Падарожжа ў зіму і лета

Не першы раз школьнікі з Маляў на канікулах выпраўляюцца ў падарожжы. А дзякуючы падтрымцы старшыні СВК імя Гашкевіча В.Ч. Далговічу паездкі абыходзяцца бацькам не вельмі дорага. І цяпер праўленне СВК таксама прадаставіла школьнікам і педагогам Мальскай школы аўтобус, на якім яны адправіліся ў падарожжа.


На зімовых канікулах вучням Мальскай школы пашчасціла трапіць у спартыўна-забаўляльны цэнтр, які быў адкрыты ў Маладзечне да рэспубліканскіх “Дажынак”.
Спачатку рабяты завіталі ў Лядовы палац, дзе кожны мог пакатацца на каньках – і нават тыя, хто рабіў гэта ўпершыню, да канца гадзіны ўжо даволі нядрэнна трымаўся на лёдзе.
А потым дзеці змаглі ўспомніць цёплыя летнія дзянькі – паплаваць у басейне і пакатацца з горак у аквапарку.
Час праляцеў весела і хутка. І з новымі сіламі і добрым настроем школькі зноў селі за школьныя парты і ўзяліся за вучобу.


Алена ЯРАШЭВІЧ.