Островецкий центр творчества детей и молодёжи в очередной раз подтвердил звание "Бренд года"

На мінулым тыдні на базе Гродзенскага дзяржаўнага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі і Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прайшло падвядзенне вынікаў рэспубліканскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі. Удзел у мерапрыемстве прынялі і спецыялісты Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Педагогаў дадатковай адукацыі з усёй рэспублікі спачатку сустракалі ў Гродна. Тут на базе абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі працавалі фотавыставы тэхнічнай творчасці, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Сярод шматлікіх работ дастойнае месца занялі вырабы нашых таленавітых педагогаў, якія працуюць у Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. У выставачнай зале была аформлена выстава беларускіх лялек і аўтарская экспазіцыя вырабаў з саломкі Валянціны Вільеўны Віннічак. А дзяўчаты з тэатра моды Валянціны Вільеўны на гэты раз дэманстравалі ўборы, выкананыя не толькі з саломкі і паперы, але і ў тэхніцы пэчварк.
Падчас пленарнага пасяджэння разглядаліся пытанні развіцця дадатковай адукацыі ў нашай краіне. Сярод выступаючых была і дырэктар Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі – пераможцы абласнога конкурсу «Брэнд года-2013» сярод устаноў дадатковай адукацыі – Вераніка Мар'янаўна Малышка, якая падзялілася з калегамі з усёй рэспублікі сучаснымі падыходамі да выхавання і навучання дзяцей ва ўстановах дадатковай адукацыі.
Словам, Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі ў чарговы раз пацвердзіў званне «Брэнд года» і прадэманстраваў свае дасягненні і вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.