго гэта – свята, хто памятае, адкуль “мы ёсць пайшлі” і ідэнтыфікуе сябе беларусам не па запісе ў пятай графе пашпарта і не па месцы нараджэння, а па галоўнай прыкмеце нацыі – роднай мове.

Гавары са мной па-беларуску!


Так, можна – і трэба! – ведаць як мага больш моў: гэта дапамагае ў стасунках з людзьмі розных нацыянальнасцей, аблягчае жыццё ў падарожжах, пашырае кругагляд і павялічвае магчымасці самаразвіцця. Але калі чалавек ведае мноства моў – і пры гэтым на роднай, у нашым канкрэтным выпадку – на беларускай, як часта жартам гавораць, апраўдваючыся, умее, як сабака, разумець – але не звязаць пары слоў, гэта прыніжае ўсе яго дасягненні. Бо аўтаматычна такі чалавек адносіцца да катэгорыі “іванаў непомнячых”. Такіх, на жаль, у нас нямала – хоць многія з іх лічаць сябе шчырымі патрыётамі Беларусі.

Сёння многія канстатуюць рэнесанс беларускай мовы: моладзь, ды і людзі старэйшага пакалення імкнуцца хто ўспомніць, хто вывучыць нанова “мову тытульнай нацыі”, здабыткі векавой народнай культуры, традыцыі. Кажуць, што ў гэтым больш моды, чым свядомага нацыянальнага самаўсведамлення, і часам – мы аб гэтым неаднойчы пісалі – у сваім імкненні да беларускасці маладыя гатовы “разам з вадой выплюхнуць і дзіця”, пазбавіцца ад сапраўды народнай мовы і звычаяў, замяніўшы іх новапрыдуманымі ці запазычанымі ў іншых моў і народаў. Але ў любым выпадку такі рух да беларушчыны, да свайго, роднага, нельга не вітаць. Таму што верыцца: гэты маладзёжны нігілізм, які ўласцівы кожнаму пакаленню, калі ўсё, што робяць, гавораць, раяць старэйшыя, здаецца няправільным, архаічным, з цягам часу пройдзе – і застанецца сапраўдная, шчырая любоў да народнага, па-сапраўднаму беларускага – слова, казак, традыцый… А значыць – да свайго народа, да нашай дзяржавы, назва якой – Беларусь!

Заўтра – Дзень беларускага пісьменства. І я прапаную ўсім, хто ўсведамляе сябе беларусам, прысвяціць яго беларускай мове. Пагаварыць – ці хоць бы паспрабаваць гэта зрабіць! – на роднай мове са сваімі блізкімі, сябрамі, суседзямі. Так, напачатку яны, магчыма, паглядзяць на вас са здзіўленнем, а затым, паверце – з павагай, бо беларуская мова даўно перастала атаясамлівацца з мовай “дзярэўні”, а стала прыкметай адукаванага інтэлігентнага чалавека. Пачытаць беларускія кнігі – і адкрыць для сябе смак мастацкага слова, глыбіню думкі і свежасць пачуццяў, перададзеных майстрамі на роднай мове. Паслухаць беларускія песні – і  атрымаць асалоду ад іх мілагучнасці. І гэтым самым зрабіць свой маленькі асабісты ўнёсак у развіццё беларускага пісьменства, мовы, культуры.

Хачу папярэдзіць: спачатку будзе цяжка – думаць па-руску і перакладаць затым кожнае слова. Але потым, спадзяюся, вам спадабаецца. І паслязаўтра, праз тыдзень ці месяц, вам захочацца гаварыць, пісаць, чытаць па-беларуску як мага часцей і больш.

Зрэшты, трэба ж некалі з нечага пачынаць, праўда?

А калі вы затым падзеліцеся з намі сваімі хай сабе і невялікімі, вельмі асабістымі поспехамі і перамогамі на няпростым шляху да беларускасці – а, магчыма, і няўдачамі, без іх жа не бывае – мы будзем вам вельмі ўдзячны!

Ніна РЫБІК.


Станіслаў ВАЛОДЗЬКА


Эмілія Плятэр


Дзе сонца малую яе цалавала,


Дзе кветкі й народныя песні збірала,


Дзе танцы народу свайго танцавала,


Дзе слодыч і горыч кахання спазнала,


 


Успыхнулі, быццам паходні, каліны.


І бачыць нябёсам без слёз не магчыма:


Свой люд падымае на бітву дзяўчына,


Каб больш не таптаў вораг роднай краіны.


 


Гаворыць: “Ад волі нашай залежыць,


Ці будзе ў нас зноў панаваць Незалежнасць!”


За ўласныя грошы набыўшы ім зброю,


Паўстанцаў, ёй верных, вядзе за сабою…


 


… Крывёю іх шчодра зямелька паліта,


Таму гэтак добра і родзіць тут жыта.


Ды горка рабінам на мілай радзіме,


Дзе легла касцьмі прыгажуня-графіня.


 


Тут вольныя зараз вятрыскі гуляюць,


Каліны ў паклоне галовы схіляюць


І неба запальвае свечкі не ў скрусе –


Свая Жанна д’Арк ёсць і на Беларусі!


Касцёр для дваіх


Нас доля звяла і ад шчасця цвіла,


Як луг, на якім ты вяночкі пляла.


Я ж, быццам язычнік, распальваў касцёр –


Ён рукі ў малітве увысь распасцёр.


 


Як продкаў далёкіх, ён нас азарыў


І нам аж да ранку, як друг, гаварыў


Пра чулыя словы на мове сваёй.


І прашчурам бачны здалёку быў ён…


 


Купальскую ноч я забыць не магу –


Касцёр для дваіх у душы берагу.


Таксама й мяне той касцёр беражэ:


Ад нечысці рознай, і грэе й пячэ…


 


А ці зберагла яго, любая, ты?


Ці след яго, можа, даўно ўжо прастыў?


А, можа, у цябе і дагэтуль гарыць


Купальскі касцёр – сонца брат і зары?..



Мае браты


Мае старэйшыя браты,


Мне так вас сёння не хапае.


Спагады вашай, дабраты –


Са мною вецер уздыхае.


 


Са мной схіляецца трава


Прад вашай памяццю ў паклоне.


У многім дзякуючы вам


У дзяцінстве сонечна было мне.


 


З усмешкай добраю часцей


І поўня ў вочы мне глядзела.


І на душы было чысцей,


Бо ў ёй часцей была нядзеля...


 


Няхай вам неба Бог дае.


І, пэўна, Франусь, Яська з Фрэдзем,


Каб на зямлі шляхі мае


Даўжэлі, – моліцеся недзе.


 


Ці ў тым няма маёй віны,


Што зараз Млечнаю Дарогай


Прыходзіце так рэдка ў сны


І там вы госціце не доўга?..



Ігар ПРАКАПОВІЧ


 


***


Пачуцці ападаюць як пялёсткі


З прыгожай кветкі, што на сонцы красавала.


Пусцеюць навакольныя палеткі


І яркіх колераў становіцца так мала.


 


І немагчыма з гэтым саўладарыць,


Бо нельга перайначыць непазбежнасць.


Адзінае, пра што прыемна марыць, –


Гэта мяжа, за якой ёсць бязмежнасць.


 


За той мяжой магчыма паўтарэнне:


Ці пыл касмічны, ці крыніцы кропля.


І будзе гэта пераўвасабленне


Не наша думка і не наша воля.


 


У нейкім іншым зорным вымярэнні


Праз тэрмін часу, што завецца вечнасць,


Нязнанае дзівоснае стварэнне


Напіша верш пра лёсу непазбежнасць…


***


Восень на струнах


сардэчных грае


Сумныя песні свае.


Жоўтае лісце па полі ганяе –


Шоргат іх спаць не дае.


 


Цёмная ноч –


як бяздонная прорва


З пекла да райскіх вяршынь.


Як яшчэ цёпла


было нам учора,


Сёння ж – касмічная стынь.


 


Вочы заплюшчу,


а думкам не спіцца:


Шоргат ім спаць не дае.


Праўда ўжо восень?


Ці можа мне сніцца?


Што ж там так вые-пяе?


 

Кніжкі – як дзеці...


У выдавецтве “Беларускі кнігазбор” выйшла з друку новая кніга вершаў нашага земляка, паэта Рычарда Бялячыца “Вяртанне пчалы”.

ричард белячицКожны паэт і пісьменнік вам скажа, што выхад новай кнігі – гэта як нараджэнне дзіцяці. Аўтар укладвае ў яе сваю душу, роздум бяссонных начэй, сумненні, перажыванні – і выпраўляе ў вялікі свет з трывожным хваляваннем: як сустрэнуць, успрымуць яго запаветнае, выпакутаванае, і адначасова са спадзяваннем-пажаданнем: хай жа доля гэтага дзіцяці складзецца шчасліва…

Такім чарговым “дзіцем” для “шматдзетнага” ў гэтых адносінах “бацькі” Рычарда Бялячыца стала яго новая кніга вершаў -- шчырая размова пра запаветнае, духоўнае ў жыцці, пра лёсавызначальныя моманты ў гісторыі Бацькаўшчыны.

Асобны раздзел новай кнігі прысвечаны тэме кахання – далёкага і блізкага, шчаслівага і расстайнага…

Паэма “Вяртанне пчалы”, якая дала назву зборніку, гучыць шчырай данінай памяці сваёй Айчыне.

У новым зборніку вершаў, як і ва ўсіх папярэдніх, наш зямляк застаецца верным матчынай мове, роднаму слову, якое стала часткай яго асобы яшчэ падчас вучобы, а затым – выкладання ў Варнянскай сярэдняй школе.

Спадзяёмся, што “Вяртанне пчалы” – не апошняя кніга Рычарда Бялячыца, і ён яшчэ не раз парадуе сваіх землякоў нараджэннем новых, не менш разумных і таленавітых “дзетак”.

Ніна АЛЯКСЕЕВА.


Рычард БЯЛЯЧЫЦ


Радзіма


Наша светлае слова – Радзіма,


Што,


Як першыя мары цвілі,


Па зямлі васільковай вадзіла,


Па крывіцкай спрадвечнай зямлі.


 


Ні ў гарах незнаёмых суровых,


Ні ў ільдзінах бясконцых


Ніяк


Не павымерзне смак папяровак,


Сырадою не скончыцца смак.


 


І прыходзіць Радзіма нанова,


Ціхім словам усходзіць штодзень.


А міне мой узрост каляровы –


Ухаплюся за свежы прамень.



Непазбежнае


Парасон па-над летам нясу –


Для цябе, для сябе, дзеля вуліцы.


Пачынаецца з ліпеня сум,


Калі сонца ўставаць залянуецца.


 


Снег сады заварожыць тады.


Толькі ведай, надзейся і вер яшчэ,


Як грыбы,


Адшукаю сляды


Настальгіі былой


І цяперашняй.


 


Хай павераць усмешкам усе –


І бязгрэшныя,


І вінаватыя.


Затаілася,


Доўга пасе


Хітраватай ваўчыцай


Апатыя.


 


Кожны скажа,


Пацвердзіць любы


Прад вячэрняй


завоблачнай вежаю:


Навучыцца кахаць і любіць –


Немагчымае,


Непазбежнае…