Отдыхать по закону
Парадак прадастаўлення працоўнага водпуску рэгулюецца раздзелам 12 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Працоўны водпуск прызначаны для адпачынку і аднаўлення працаздольнасці, умацавання здароўя і іншых асабістых патрэб работніка. Працоўны водпуск прадастаўляецца за работу на працягу працоўнага года (штогод) з захаваннем работы і сярэдняга заробку.Працягласць водпускаў работнікаў вылічваецца ў каляндарных днях.
Дзяржаўныя святы і святочныя дні (частка першая артыкула 147 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія выпадаюць на перыяд працоўнага водпуску, у лік каляндарных дзён водпуску не ўключаюцца і не аплачваюцца (артыкул 151 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). У тым выпаку, калі на перыяд працоўнага водпуску выпадаюць дзяржаўныя святы і святочныя дні, то водпуск падаўжаецца на адпаведную колькасць каляндарных дзён.
Працягласць асноўнага водпуску абавязковая для ўсіх наймальнікаў і не можа быць меншай за 24 каляндарныя дні.
Згодна з артыкулам 161 ПК РБ частка працоўнага водпуску, якая перавышае 21 каляндарны дзень, па пагадненні паміж работнікам і наймальнікам можа быць заменена грашовай кампенсацыяй.
Замена грашовай кампенсацыяй водпускаў, якія даюцца авансам, цяжарным жанчынам, работнікам, прызнаным інвалідамі, работнікам, якім не споўнілася 18 гадоў, і работнікам за працу ў зоне радыеактыўнага забруджвання і ў выніку аварыі на ЧАЭС, а таксама дадатковых адпачынкаў за працу ў шкодных і (ці) не -бяспечных умовах і за асаблівы характар працы, не дапускаецца.
Працоўны год (артыкул 163 ПК РБ), за які прадастаўляецца працоўны водпуск, -- прамежак часу, роўны па працягласці каляндарнаму году, аднак лічыцца для кожнага работніка з дня прыёму на работу.
Працоўны водпуск за першы працоўны год прадастаўляецца не раней, чым праз шэсць месяцаў працы.Да сканчэння шасці месяцаў працы наймальнік павінен прадаставіць працоўны водпуск па жаданні работніка: жанчынам перад адпачынкам па цяжарнасці і родам ці пасля яго; асобам маладзейшым за 18 гадоў; работнікам, якія прынятыя ў парадку пераводу; сумяшчальнікам, калі працоўны водпуск на асноўным месцы працы выпадае на перыяд да шасці месяцаў працы па сумяшчальніцтву; удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны; жанчынам, якія маюць двух і больш дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў ці дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў; работнікам, якія вучацца ў вячэрніх школах і ўстановах, забяспечваючых атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і пасляўніверсітэцкай адукацыі, у вячэрняй ці завочнай форме атрымання адукацыі; у іншых выпадках, якія прадугледжаны калектыўным ці працоўным дагаворамі, пагадненнем.
Працоўны водпуск за другі і наступныя рабочыя гады прадастаўляецца ў любы час працоўнага года ў адпаведнасці з чарговасцю прадастаўлення працоўных водпускаў, калі іншае не прадугледжана Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь.
Чарговасць прадастаўлення працоўных водпускаў для калектыву работнікаў устанаўліваецца графікам працоўных водпускаў, які складаецца на каляндарны год не пазней за 5 студзеня ці іншага тэрміну, прадугледжанага калектыўным дагаворам, пагадненнем або ўзгодненага наймальнікам з прафсаюзам, і даводзіцца да ведама ўсіх работнікаў. Дата пачатку працоўнага водпуску вызначаецца па дамоўленасці паміж работнікам і наймальнікам.
Наймальнік павінен паведаміць работніку пра час пачатку працоўнага водпуску не пазней за 15 каляндарных дзён.
Згодна з артыкулам 170 ПК РБ наймальнік павінен прадаставіць работніку працоўны водпуск, як правіла, на працягу кожнага рабочага года (штогод). У выключных выпадках, калі прадастаўленне поўнага працоўнага водпуску работніку ў бягучым працоўным годзе можа негатыўна адбіцца на нармальнай дзейнасці арганізацыі, са згоды работніка дапускаецца перанос часткі водпуску на наступны працоўны год.Частка водпуску, якая засталася, не можа быць меншай за 14 каляндарных дзён і прадастаўляецца да заканчэння бягучага працоўнага года. Пераносімая частка працоўнага водпуску па жаданні работніка далучаецца да водпуску за наступны працоўны год ці выкарыстоўваецца асобна.
Забараняецца непрадастаўленне працоўнага водпуску работнікам маладзей за 18 гадоў і работнікам, якія маюць права на дадатковы водпуск у сувязі са шкоднымі і (ці) небяспечнымі умовамі працы.
Па дамоўленасці паміж работнікам і наймальнікам працоўны водпуск можа быць падзелены на дзве часткі, пры гэтым адна частка павінна быць не менш за 14 каляндарных дзён.
За час працоўнага водпуску за работнікам захоўваецца сярэдні заробак. Наймальнік павінен выплаціць яго не пазней, чым за два дні да пачатку водпуску (артыкул 176 ПК РБ).
У выпадках нявыплаты работніку ў вызначаны тэрмін заработнай платы за час працоўнага водпуску (частка 5 артыкула 171 ПК РБ) працоўны водпуск можа быць перанесены.
Па пісьмовай заяве работніка невыкарыстаны працоўны водпуск можа быць прадастаўлены яму з далейшым звальненнем (акрамя выпадкаў звальнення за вінаватыя дзеянні). Днём звальнення лічыцца апошні дзень водпуску (артыкул 178 ПК БР).
Пры звальненні, незалежна ад яго прычыны, работніку, які не выкарыстаў ці выкарыстаў працоўны водпуск не цалкам, выплачваецца грашовая кампенсацыя.
Парушэнне парадку прадастаўлення работнікам працоўных водпускаў (непрадастаўленне працоўнага водпуску на працягу кожнага рабочага года, непрытрымліванне графіка працоўных водпускаў і г.д.) цягне накладанне на службовую асобу наймальніка адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь: парушэнне вызначаных заканадаўствам тэрмінаў выплаты сярэдняга заробку за час працоўнага водпуску цягне прымяненне да службовай асобы адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу памерам да 20 базавых велічынь, да юрыдычнай асобы – да 100 базавых велічынь.
__________________________
Т. ВЯРЖЫНСКАЯ, галоўны дзяржаўны інспектар працы.
Фота з сайта shgpi.edu.ru.
