Островецкие школьники успешно выступили на областной олимпиаде
Пяць дыпломаў і дзве граматы заваявалі на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды юныя алімпіёнікі з нашага раёна.На працягу першага вучэбнага тыдня 14 школьнікаў з сярэдняй школы №1, гімназіі №1 г. Астраўца і Падольскага НПК абаранялі гонар раёна на абласным этапе рэспубліканскіх алімпіяд, якія праходзілі ў Гродне.
Лепшых вынікаў дасягнула Вікторыя Сідаровіч з гімназіі №1. Дзесяцікласніца выступала на алімпіядзе па грамадазнаўству – і атрымала Дыплом І ступені. У алімпіядзе па гэтым прадмеце Вікторыя ўдзельнічала ўпершыню, але разам са сваім педагогам Ганнай Мар'янаўнай Алёхна дасягнула добрых вынікаў.
Дыпломы ІІ ступені прывезлі гімназісткі Ангеліна Пятровіч, якая выступала на алімпіядзе па хіміі (настаўнік Таццяна Анатольеўна Круглікава), і Вераніка Анімуцкая па нямецкай мове (настаўнік Ніна Рыгораўна Свіла), а таксама вучаніца СШ №1 Маргарыта Шаўчэнка, якая абараняла гонар школы і раёна на алімпіядзе па рускай мове (настаўнік Тэрэса Рамуальдаўна Рудзінская і настаўнік-трэнер Таццяна Вадзімаўна Берняковіч).
Дыплом ІІІ ступені атрымала на абласной алімпіядзе па матэматыцы гімназістка Віялета Шаўліс (настаўніца Галіна Мікалаеўна Ражко).
Двое школьнікаў – вучаніца СШ №1 Ксенія Марцінчык (настаўнік Зоя Рыгораўна Куркуль) і Аляксандра Папкова з Падольскага НПК (настаўнік Тамара Іосіфаўна Качкан) адзначаны граматамі на алімпіядах па рускай і беларускай мовах адпаведна.
Па выніках выступленняў у абласную зборную для ўдзелу ў рэспубліканскіх алімпіядах трапілі Вікторыя Сідаровіч, Ангеліна Пятровіч і Маргарыта Шаўчэнка.
Віншуем школьнікаў і іх педагогаў з удалым выступленнем!
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
