Островецкие школьники продемонстрировали свои таланты на районном этапе республиканского смотра-конкурса детского творчества
Раённы этап трэцяга рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Прывітанне, свет!» прайшоў у Астраўцы.Яго ўдзельнікамі сталі больш за 100 таленавітых школьнікаў рознага ўзросту і дзевяць творчых калектываў, якія прадставілі на суд журы і гледачоў 37 творчых нумароў у розных намінацыях. Школьнікі прадэманстравалі свае таленты ў вакальнай, тэатральнай і харэграфічнай творчасці і ўменні ствараць прыгожыя рэчы ў намінацыі «Тэатр моды».
Найбольшая колькасць удзельнікаў заявіла пра сябе ў намінацыі «Вакальная творчасць» – рабяты прадставілі 16 нумароў. Народныя і патрыятычныя песні на беларускай і рускай мовах, цудоўны вакал і артыстызм – кожны стараўся праявіць сябе. Найлепш гэта атрымалася ў Вікторыі Дзянісавай з СШ №2, Дар'і Крывіцкай (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі), Сняжаны Безляповіч (Гудагайская СШ) і ў трыа дзяўчат з гімназіі №1 Веранікі Бяляўскай, Ганны Пазлевіч і Інгі Ган – менавіта гэтыя школьнікі прадставяць Астравеччыну на занальным этапе конкурсу.
Нямала нумароў прадставілі вучні і ў намінацыі «Тэатральная творчасць»: 16 школьнікаў вынеслі на суд журы і гледачоў уменне выдатна чытаць мастацкія творы на беларускай і рускай мовах. А пераможцамі па найбольшай колькасці балаў былі прызнаны Артур Дэнюш з Рытанскага НПК, які чытаў верш Рыгора Барадуліна «Бацьку», і вучні Спондаўскай школы Вольга Бабіч, Мар'ян Васілеўскі, Мікіта Кушлевіч, Уладзімір Ствол і Надзея Стамкоўская, якія ігралі на сцэне «А раніцы ўжо не было» Ніла Гілевіча.Лідзіруючае месца ў харэаграфіі заняў танцавальны калектыў Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Нон-стоп». Эстрадны танец «Стан душы», пастаноўкай якога займалася Наталля Янкоўская, атрымаў найвышэйшы бал.
У намінацыі «Тэатр моды», удзельнікамі якой сталі калектывы з Варнянскага НПК, гімназіі №1 г. Астравец і Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, роўных не было «Залатому вернісажу», які прадставіў вясеннюю калекцыю ўбораў з паперы і прыроднага матэрыялу. Менавіта выхаванцы цэнтра творчасці разам са сваім кіраўніком Валянцінай Вільеўнай Віннічак прадстаўлялі наш раён у гэтай намінацыі на занальным этапе рэспубліканскага конкурсу, які 5 лютага прайшоў ў Ашмянах.---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
