Островецкие кадеты принимали присягу

У гэтым навучальным годзе на базе дзвюх устаноў нашага раёна – СШ №1 Астраўца і Гудагайскай СШ – былі адкрыты кадэцкія класы. Вучні з гарадской школы сталі займацца пры падтрымцы раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, а гудагайскія школьнікі наладзілі адукацыйны працэс з дапамогай аддзела пагранічнай службы «Гудагай».

А 23 лютага кадэты Гудагайскай школы сталі галоўнымі героямі ўрачыстай цырымоніі прыняцця прысягі.


– Гэта далёка не першы факт арганізацыі ў нашай рэспубліцы ваенна-патрыятычных класаў. І не арганізаваць такі клас у прыгранічным раёне, тым больш пад бокам аддзела пагранічнай службы “Гудагай”, было б няправільна, – гаворыць начальнік аддзела прафесійна-службовай падрыхтоўкі Смаргонскай пагранічнай групы А.А. Грачанік. – І тое, што сёння кадэты прынялі прысягу, таксама вельмі важна. Не толькі для саміх рабят, але і для тых, хто прысутнічаў у гэтай зале.


Гэта ўжо не першы вопыт адкрыцця ваенна-патрыятычнага класа ў гэтай школе. Амаль пяць гадоў назад тут ужо быў створаны падобны клас – тады ўрачыстую клятву кадэта далі 18 школьнікаў. Пазней трое з іх звязалі сваё жыццё з ваеннай службай – зараз вучацца ў ваенных установах.
Адзін з былых кадэтаў ваенна-патрыятычнага класа Яўгеній Анішчук звязаць сваё жыццё з ваеннай службай марыў з дзяцінства. Сёння ён заканчвае вучобу ў Ваеннай акадэміі. А яго малодшы брат Вадзім таксама вырашыў стаць кадэтам.


– Сёння я прачнулася з дваістымі пачуццямі, – гаворыць маці гэтых юнакоў Валянціна Казіміраўна Анішчук. – З гонарам і ў той жа час хваляваннем за старэйшага сына, які сёння праходзіць практыку ў Пінскай пагранічнай групе. І з думкамі пра малодшага. Сёння ў яго жыцці таксама адказны момант. Вымавіць словы клятвы так, каб яны не засталіся проста словамі, а ператварыліся ў добрыя справы і ўчынкі – гэта не так проста.


Да знамянальнай падзеі 24 юнакі і дзяўчыны рыхтаваліся некалькі месяцаў. За гэты час была пашыта ваенная форма, рабяты старанна засвойвалі навыкі ваеннай службы, адпрацоўвалі атрыманыя тэарэтычныя веды на практыцы. І ўсё ж хваляванне не пакідала іх. Яно і зразумела – на мерапрыемства прыйшлі не толькі вучні і настаўнікі школы, бацькі кадэтаў, але і шаноўныя госці.
І вось вучні ваенна-патрыятычнага класа пад кіраўніцтвам ваеннага кіраўніка Д.С. Салаўя ўрачыстым маршам заходзяць у залу. Падымаецца Дзяржаўны сцяг нашай краіны, гучыць гімн у выкананні аркестра Смаргонскай пагранічнай групы. Дырэктар школы Г.М. Капцюг звяртаецца да кадэтаў з наказам – і аддае загад аб прыняцці прысягі.
Гэтае ўрачыстае права даецца намесніку ваеннага камісара, маёру Д.А. Клімчэню і ваенкіраўніку ваенна-патрыятычнага класа, старшаму лейтэнанту Д.С. Салаўю.
Гучаць словы прысягі, ад хвалявання і перапоўненасці пачуццямі дрыжыць голас рабят. Усё пасапраўднаму: і словы ваеннага кіраўніка “Да прыняцця прысягі прыступіць”, і словы рабят “Служу Рэспубліцы Беларусь”, і віншавальныя акорды аркестра.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы Астравецкага райвыканкама К.Л. Лянкевіч, старшыня Гудагайскага сельскага Савета М.І. Безляповіч, намеснік ваеннага камісара Д.А. Клімчэня, начальнік аддзела сацыякультурнай дзейнасці Смаргонскай пагранічнай групы С.М. Паўлаў, начальнік аддзела прафесійна-службовай падрыхтоўкі Смаргонскай пагранічнай группы А.А. Грачанік, часова выконваючы абавязкі намесніка начальніка аддзела пагранічнай службы “Гудагай” па ідэалагічнай рабоце Д.С. Салавей, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Н.І. Станкевіч, дырэктар СШ №1 М.М. Кутовіч і вучні кадэцкага класа гэтай школы, маці цяперашняга кадэта Л.В. Кіткоўская, аркестр Смаргонскай пагранічнай групы – усе віншавалі рабят і жадалі быць сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны і з гонарам несці новае званне.
Пасля мерапрыемства прайшоў канцэрт аркестра Смаргонскай пагранічнай групы.
З гэтага дня ў кадэтаў пачалося новае жыццё, прысвечанае воінскай чэсці, добраму духу сяброўства, дысцыпліне і самаадданай любові і вернасці Радзіме.


------------------------------------------
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара