Островецкие связисты отметили свой профессиональный праздник
7 мая сваё прафесійнае свята адзначалі работнікі сувязі, радыё і тэлебачання. Дзякуючы штодзённай карпатлівай працы сувязістаў, новыя тэхналогіі ў сферы інтэрактыўнай камунікацыі прыходзяць літаральна ў кожны дом. Гэта і лічбавае тэлебачанне, і хуткасны бесправадны інтэрнэт – у любы час сутак, раніцай або ноччу, мы можам “убачыцца” з сябрам, які жыве ў другім канцы зямнога шару… Крочыць у нагу з тэхнічнымі навінкамі можа ўжо большая палова насельніцтва нашага раёна.Напярэдадні прафесійнага свята мы завіталі ў раённы вузел электрычнай сувязі, каб бліжэй даведацца пра дзейнасць прадпрыемства, яго супрацоўнікаў і паслугі. А таксама пазнаёміць астраўчан з новым начальнікам РВЭС Сяргеем Міхайлавічам Хіневічам.
– Сяргей Міхайлавіч, наколькі мне вядома, на гэтай пасадзе вас зацвердзілі 1 студзеня бягучага года. Скажыце, калі ласка, гэта было чаканай падзеяй або навагоднім сюрпрызам?
– Па праўдзе, я чакаў гэтага і нават рыхтаваўся. Па-першае, штодзённай працай, па-другое – прафесійным развіццём і ўдасканальваннем. Мяне рыхтавала да гэтага і кіраўніцтва. У мінулым годзе ад Міністэрства сувязі я атрымаў падзячнае пісьмо. Пагэтаму пасада начальніка Астравецкага РВЭС стала для мяне хутчэй чаканым прызначэннем.
– З якой пасады вы пачыналі сваю працоўную дзейнасць?
– Пасля заканчэння Мінскага вышэйшага каледжа сувязі я пачынаў працаваць электрамеханікам на АТС у Астраўцы. Праз два гады стаў старшым электрамеханікам, затым быў прызначаны начальнікам участка абслугоўвання станцыйнага абсталявання. Пасля Астраўца быў накіраваны ў Ашмянскі раённы вузел электрычнай сувязі, дзе на працягу трох гадоў працаваў намеснікам начальніка. Увогуле ў сувязі я ўжо больш за 10 гадоў.
– Вы пайшлі па слядах свайго бацькі Міхаіла Уладзіслававіча і з 2014 года змянілі яго на пасадзе начальніка Астравецкага РВЭС. Ваша дарога ў сувязь адбылася пад уплывам бацькі, была прадвызначана з дзяцінства або стала ўласным выбарам?
– З дзяцінства мне прасцей і лягчэй даваліся тэхнічныя навукі. І бацька часта браў мяне з сабой на работу. Тады на АТС было шмат абсталявання, якое займала ўвесь трэці паверх будынка і палавіну другога. А зараз усё змяшчаецца ў адным пакоі.
– Тое, што вы змянілі бацьку, напэўна, накладвае дадатковыя патрабаванні ў першую чаргу да сябе. Вы раўняецеся на ранейшага кіраўніка ці плануеце ісці сваім шляхам?
– Бацька для мяне з’яўляецца ідэалам, на які я ўвесь час імкнуся раўняцца. І гэта тычыцца не толькі прафесійнай дзейнасці. Я раўняюся на яго як на працаўніка, кіраўніка, сем’яніна і бацьку.
– Ці хацелі б вы, каб вашы дзеці таксама абралі дарогу ў сувязь і каб дынастыя астравецкіх сувязістаў Хіневічаў працягвалася?
– Канешне. Прафесія цікавая, дынамічная і пастаянна развіваецца. Кожны год з’яўляецца нешта новае. Часу сумаваць не стае: трэба паспяваць крочыць у нагу з навінкамі.
– Падзяліцеся планамі на будучыню. Магчыма, збіраецеся нешта мяняць у дзейнасці прадпрыемства або будзеце прытрымлівацца ранейшага курсу?
– У хуткім часе плануем пашырыць спектр паслуг, каб не пакрыўдзіць нашых абанентаў у маленькіх населеных пунктах раёна. Таксама плануецца пашырэнне тэхналогіі xPON, якая ахопіць не толькі кватэрныя мікрараёны, але і прыватны сектар.
– Якія яшчэ навінкі даступны вашым абанентам?
– Сваім абанентам мы прадстаўляем дастаткова шырокі спектр паслуг – гэта не толькі інтэрнэт і інтэрактыўнае тэлебачанне. Знаходзячыся ў любой кропцы Беларусі, маючы пад рукой інтэрнэт або ТВ, можна аплаціць камунальныя паслугі, страхоўку і іншыя плацяжы.
Прыкладна 80% Астраўца пакрыта home wi-fi, пагэтаму любы абанент можа падключыцца да інтэрнэту. Гэта тычыцца і вялікіх вёсак – Варнян, Міхалішак, Вароны, Альхоўкі. Варта заўважыць, што і прыдарожны сэрвіс забяспечаны бесправадным інтэрнэтам.
У новых дамах у першым і другім мікрараёнах уведзены новыя тэхналогіі – “аптычныя”. Каля 400 абанентаў з навабудоўляў падключаны да іх. Бліжэй да восені аптычнае валакно з’явіцца і ў мікрараёне Валадарскага. Але, на жаль, пакуль што немагчыма забяспечыць усімі “навінкамі” невялікія населеныя пункты.
З 2015 года ў Астраўцы з’явіцца эфірнае тэлебачанне ZALА. Варта заўважыць, што пакет доступу будзе тым жа, што і ў ZALА, але тэлебачанне будзе бесправадным, а колькасць даступных тэлеканалаў перавысіць шэсцьдзясят.
– Вядома, што не толькі паслугі і абаненты з’яўляюцца рухаючай сілай прадпрыемства, але і яго работнікі. Якую тактыку ў кіраванні вы выбіраеце?
– Калектыў Астравецкага раённага вузла электрычнай сувязі невялікі. 50% яго – маладыя спецыялісты. Аднак усе сувязісты – прафесіяналы ў сваёй справе. У кіраванні я хутчэй прытрымліваюся заахвочвання і ўспрымаю сваіх работнікаў у першую чаргу ў якасці калег, а затым ужо – як падначаленых.
Напярэдадні прафесійнага свята мне б хацелася нагадаць прозвішчы лепшых спецыялістаў: інжынера группы тэхнічных сродкаў эксплуатацыі Людмілы Генадзьеўны Гібадулінай, спецыяліста па маркетынгу Надзеі Леанідаўны Сухарэўскай, спецыяліста па продажу Веранікі Францаўны Гражуль, кабельшчыка-спайшчыка 6 разраду Анатоля Мікалаевіча Сяргея.
Хочацца пажаць усім, для каго 7 мая больш, чым проста дата ў календары, дабрабыту ў жыцці і кар’ернага росту. Заставацца беражлівымі як у рабоце, так і ў адносінах да калег, і заўсёды прыходзіць ім на дапамогу ў праблемнай сітуацыі.
– Дзякуй за размову – і з прафесійным святам!
-----------------------------------------
Размаўляла Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.




