Островецкие ветераны отметили новогодние и рождественские праздники
Пагадзіцеся: самыя светлыя, радасныя, шчаслівыя ўспаміны дзяцінства ў нас звязаны са святамі – Ражаством, Новым годам, Вялікаднем. Як жа часам хочацца вярнуць тыя цудоўныя імгненні!– А чаму б і не? – падзадорыла сяброў ветэранскага клуба “Актыўнае даўгалецце” яго кіраўнік і генератар ідэй Данута Францаўна Чарнушэвіч. І было вырашана правесці свята навагодняй і каляднай рэтра-ёлкі.
У цэнтры чытальнай залы раённай бібліятэкі ўстанавілі лясную красуню, як некалі ў дзяцінстве, упрыгожылі яе самаробнымі цацкамі – ланцужкамі з каляровай паперы (для іх даўней выкарыстоўваліся вокладкі спісаных вучнёўскіх сшыткаў – жоўтыя, блакітныя, ружовыя, фіялетавыя), папяровымі ліхтарыкамі, імітаванымі доўгімі палачкамі-”цукеркамі” ў бліскучых фанціках… Вешаліся на ёлку і маленькія “райскія” яблычкі, нячастыя ў пару нашага дзяцінства і сапраўдныя цукеркі, замест якіх да свят на галінках заставаліся папяровыя “пулькі”, бо слодыч крадком з’ядалася нецярплівымі ласунамі.
І паліліся ўспаміны – вясёлыя і з адценнем суму. Марыя Паўлаўна Леановіч, чыё дзяцінства прыйшлося на гады Вялікай Айчыннай вайны, пражытыя ў партызанскім краі – Налібоцкай пушчы, узгадала, як ім, дзеткам са спаленага фашыстамі хутара, партызаны паклалі пад елку паблізу зямлянкі паласаты гумовы мячык. Як радаваліся малыя гэтаму сціпламу падарунку! Наталлі Пятроўне Зубенка запомнілася ёлка з прыгожымі цацкамі, якую пакінулі яе сям’і немцы, што кватаравалі ў іх доме…
Згадкамі далёкага дзяцінства падзяліліся з прысутнымі і абмяняліся з імі каляднымі ды навагоднімі пажаданнямі Тамара Сцяпанаўна Петрусевіч, Ніна Адамаўна Маргуж, Алена Антонаўна Валюк. Урэшце кожнай з удзельніц святочных пасядзелак знайшлося што ўспомніць – у маладосці кожная іграла ў навагодніх спектаклях, скакала пад гарадской ёлкай…
У няспешную гаману спакваля ўпляталіся пахі хатніх пірагоў і травяной гарбаты. Заўсёдніцы клуба з цікавасцю знаёміліся з творчасцю Ніны Іосіфаўны Мілаш: яе прыгожыя кошычкі з лазы, цацкі і скарбонкі з лазы і саломкі нікога не пакідаюць абыякавым. Як і выцінанкі ды яйкі-пісанкі “пад Фабержэ” Наталлі Пятроўны Зубенка. Ды і выстаўку старадаўняй паштоўкі прысутныя паглядзелі з цікавасцю – колькі такіх паштовак некалі пасылалі сябрам і родным!
На свяце было шмат смеху, жартаў, вершаў.
---------------------------------------------
Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.
