Островецкие кадеты побывали в гостях у слонимских

Пятнаццаць гадоў назад у Слоніме на базе СШ №9 па ініцыятыве падпалкоўніка Віктара Пензы быў створаны першы кадэцкі клас. Тады ў яго набралі 26 чалавек – і ў той жа год школа заключыла дагавор з Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь.

Сёння гэта ўжо вядомы ў нашай краіне і далёка за яе межамі Слонімскі кадэцкі корпус, у якім зараз навучаюцца 152 выхаванцы рознага ўзросту.
Школа вядома і тым, што спецыяльна пазнаёміцца з кадэтамі і іх жыццём прыязджаў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка.
Пазнаёміцца са сваімі аднагодкамі, выхаванцамі ваенна-патрыятычных класаў вырашылі гудагайскія кадэты – і разам са сваім ваенным кіраўніком Дзмітрыем Салаўём, адміністрацыяй школы і настаўнікамі, якія працуюць у гэтым класе, накіраваліся ў Слонім.
Сёння ў слонімскай школе цэлых дзевяць кадэцкіх класаў. Усе іх вучні ходзяць у спецыяльнай кадэцкай форме чорнага колеру з распазнавальнымі знакамі, якую набываюць бацькі, ездзяць на спаборніцтвы рознага ўзроўню, у тым ліку і ў Расію – і становяцца там пераможцамі. І ўсё гэта дзякуючы старанням юнакоў і дзяўчат і цеснаму супрацоўніцтву з воінскай часцю, якая базіруецца ў Слоніме.
Кожны кадэцкі класс сёння займаецца ў асобным памяшканні, якое, дзякуючы падтрымцы райвыканкама, абсталявана сучаснымі стэндамі і неабходнымі для арганізацыі навучальнага працэсу тэхнічнымі сродкамі. У кожным класе працуе вызвалены выхавальнік – гэтыя пасады займаюць ваенныя афіцэры, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку.
Пасля экскурсіі па школе слонімскія кадэты пазнаёмілі гудагайскіх “калег” з ваеннай амуніцыяй і зброяй розных гадоў, пачынаючы ад першай сусветнай вайны. У гудагайскіх кадэтаў была магчымасць не толькі палюбавацца гэтымі каштоўнымі экспанатамі, але і прымерыць іх, разабраць і сабраць аўтаматы.
У школе прайшла і сустрэча па валейболе паміж камандамі гудагайскіх і слонімскіх кадэтаў, якая закончылася перамогай дружбы.
Вучні і настаўнікі здзейснілі экскурсію па горадзе і наведалі Жыровіцкі манастыр, у якім захоўваецца цудатворны абраз Маці Божай Жыровіцкай.
Дзень праляцеў вельмі хутка. Але за гэты час рабяты і настаўнікі паспелі даведацца шмат новага, штосьці ўзяць сабе на ўзбраенне, а галоўнае – пасябраваць.


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.