Островецкие школьники перед серьёзным выбором: кем быть?

Гэтае пытанне рана ці позна паўстае ў жыцці кожнага чалавека. І кожны вырашае яго сам ці з дапамогай бацькоў. І вельмі шкада, калі з часам прыходзіць усведамленне, што ты апынуўся не там, дзе хацелася.

Штогод раённы аддзел адукацыі для выпускнікоў базавых і сярэдніх школ арганізоўвае і праводзіць своеасаблівы “Кірмаш прафесій”. І сёлетні год таксама не стаў выключэннем.
На “Кірмаш прафесій” запрасілі вучняў 9-11 класаў з усіх школ раёна, на сустрэчу з імі прыехалі прадстаўнікі сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў.


– Новы час дыктуе свае ўмовы. Сёлета на рынку працы адчуваецца недахоп высокакваліфікаваных спецыялістаў-рабочых спецыяльнасцей – рабочыя прафесіі неабходны на прадпрыемствах усёй краіны, у тым ліку і ў нашым раёне.  Кожны выпускнік павінен знайсці сваё месца, а для гэтага неабходна вызначыцца з выбарам. Гэта і было асноўнай мэтай арганізаванага намі мерапрыемства, – расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч. – Мы пастараліся зацікавіць школьнікаў рабочымі спецыяльнасцямі, расказаць ім, што пасля заканчэння тэхнікумаў, ліцэяў, каледжаў таксама можна паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы і атрымаць вышэйшую адукацыю.


Аднак анкетаванне, якое аддзел адукацыі правёў сярод старшакласнікаў і іх бацькоў, толькі пацвердзіла той факт, што большасць выпускнікоў школ адразу ж хочуць атрымліваць вышэйшую адукацыю. Так, амаль 48% апытаных школьнікаў, якія вучацца ў 9-11 класах, адказалі, што будуць пасля школы паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, 15% – у прафесійна-тэхнічныя, амаль 24% – у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Астатнія школьнікі плануюць прадоўжыць навучанне ў школе ці ўладкавацца на працу. У той час, як амаль 70% бацькоў хацелі б, каб дзеці пасля заканчэння школы прадоўжылі навучанне ў вышэйшых навучальных установах. Прычым 43% апытаных бацькоў згодны аплачваць навучанне сваіх дзяцей у ВНУ.
На сустрэчу да рабят і іх бацькоў, якія таксама ўдзельнічалі ў “Кірмашы прафесій”, прыехалі прадстаўнікі Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, Смаргонскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя, Ашмянскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага каледжа, Смілавічскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, а таксама супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Астравецкага райвыканкама Вольга Станіславаўна Субаткевіч, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Галіна Іосіфаўна Тумашчык, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вадзім Барысавіч Келін.
Сёлета прадстаўнікі навучальных устаноў прыехалі з цікавымі агітбрыгадамі, выступленні якіх расказалі пра паступленне і навучанне ў прэзентаваных установах.
Прыняла ўдзел у прафарыентацыйным мерапрыемстве і навучэнка Смілавічскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Марына Шанчук, ураджэнка з нашага раёна. На сустрэчы са старшакласнікамі дзяўчына не толькі паведаміла пра ўмовы паступлення і вучобу ў каледжы, але і раздала ўсім жадаючым рэкламныя буклеты пра гэтую ўстанову.


– Ужо некалькі гадоў запар мы, акрамя такіх традыцыйных сустрэч, практыкуем выезды нашых вучняў у розныя сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы. Толькі за гэты год школьнікам удалося наведаць ліцэі і каледжы ў Смаргоні, Навагрудку, Ашмянах, Мінску, – расказвае Наталля Вікенцьеўна. – Калі выехаць не атрымалася, старшакласнікам прапануем наведаць сайт аддзела адукацыі, на якім створана рубрыка “Прафарыентацыйная работа” – тут можна знайсці карысную і цікавую інфармацыю, якая датычыцца выбару прафесіі і паступлення. Дарэчы, абнаўляецца яна пастаянна.


За больш чым дзве гадзіны школьнікі атрымалі шмат інфармацыі пра самыя розныя навучальныя ўстановы і спецыяльнасці, правілы паступлення і баўленне вольнага часу. Але рашэнне заўсёды застаецца за самім чалавекам. Толькі будучым абітурыентам давядзецца вырашаць, кім быць і якім быць, каб прыносіць карысць грамадству і роднай краіне. З сабой дзеці павезлі вялікую колькасць раздатачных матэрыялаў пра розныя навучальныя ўстановы, якія дапамогуць ім вызначыцца з выбарам будучай прафесіі.


Фота з сайта begemot-trade.ru.