Островецкие школьники стали финалистами областного конкурса фотографий
1
Фатаграфіяй можа заняцца кожны – было б жаданне і гаджэт, не абавязкова прафесіянальны, галоўнае – знайсці сюжэт. Хтосьці робіць новамоднае сэлфі, нехта на тэлефон здымае ўсё, што бачыць – і часам атрымліваюцца нядрэнныя здымкі. А сапраўдныя аматары фотамастацтва доўга знаходяцца ў пошуках цікавага, адметнага. І кожны, зрабіўшы ўдалы кадр, абавязкова хоча падзяліцца сваёй творчай знаходкай і атрымаць ацэнку.Конкурс юных фотааматараў нядаўна праходзіў у Гродна – арганізатары прапанавалі дзецям зрабіць фотаздымкі, у якіх адлюстроўвалася б прыгажосць і непаўторнасць пейзажаў, дзівосы расліннага і жывёльнага свету і нават працэс правядзення навуковых даследванняў.
У выніку да Гродна “даляцела” аж 586 фотаздымкаў – але толькі 40 з іх выйшлі ў фінал. Прыемна, што сярод іх – і астраўчане. Навучэнцы Аляксандры Дзмітрыеўны Юрчык, якія займаюцца ў гуртку “ФОТАнова” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, сталі пераможцамі ў намінацыях “Дзівоснае побач” і “Беларусь сінявокая”. Рустам Пупал узнагароджаны Дыпломам I ступені за фотаздымак вавёркі, а Сямён Сямашка – Дыпломам II ступені за фотаздымак астравецкага пейзажу.Жадаем надалейшага творчага погляду і нестандартных рашэнняў у фотамастацтве!
Рыта ДРЭМА.
Фота з архіва Астравецкага ЦТДіМ.
