Островецкие школьники успешно выступили на областной олимпиаде
Восем дыпломаў і тры граматы прывезлі з абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды астравецкія школьнікі.Наша газета ўжо паведамляла, што па выніках абласнога рэйтынгавага адбору 15 юных астравецкіх алімпіёнікаў трапілі на абласную алімпіяду. А на працягу тыдня з 11 па 15 студзеня таленавітыя і адораныя дзеці Астравеччыны абаранялі яе гонар на прадметных алімпіядах па грамадазнаўству, хіміі, фізіцы, астраноміі, геаграфіі, матэматыцы, нямецкай, англійскай, рускай і беларускай мовах – і многія вярнуліся з Гродна з узнагародамі.
Так, найлепшыя вынікі прадэманстравала астравецкая каманда па грамадазнаўству. Гімназістка-адзінаццацікласніца Вікторыя Сідаровіч вярнулася з Гродна з Дыпломам І ступені. Дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджана дзесяцікласніца гімназіі №1 Ангеліна Мельгуй, а Аліцыя Кусойць, якая таксама прадстаўляла астравецкую гімназію, атрымала грамату. Варта адзначыць, што ўсіх гэтых вучняў падрыхтавала Ганна Мар’янаўна Алёхна.
Два дыпломы трэцяй ступені прывезлі астраўчане з алімпіяды па хіміі – імі ўзнагароджаны адзінаццацікласніца Ангеліна Пятровіч і дзесяцікласніца Юлія Багушэвіч з гімназіі №1 (педагог – Таццяна Анатольеўна Круглікава).
Дзесяцікласнік СШ №1 Дзмітрый Краўцоў удзельнічаў у алімпіядзе па англійскай мове – яго старанні і веды былі адзначаны граматай (настаўнік – Ларыса Іванаўна Шаўчэнка).
У алімпіядзе па беларускай мове прымала ўдзел дзевяцікласніца з Міхалішкаўскай школы Васіліса Сяргей – дзяўчына таксама адзначана Граматай (педагог – Наталля Валянцінаўна Ярмак).
Адзінаццацікласнік-гімназіст Андрэй Малочка, які ўдзельнічаў у алімпіядзе па геаграфіі, прывёз з Гродна Дыплом І ступені.
Гонар Астравецкага раёна на алімпіядзе па фізіцы абараняла адзінаццацікласніца з СШ №1 Лізавета Клімчэня – і зрабіла гэта на Дыплом ІІІ ступені (настаўнік – Уладзімір Іосіфавіч Барысевіч, трэнер – Галіна Віктараўна Внуковіч).
Яшчэ адзін вучань Галіны Віктараўны Внуковіч – адзінаццацікласнік-гімназіст Артур Петрулевіч удзельнічаў у алімпіядзе па астраноміі – у юнака таксама Дыплом ІІІ ступені.
На алімпіяду па нямецкай мове ездзіла адзінаццацікласніца-гімназістка Вераніка Анімуцкая. Дзяўчына таксама прадэманстравала трывалыя веды, за што і была ўзнагароджана Дыпломам ІІ ступені (настаўніца Ніна Рыгораўна Свіла).
Віншуем юных астраўчан і іх педагогаў з удалым выступленнем. Так трымаць!
Алена ЯРАШЭВІЧ.
