Островецкие школьники представили свои исследования на научно-практической конференции "Путь к успеху"
Штогадовая навукова-практычная канферэнцыя “Шлях да поспеху”, удзельнікамі якой сталі каля пяцідзесяці школьнікаў, прайшла ў СШ №2 г. Астравец.Работы астравецкіх школьнікаў не раз былі адзначаны дыпломамі розных ступеняў абласных і нават рэспубліканскіх конкурсаў. І сёлетняя канферэнцыя яшчэ раз пацвердзіла, што ў раёне падрастаюць сапраўдныя даследчыкі.
Папярэдне ва ўсіх школах раёна прайшлі школьныя канферэнцыі, і іх пераможцы сталі ўдзельнікамі раённага мерапрыемства. Юныя даследчыкі выступалі па секцыях, а іх работы судзіла строгае журы, у склад якога ўвайшлі настаўнікі з розных школ раёна. Лідарамі па колькасці прадстаўленых работ былі гімназісты, якія вынеслі на суд журы 17 даследаванняў, і гудагайскія школьнікі – яны прадставілі пяць работ. Менавіта гімназісты і гудагайцы, а таксама прадстаўнікі сярэдніх школ №1 і №2, Варонскага і Варнянскага НПК, Міхалішкаўскай, і Альхоўскай школ заваявалі найбольшую колькасць дыпломаў.
Самая маладая аўдыторыя даследчыкаў сабралася ў секцыі пачатковых класаў. Але менавіта гэта пасяджэнне прайшло найбольш цікава і займальна. Што толькі не даследавалі малодшыя школьнікі: дзейнасць дрожжаў, асаблівасці будовы караблёў, пухіры ў бутэлечцы, гульні дзяцей розных пакаленняў і нават стварэнне крыжаванак з дапамогай канструктара інтэрактыўных заданняў! А самую цікавую распрацоўку, на думку раённага журы, прадставіў гімназіст Дзмітрый Філістовіч, які стварыў і даследаваў электрычную батарэйку з агародніны і фруктаў.
Не менш цікавыя работы падрыхтавалі юныя гісторыкі, якія даследавалі шкодныя дасягненні цывілізацыі і іх уплыў на чалавека, стварылі дэмаграфічны партрэт вучня, а таксама прааналізавалі дзейнасць нашага слыннага земляка Казіміра Сваяка. Шмат работ школьнікі з секцыі гісторыі прысвяцілі 70-годдзю Вялікай Перамогі – яны даследавалі дзейнасць савецкіх партызан і Арміі Краёвай, апісалі Кямелішкі ў гады фашысцка-нямецкай акупацыі. А Дар’я Касцюк прайшлася партызанскімі сцяжынкамі дзеда Міхася. Пераможцай жа стала варнянская школьніца Паліна Магадзя, якая ўзнавіла гісторыю пошты ў Варнянах.Пастараліся і юныя філолагі. Юнакі і дзяўчаты аналізавалі падлеткавы слэнг, сімвалы і традыцыі Пасхі ў Брытаніі і Беларусі. Звярнуліся школьнікі і да нашчадкаў Пушкіна, якія жывуць за мяжой, а таксама разгледзелі творчыя работы таленавітых людзей Астравеччыны. А дыплом І ступені атрымала гімназістка Дар’я Юцкевіч, якая даследавала ролю англіцызмаў у мясцовым перыядычным друку.
Астравецкія фізікі, якія ў гэтым годзе ўжо “засвяціліся” на абласным турніры, не падвялі і на раённай канферэнцыі. Першае месца падзялілі гімназістка Віялета Шаўліс, якая вывучала характарыстыкі дыму на прыкладзе свечкі, і школьнік з Альхоўкі Яўген Пазлевіч з даследаваннем “Небяспечная лінза”.
Былі ўзнагароджаны дыпломамі юныя біёлагі і хімікі. Лепшымі з іх сталі гімназісткі Паліна Багушэвіч, Юлія Багушэвіч і Ганна Мядэкша, якія на працягу некалькіх месяцаў вывучалі рост і развіццё плесневых грыбоў.
– Сённяшнюю канферэнцыю можна лічыць святам навукі: яе ўдзельнікі прадэманстравалі вынікі свайго самастойнага пошуку ў вырашэнні розных задач, – упэўнена загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Трэйгіс. – Хоць, канешне, вялікая заслуга ва ўсім гэтым настаўнікаў, таму што менавіта яны накіроўваюць юных даследчыкаў на правільны шлях .
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Аліны БАНІЦЭВІЧ.
