Островецкие школьницы - победители и призёры областного этапа республиканской олимпиады - рассказали о том, как они готовились к олимпиаде
Яны таленавітыя і актыўныя, вясёлыя і ўніклівыя. Вучоба і веды для іх заўсёды стаяць на першым месцы. І толькі потым – гульні і забавы. Яны – пераможцы і прызёры прадметных алімпіяд абласнога этапу, якія вучацца ў сярэдняй школе №1 горада Астраўца.Сёлета вучні СШ №1 на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды заваявалі два дыпломы і адну грамату. Мы пацікавіліся, як “алімпійцы” рыхтаваліся да алімпіяды і перамагалі на ёй.
Маргарыта Шаўчэнка – пераможца абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове
На вучобу Маргарыта была нацэлена з ранняга дзяцінства. У другім класе, калі настаўніца пачала школьнікам задаваць заданні на дом, Маргарыта спадзявалася, што выконваць іх будзе дапамагаць мама. Аднак мама, якая таксама працуе настаўніцай, “урокаў” мела больш, чым дачка. І таму заўсёды і ўсё дзяўчынка рабіла самастойна і старанна. І з пачатковых класаў Маргарыта вучылася толькі на “10” і “9”.
У алімпіядным руху дзяўчына таксама з дзяцінства. Як толькі ў школьнікаў з’явілася магчымасць прадэманстраваць свае веды – а было гэта яшчэ ў трэцім класе, – Маргарыта з задавальненнем стала ўдзельнічаць у алімпіядных выпрабаваннях.
За гэты час яна неаднаразова станавілася пераможцай алімпіяд па матэматыцы, беларускай і рускай мовах. Але ў сёмым класе дзяўчына вызначыла, што бліжэй за ўсё ёй руская мова.
– Асноўная прычына такога выбару заключаецца ў тым, што цэнтралізаванае тэсціраванне па рускай мове патрэбна пры паступленні ва ўсе навучальныя ўстановы, – дзеліцца дзяўчына.
Другі год запар Маргарыта атрымлівае на абласным этапе Дыплом І ступені. У мінулым годзе яна спрабавала свае сілы на рэспубліканскім узроўні. Але не заладзілася. Нягледзячы на гэта, амаль адразу яна стала рыхтавацца да наступнай алімпіяды.
Сёлета ў дзяўчыны зноў з’явілася магчымасць заявіць пра сябе на рэспубліканскай алімпіядзе – менавіта Дыплом І ступені на абласным этапе адкрыў ёй дарогу “на рэспубліку” – на заключны этап алімпіяды, які ў сакавіку пройдзе ў Брэсце.
– Перад алімпіядай я моцна хвалявалася: хацелася пацвердзіць сваю рэпутацыю і яшчэ раз даказаць, што я не выпадковы пераможца, – расказвае Маргарыта. – У алімпіядзе па рускай мове тры туры. І толькі на адным з іх – лінгвістычная работа – неабходна прадэманстраваць веды па рускай мове. Два іншыя этапы – водгук і вуснае выступленне – больш завязаны на ўменні выказаць свае думкі, і таму яны больш суб’ектыўныя ў ацэньванні. І падчас удзелу ў іх вельмі важна настроіцца на добры лад, сабрацца з думкамі і прадэманстраваць, на што ты здольны.
Удзельнічаць у алімпіядах дзяўчыне падабаецца. Сёння Маргарыта старанна рыхтуецца да рэспубліканскага этапу: а гэта штодзённыя заняткі з педагогамі – дапамагаюць ёй у гэтым настаўніца рускай мовы СШ №1 Тэрэса Рамуальдаўна Рудзінская і настаўнік-трэнер з гімназіі №1 Таццяна Вадзімаўна Берняковіч – і самастойная работа дома.
– На пачатку майго “алімпіяднага жыцця” я займалася з Вольгай Чаславаўнай Хацяновіч – менавіта яна “падагрэла” маю цікавасць да рускай мовы. А потым у мяне з’явілася новая настаўніца. Трэба сказаць, што мае настаўнікі мяне вельмі добра разумеюць і падтрымліваюць, таму вучоба прыносіць толькі радасць. Рыхтавацца да алімпіяды складана і ў той жа час цікава, – лічыць Маргарыта. – За час, што праводзіш у пошуку новых цікавых кніг па прадмеце, даведваешся многа новага.
Маргарыта сур’ёзна займаецца музыкай, іграе на скрыпцы, танцуе.
Падабаецца дзяўчыне прафесія настаўніка. Праўда, адносіны грамадства да яе выклікаюць супярэчлівыя пачуцці. І таму дзяўчына марыць звязаць сваё будучае жыццё з іншай дзейнасцю, у якой, аднак, абавязкова знойдзецца месца для любімай рускай мовы.
Вікторыя Фёдарава – уладальніца Дыплома ІІІ ступені на абласной алімпіядзе па хіміі
Хто з нас не марыў хутчэй пайсці ў школу? Марыла пра гэта і маленькая дзяўчынка Віка, якая кожную раніцу ішла разам з мамай у дзіцячы садок каля сярэдняй школы №1. Школу дзяўчынка таксама бачыла з акна кватэры. Тут некалі вучыліся мама і цёця Вікі. І таму дзяўчына таксама пайшла ў СШ №1. І сёння ўпэўнена, што тут працуюць самыя лепшыя прафесіяналы-настаўнікі і вучацца таленавітыя дзеці.
Віка вельмі любіць вучыцца. З пачатковых класаў яна выдатніца. А яшчэ – актыўная ўдзельніца прадметных алімпіяд па рускай мове, матэматыцы, хіміі і біялогіі.
У мінулым годзе дзяўчынка прадэманстравала трывалыя веды на алімпіядзе ажно па трох прадметах: матэматыцы, хіміі і біялогіі. Праўда, прайсці рэйтынгавы адбор і трапіць на абласную алімпіяду не атрымалася – не хапіла некалькіх балаў. Але гэта не спыніла дзяўчыну. Яна выбрала хімію і працягвала займацца са сваёй настаўніцай Наталляй Валер’еўнай Філіпавай, а таксама стала хадзіць на дадатковыя заняткі ў гімназію №1 да Віталія Тадэвушавіча Стаціны.
І мары ажыццявіліся: сёлета дзяўчына не толькі стала пераможцам раённай алімпіяды, але і прайшла “на вобласць”. Займацца давялося яшчэ больш сур’ёзна. Тэорыю засвойвала ў сваёй школе, а на практыку хадзіла ў гімназію №1 да Таццяны Анатольеўны Круглікавай.
– Я задаволена сваім выступленнем. Напрыклад, за практычнае заданне набрала 29 балаў з 30 магчымых. А вось з тэарэтычнай часткай мне крыху не пашанцавала: правільна выканала крыху больш паловы прадастаўленых заданняў. Шкада, што да дыплома ІІ ступені мне не хапіла ўсяго трох балаў, – расказвае Вікторыя. – Вельмі прыемна, што побач з намі ў Гродне быў былы педагог гімназіі №1 Віталій Тадэвушавіч Стаціна. Ён вельмі нас (у алімпіядзе прымала ўдзел і былая выхаванка В.Т. Стаціны, дзевяцікласніца гімназіі №1 Ангеліна Пятровіч, якая заваявала Дыплом І ступені – аўт.) падтрымліваў. І гэта дапамагала.
Галоўным для Вікторыі было не проста перамагчы на алімпіядзе, а перамагчы сябе.
– Я разумею, што пакуль да рэспубліканскага ўзроўню я не дарасла, але зраблю ўсё магчымае, каб апраўдаць спадзяванні, якія на мяне ўскладаюць настаўніца і мама, – выказвае патаемнае жаданне Віка.
Лізавета Клімчэня, вучаніца 9 класа СШ №1, атрымала на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы Пахвальную грамату
Ліза, як і большасць тых, для каго вучоба стаіць на першым месцы, у алімпіядах таксама ўдзельнічала з пачатковых класаў. Прычым таксама па розных прадметах. А фізікай сур’ёзна захапілася ў восьмым класе. Тады дзяўчынка заняла другое месца на раённай алімпіядзе. І гэта надало стымул.
І Ліза разам з настаўніцай фізікі СШ №1 Людмілай Чаславаўнай Корвель адразу ж пачалі рыхтавацца да наступнай алімпіяды.
На гэты раз вынікі раённай алімпіяды парадавалі: дзяўчына заняла І месца ў раёне, але па балах атрымала Дыплом ІІІ ступені. Набраных балаў хапіла для таго, каб паўдзельнічаць у абласной алімпіядзе.
– Часта даводзілася заставацца пасля ўрокаў. Ды і дома таксама займалася. Але гэта не складана. Мне вельмі хацелася заявіць пра сябе на вобласці – і, лічу, што гэта ў мяне атрымалася, – расказвае Ліза. – Шкада, што да Дыплома трэцяй ступені мне не хапіла ўсяго трох балаў.
У наступным годзе Ліза пад кіраўніцтвам Людмілы Чаславаўны Корвель зноў збіраецца штурмаваць Алімп. І таму ўжо сёння больш часу яны стараюцца ўдзяліць любімаму прадмету, які, лічыць дзяўчына, ёй спатрэбіцца і ў будучыні – Ліза збіраецца стаць праграмістам.
А сёння вольны час, калі такі выдаецца, яна прысвячае музыцы, маляванню і, канешне, сваім сябрам, з якімі дзяўчына катаецца на роліках і веласіпедах, зімой бавіць час на катку. І нягледзячы на занятасць і загружанасць, Ліза паспявае і вучыцца, і адпачываць.
Вось такія яны розныя – і ў той жа час вельмі падобныя. Падобныя сваёй мэтанакіраванасцю, працавітасцю і таленавітасцю.
