Отправляйте детей в "Ласточку" за хорошим настроением
З надыходам летніх канікулаў многія бацькі пачынаюць задумвацца над тым, чым заняць сваё дзіця, каб ад адпачынку ён атрымаў як мага больш карысці.Адным з самых папулярных “курортаў” для дзяцей з’яўляецца бабуліна хата ў вёсцы – свежае паветра, рэчка, сябры…
Чаго яшчэ жадаць? Але бабулі ёсць не ва ўсіх, ды і не ўсе яны жывуць у вёсцы. Таму альтэрнатывай для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак з’яўляецца адпачынак у летнім лагеры.
У астравецкіх школьнікаў выбар сёлета быў вялікі – аздараўленчыя лагеры на базе школ, летнік для адораных дзяцей “Алімпіёнік”, для турыстаў і аматараў спорту і здаровага ладу жыцця “Вандроўнік”, актывістаў і лідараў паклікала “Вясёлка” і, канешне ж, любы жадаючы мог адпачыць у адзіным стацыянарным лагеры ў нашым раёне “Ластаўка”. За чатыры змены тут змогуць аздаравіцца і добра правесці час 420 школьнікаў рознага ўзросту.
Другая змена “Ластаўкі” працавала пад дэвізам “Ні дня – без свята”, а гэта значыць – кожны дзень тут распісаны літаральна па хвілінах і на кожны было запланавана нават не адно, а некалькі цікавых мерапрыемстваў. Між тым распарадак дня ў летніку праходзіць строга па раскладу. Пад’ём, зарадка, снеданне, работа гурткоў, спартыўныя мерапрыемствы… Але ўсё гэта рабятам толькі даспадобы.
– Нам тут вельмі падабаецца, – хорам на маё пытанне адказваюць самыя маленькія выхаванцы з атрада “Востраў свабоды” і працягваюць: – Мы любім “Ластаўку”! І ў наступным годзе таксама сюды прыедзем! Абавязкова!
Занятасць дзяцей у летніку забяспечвае вялікі калектыў пад кіраўніцтвам дырэктара Арцёма Уладзіміравіча Шатраўскага і старшай выхавальніцы Марыны Генрыхаўны Шаблоўскай. Дапамагаюць ім педагог-арганізатар Алена Віктараўна Урбановіч, псіхолаг Галіна Рамуальдаўна Сярогіна, культработнік Павел Генадзьевіч Букель, інструктар па фізічнай культуры Вадзім Ігаравіч Усціменка, цэлы дэсант педагогаў-выхавальнікаў з розных школ раёна, работнікі кухні і тэхнічны персанал.
Падчас другой змены ў летніку адпачывалі 110 дзетак, усе яны ў адпаведнасці з узростам былі размеркаваны па трох атрадах.
Самыя маленькія адпачывалі ў трэцім атрадзе пад назвай “Востраў свабоды”, другі атрад – “Тарнада” – для дзяцей 10-13 гадоў, а самыя старэйшыя адпачывалі ў першым атрадзе “Халі-Галі”.
Акрамя атрадных і лагерных мерапрыемстваў дзеці падчас усіх змен могуць наведваць гурткі. Старэйшыя зацікавіліся гуртком “Юны журналіст”, які вяла Юлія Анатольеўна Бруйко, малодшым школьнікам больш даспадобы “Музычны калейдаскоп” Аксаны Іванаўны Пазлевіч, і ўсе яны з задавальненнем хадзілі на “Флэш-моб” ад Наталлі Валянцінаўны Янкоўскай.
Жадаючыя, а такіх было 60 чалавек, запісаліся ў бібліятэку, маглі выбраць кнігу ці часопіс. Два разы на тыдзень да дзяцей прыязджае бібліятэкар бібліёбуса з Астраўца Марына Здзіславаўна Пруднічэнкава.
А яшчэ – экскурсія на пагранічную заставу, удзел у “Зарніцы”, сустрэча з супрацоўнікамі раённага аддзе-ла па надзвычайных сітуацыях, благачынным цэркваў Астра-вецкай благачыннай акругі, настаяцелем царквы святых апосталаў Пятра і Паўла Георгіем Савіцкім, педагогамі цэнтра творчасці і шэраг іншых і цікавых мерапрыемстваў. Словам, час тут можна правесці не толькі весела, але і з карысцю.
– Я прыехаў у лагер першы раз, – дзеліцца ўражаннямі Данік Кавалеўскі з Кямелішак. – Мне тут вельмі спадабалася. Асабліва гульня,калі мы шукалі дыверсанта. Тады наш атрад “Тарнада” выйграў – і мы вельмі радаваліся гэтай падзеі. Тут весела. У наступным годзе таксама папрашу бацькоў, каб прывезлі мяне сюды.
На жаль, адпачыць на вадзе ў дзяцей атрымлівалася нечаста – іх, канешне, вывозілі на Янаўскае вадасховішча, але рабілася гэта адзін-два разы за змену. А ў мінулым годзе аддзел адукацыі набыў для “Ластаўкі” пяць басейнаў. Сёлета тры з іх устаноўлены каля карпусоў – і ў гарачае надвор’е, а менавіта такое выпала на другую змену, у дзяцей была магчымасць пад наглядам дарослых “прыняць водныя працэдуры”.
Усё ў летніку арганізавана так, як належыць. Дзяжурны ўрач Інэса Раманаўна Кардзіс і медыцынская сястра Лілія Даніілаўна Вакулік сочаць за здароўем пацыентаў, дзяжурныя педагогі арганізоўваюць цікавыя мерапрыемствы, забаўляльныя праграмы і ахоўваюць іх спакой і сон, а работнікі кухні робяць усё, каб дзеці былі не толькі добра накормлены, але і атрымалі неабходныя вітаміны.
– За гэты год мы адрамантавалі чацвёрты корпус: тут былі заменены столь і падлога, устаўлены новыя дзверы, на вокнах з’явіліся жалюзі, набылі новую мэблю. Зроблены рамонт у сталовай, сюды набылі новае тэхналагічнае абсталяванне для харчблока, сучасныя халадзільнікі і пасудамыечную машына, – расказвае дырэктар летніка Арцём Уладзіміравіч Шатраўскі.
– Дарэчы, жадаючыя адпачыць у “Ластаўцы” ёсць. Пра гэта сведчыць той факт, што ўсе пуцёўкі на трэцюю змену ўжо раскуплены, а вось на чацвёртую яшчэ засталіся – таму кожны можа прыехаць сюды і правесці апошні летні месяц весела і з карысцю, – сцвярджае Арцём Уладзіміравіч.
Словам, прыязджайце ў “Ластаўку” – не пашкадуеце!
________________________
Алена ЯРАШЭВІЧ,
фота аўтара.
