Падрастаюць астравецкія алімпіёнікі
Як толькі прайшоў абласны этап рэспубліканскай алімпіяды і, здавалася, што можна адпачыць, школьнікі і іх настаўнікі зноў загаварылі пра ўдзел у інтэлектуальных спаборніцтвах. На гэты раз пазмагацца ў ведах і паказаць свае здольнасці ў Астравец запрасілі школьнікаў з трэцяга па сёмы класы.
Раённаму этапу папярэднічаў школьны – у ім прынялі ўдзел 1264 школьнікі. Напрыканцы сакавіка 203 пераможцы першага этапу прыехалі ў гімназію і СШ №1 – тут прайшлі алімпіяды па матэматыцы, інфарматыцы, рускай, беларускай, англійскай і нямецкай мовах, гісторыі і прадмету “Чалавек і свет”.
Спаборніцтвы праходзілі ў напружанай барацьбе – кожны хацеў стаць першым. У выніку 120 удзельнікаў па рашэнню журы былі ўзнагароджаны дыпломамі рознай ступені. Як аказалася, больш за ўсё юных алімпіёнікаў вучыцца ў СШ №1 – яны атрымалі 26 дыпломаў, і гімназіі №1 – у іх 23 дыпломы.
Добрыя вынікі паказалі таксама выхаванцы Альхоўскай, Дайлідскай, Міхалішкаўскай, Гудагайскай, Гервяцкай сярэдніх школ, Варонскай базавай, Варнянскага, Падольскага і Рытаньскага НПК. Больш за ўсё дыпломаў заваявалі вучні па беларускай, рускай і замежных мовах.
Так, дыпломы першай ступені па рускай мове атрымалі трэццякласніца гімназіі №1 Аліна Вайшнаровіч, вучаніцы чацвёртага класа СШ №1 Аліна Галузіна і гімназіі №1 Насця Мялешка, якая справілася з заданнямі на 95%, пяцікласнікі СШ №1 Дзіма Краўцоў і гімназіі №1 Ксенія Канстовіч, вучаніцы шостага класа Варнянскага НПК Вікторыя Едко і Марыя Ключнік і гімназіі №1 Ксенія Чарняўская. Лепшымі па беларускай мове сталі трэццякласніца Віка Авілкіна і чацвертакласніца Дар’я Юцкевіч з гімназіі №1, пяцікласнікі СШ №1 Аляксандр Вішнеўскі і гімназіі №1 Аліцыя Кусойць, якая выканала 95% алімпіядных заданняў, і Дзіма Белавокі, вучаніца 6 класа Міхалішкаўскай школы Ірына Мужыла.
У спаборніцтвах па англійскай мове дыпломамі першай ступені былі ўзнагароджаны вучні гімназіі №1 Вікторыя Сідарэвіч і Аляксей Пагада. Дарэчы, Аляксей справіўся амаль з 97% заданняў. Выдатныя веды па нямецкай мове паказалі шасцікласніца з гімназіі Вераніка Анімуцкая, якая выканала алімпіядныя заданні на 94%, і школьнік з СШ №1 Уладзіслаў Заяц. Лепшыя веды па матэматыцы прадэманстравалі вучні СШ №1 Расціслаў Гудойць і Дзіма Крупнік. Дыпломы першай ступені па прадмету “Чалавек і свет” атрымалі Максім Булавіцкі з СШ №1 і Юля Станкевіч з гімназіі №1, яны выканалі заданні на 98%, а па гісторыі шасцікласніца Вольга Лукша з Варонскай базавай школы.
Яшчэ 60 вучняў былі ўзнагароджаны дыпломамі ІІ ступені і 37 удзельнікаў – дыпломамі ІІІ ступені.
16 красавіка стартуе наступны этап раённай алімпіяды для вучняў сярэдніх класаў.
Віншуем і жадаем новых перамог!
Алена ЯРАШЭВІЧ.