Островецким старшеклассникам рассказали о военных профессиях
У аддзеле пагранічнай службы “Гудагай” прайшло прафарыентацыйнае мерапрыемства “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць”, арганізатарам якога выступілі аддзел адукацыі Астравецкага райвыканкама, ваенны камісарыят раёна і аддзел пагранічнай службы “Гудагай”, а ўдзельнікамі сталі старшакласнікі школ нашага раёна.На сустрэчу да рабят прыехалі ваеннаслужачыя. Раённы ваенны камісар падпалкоўнік Раман Аляксандравіч Курлоў адзначыў, што менавіта на ваенных ляжыць адказнасць па абароне нашай Айчыны.
Прысутнічаў на сустрэчы і намеснік начальніка Смаргонскай пагранічнай групы палкоўнік Дзмітрый Станіслававіч Лепяшэвіч, які расказаў, як можна стаць пагранічнікам. А яго словы пацвердзіў курсант пятага курса Інстытута пагранічнай службы астраўчанін Генрых Ган. Цікавы фільм пра пагранічнікаў і іх службу на мяжы прапанаваў школьнікам намеснік начальніка аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Віталій Аляксандравіч Субаткевіч.
Пазнавальным быў расповед начальніка групы прызыву на ваенную службу раённага ваенкамата капітана Дзмітрыя Зыгмондавіча Багуслаўскага. Ён паведаміў пра ўстановы адукацыі нашай краіны і Расійскай Федэрацыі, у якіх можна атрымаць ваенную адукацыю.
Наш зямляк, у мінулым вучань Гудагайскай школы, Дзяніс Шпіронак сёння вучыцца на 4 курсе факультэта ваеннай разведкі Ваеннай акадэміі. Дзяніс з дзяцінства марыў быць ваенным, і яго мара ў хуткім часе ажыццявіцца. Пра свой факультэт, правілы паступлення, спецыфіку навучання, быт курсантаў і расказаў школьнікам Дзяніс Шпіронак.
А потым супрацоўнікі аддзела пагранічнай службы “Гудагай” арганізавалі рабятам экскурсію па аддзелу, паказалі казарму, узоры сучаснага абмундзіравання і пазнаёмілі з вернымі сябрамі пагранічнікаў – сабакамі, якія дапамагаюць ахоўваць межы нашай краіны.
Многія школьнікі, якія прысутнічалі на сустрэчы, ужо даўно вызначыліся са сваім выбарам, а некаторыя толькі цяпер зразумелі, што хочуць стаць ваеннымі.
У любым выпадку ў кожнага з іх яшчэ ёсць час для роздуму. Варта толькі яшчэ раз усё абдумаць і не забыць падаць неабходныя дакументы ў ваенны камісарыят да 1 красавіка.
-----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
