Островецкие школьники играли "в войну"
Штогод у маі ў раёне праходзіць спартыўна-патрыятычная гульня “Зарніца”, на якую збіраюцца вучні розных школ раёна.Сёлета ў правядзенні гэтай цікавай і захапляльнай гульні адбыліся змены. Па-першае, змяніўся ўзрост удзельнікаў: прадэманстраваць ваенна-спартыўныя навыкі запрасілі школьнікаў ва ўзросце 12-14 гадоў. А па-другое, адбыліся змены і ў праграме іспытаў. Арганізатарамі сёлетняй “Зарніцы” сталі аддзел адукацыі, спорту і турызму, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, раённы савет грамадскага аб’яднання БРПА і райкам ГА БРСМ, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Астравецкая раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, раённы аддзел унутраных спраў, райваенкамат і аддзел пагранічнай службы “Гудагай”.
А прадэманстраваць ваенна-спартыўныя навыкі ў Астравец прыехалі каманды з гімназіі №1 і СШ №1, Гервяцкай, Міхалішкаўскай і Гудагайскай школ і Варнянскага НПК.
На цырымоніі адкрыцця ваенізаваных спаборніцтваў рабят прывіталі старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт, які ўспомніў сваю “зарніцу”: у той час, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён якраз быў аднаго ўзросту з падлеткамі, што сабраліся на гульню, – і галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Міхайлаўна Апановіч.
Хвілінай маўчання была ўшанавана памяць тых, хто загінуў падчас вайны на палях баёў – і гульня пачынаецца.
Спачатку рабят чакаў агляд строю. Неабходна было прадэманстраваць не толькі маршыроўку, але і выкананне каманд і страявой песні. На гэтым этапе журы ўдзяляла ўвагу і форме, у якой выйшлі на конкурс удзельнікі. Лепш за ўсё з першым заданнем справіліся гудагайскія школьнікі, другое месца ў каманды “Зубры” з СШ №1, трэцяе журы прысудзіла варнянскім удзельнікам.
На жаль, неба, якое спачатку толькі палохала хмарамі, што пакрысе закрывалі сонейка, усё ж вырашыла прагнаць рабят – пачаўся дождж. Ды толькі гэта не напалохала юных спартсменаў – гульню вырашылі прадаўжаць.
Камандам давялося прадэманстраваць веды ў віктарыне “Старонкі гісторыі нашай Айчыны”. 25 пытанняў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне і партызанскаму руху, піянерам-героям і сучаснай беларускай арміі – адказваць трэба было не толькі правільна, але і хутка. Максімальную колькасць балаў на гэтым этапе набралі варнянскія школьнікі, крыху адсталі ад іх гімназісты – яны другія, на трэцім месцы – вучні з Міхалішкаўскай школы.
У конкурсе “Снайпер” трапную стральбу па мішэнях дэманстравалі і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Тытул самых меткіх удзельнікаў быў прысуджаны канкурсантам з СШ №1 і гімназіі №1.
“Алімпійскі залік”, які ўключаў бег на 100 і 1000 метраў, падцягванне, падыманне тулава і скачкі ў даўжыню з месца з-за дрэннага надвор’я вырашана было скараціць. Рабяты беглі толькі дзве дыстанцыі – на 100 і 800 метраў. На гэтым этапе 12 максімальных балаў набрала каманда “Пульс” з Міхалішак. Другое месца падзялілі Гудагайская школа і Варнянскі НПК. На трэцім аказаліся таксама дзве каманды – СШ №1 і гімназія №1.
“Бяспека на вуліцах і дарогах” – так называўся наступны этап, арганізатарам якога выступіў аддзел дзяржаўтаінспекцыі аддзела ўнутраных спраў. Рабяты не толькі рашалі білеты, але і дэманстравалі майстэрства язды на веласіпедзе. Лепшымі ў гэтым спаборніцтве аказаліся гудагайскія школьнікі, другое месца заняла каманда “Надзея” з Гервят, трэцяе – СШ №1.
Запланавана было і творчае заданне – выпуск баявога лістка “Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца”. Лісткі атрымаліся рознапланавымі і цікавымі. Ажно тры каманды падзялілі паміж сабой першае месца – Варняны, Міхалішкі і Гервяты, другое месца журы аддало Гудагаю, СШ №1 і гімназіі №1.
А вось другі творчы нумар – выкананне патрыятычнай песні, гэтаксама, як і самы цікавы этап “Зарніцы” – “паласу перашкод” – з-за дажджу ўсё ж адмянілі.
І ўсё ж вынікі гульні былі падведзены. Найбольш балаў набрала каманда “Арляня” Гудагайскай школы – рабяты сталі першымі. Другі вынік у Міхалішкаўскай школы, “бронза” дасталася варнянскім школьнікам. Пераможцы і прызёры гульні ў падарунак атрымалі не толькі дыпломы, але і прызы ад аддзела адукацыі, спорту і турызму – турыстычныя палаткі. Падарункамі і дыпломамі былі ўзнагароджаны і пераможцы кожнага этапа гульні.
У рамках гульні праводзіўся і завочны конкурс “Памяць”: піянерскія дружыны дэманстравалі работу, прымеркаваную да важнай гістарычнай даты – 70-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Лепшымі на гэтым этапе сталі піянеры з Гервяцкай школы – у падарунак рабяты атрымалі спальны мяшок.
А каманда “Арляня” Гудагайскай школы ў чэрвені прадставіць наш раён на абласной спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарніца”.
-----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Івана ДЗЯТЛОВІЧА.
